1-я Кніга Макабэяў 2 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1У гэтыя дні паўстаў Матація, сын Ёана, сына Сімяона, святар з сыноў Ёарыба, з Ерузаліма, і ён жыў у Модзіне.

2Ён меў пяць сыноў: Ёана, празванага Гадзіс,

3і Сімона, празванага Тазі,

4і Юду, празванага Макабэем,

5і Элеазара, празванага Абаранам, і Ёнату, празванага Апфусам.

6І ён убачыў знявагі Бога, якія адбываліся ў Юдэі і ў Ерузаліме,

7і ён сказаў: «Гора мне! Чаму я нарадзіўся бачыць знішчэнне народа майго ды падзенне святога горада? І заселі там, каб выдаць яго ў рукі ворагаў, святыню – у рукі чужынцаў.

8Святыня стала, як чалавек без пашаны,

9пасудзіны славы яе забраны ў палон, малыя горада памардаваныя на вуліцах яго, юнакі яго пазабіваны мечам варожым.

10Які народ не займаў царства яго ды не рабаваў яго?

11Усе яго ўпрыгожанні зрабаваныя; калісьці свабодны народ стаў нявольнікам.

12І вось, святыня наша, і годнасць наша, і слава наша – спустошаны, ды зганьбілі іх пагане.

13Дык навошта нам жыццё?»

14І разарвалі шаты свае Матація і яго сыны, і апрануліся ў зрэбніцы, і горка плакалі.

15І ў горад Модзіну прыбылі пасланнікі цара, якія змушалі людзей да адступніцтва праз складанне ахвяр ідалам.

16І многа ізраэльцаў далучыліся да іх, і Матація і сыны яго сабраліся.

17І пасланнікі цара сказалі Матаціі: «Ты з’яўляешся кіраўніком, і выдатным, і вялікім у гэтым горадзе ды маеш апору ў сынах і сваяках.

18Цяпер прыступіся першы і выканай загад цара, як выканалі ўсе народы і людзі Юды, і тыя, якія засталіся ў Ерузаліме, то і ты, і твае сыны будзеце прыяцелямі цару, ды ты і сыны твае будзеце праслаўленыя срэбрам, і золатам, і многімі дарункамі».

19І ў адказ сказаў Матація моцным голасам: «Нават калі ўсе народы, прабываючыя ў доме царства, паслухаюць цара, і адступяцца кожны ад абраду бацькоў сваіх, і згадзяцца з загадамі яго, –

20то і я, і сыны мае, і сваякі мае будзем стаяць пры прымірэнні бацькоў нашых.

21Хай ласкавы будзе да нас Госпад, каб не пакінуць закону і апраўданняў;

22не паслухаем слоў цара, каб ад свайго абавязку не адступіцца ані ўправа, ані ўлева».

23І ледзь скончыў гаварыць гэтыя словы, як адзін юдэй на вачах усіх падышоў да ахвярніка ў Модзіне, каб ускласці ахвяру па загадзе цара.

24І ўбачыў гэта Матація, і ўзгарэўся руплівасцю, і задрыжэлі яго сцёгны; і, ахоплены гневам дзеля парушэння закону, падбег і забіў яго на ахвярніку.

25І забіў тады ж чалавека цара, які змушаў ускладаць ахвяры ідалам, і ахвярнік разбурыў;

26 Ліч. 25:6-15 і ўзгарэўся руплівасцю па законе, як учыніў Пінхас Замбры, сыну Саліма.

27І стаў моцным голасам крычаць у горадзе, кажучы: «Кожны, хто рупіцца пра закон і стаіць за прымірэнне, хай ідзе за мною».

28 2Мак. 5:27 І ён сам, і сыны яго ўцяклі ў горы і пакінулі ўсё, што мелі ў горадзе.

29Тады мноства людзей, якія хацелі жыць справядліва і законна, пайшлі ў пустыню і там прабывалі яны

30разам са сваімі дзецьмі, і са сваімі жонкамі, і са сваёй жывёлай, бо ўсякія беды зваліліся на іх.

31І паведамлена было людзям цара і войску, якія знаходзіліся ў Ерузаліме, горадзе Давіда, што людзі некаторыя, што не паслухаліся загаду цара, пайшлі ў пустыню, у патаемныя месцы.

32Ды шмат людзей пабегла за імі і, калі іх дагналі, накіраваліся супраць іх ды ў суботу распачалі супраць іх бой і казалі ім:

33«Хопіць ужо! Выходзьце і выканайце загад цара і будзеце жыць!»

34І яны казалі: «Не выйдзем і не споўнім загаду цара, і не апаганім дзень суботні».

35І тыя пачалі супраць іх ваяваць.

36І яны не ўспрацівіліся ім, ані ў іх каменя не кінулі і не загарадзілі сховішчаў,

37кажучы: «Памром усе ў шчырасці нашай, і сведкамі будуць нам неба і зямля, што несправядліва губіце нас».

38І тыя напалі на іх боем у дзень суботні; і загінулі яны самі, і іх жонкі, і іх дзеці, і жывёла іх, – аж да тысячы душ людзей.

39І даведаўся пра гэта Матація і сябры яго, і горка плакалі дзеля іх;

40і адзін казаў другому: «Калі ўсе мы так будзем рабіць, як нашы браты, ды не будзем ваяваць з паганамі за сваё жыццё і за нашы апраўданні, то тым хутчэй сатруць нас з паверхні зямлі».

41І рашылі ў той дзень, кажучы: «Супраць кожнага чалавека, які пойдзе на нас вайной у дзень суботні, будзем ваяваць супраць яго і не памром усе, як загінулі браты нашы ў патаемных месцах».

42Тады далучыўся да іх сход асыдэйцаў, мужных ізраэльцаў, усе яны верныя закону;

43і ўсе, што паўцякалі ад бед, далучыліся да іх і сталі ім апораю.

44І ўтварылі яны войска, і ў гневе сваім напалі на грэшнікаў і на адступнікаў; і іншыя ўцякалі да паганаў, каб вызваліцца.

45І Матація і яго сябры абышлі вакол і знішчылі ахвярнікі;

46і абрэзалі неабрэзаных дзяцей, дзе толькі знайшлі ў межах Ізраэля, нічога не баючыся.

47І пераследавалі сыноў пыхлівасці, і праца іх рук мела поспех;

48і абаранілі закон ад рук паганаў, і ад рук цароў, і не далі трыумфаваць грэшніку.

49І наблізіліся дні смерці Матаціі, і сказаў ён сваім сынам: «Цяпер умацавалася пыхлівасць, і кара, і час пераваротнасці, і абурэнне злосці.

50Цяпер, дзеткі, беражыце закон; ды аддавайце жыццё вашае за прымірэнне бацькоў вашых.

51І памятайце пра дзейнасць бацькоў, што яны зрабілі ў пакаленнях сваіх ды заслужыце вялікую славу і імя навек.

52 Род. 15:6 Ці ж Абрагам у выпрабаванні не аказаўся верным, і ці не залічана яму гэта за справядлівасць?

53 Род. 37:1-36; 39:1–41:57 Язэп у час гора свайго збярог прыказанне і стаў гаспадаром Егіпта.

54 Ліч. 25:10-13 Бацька наш Пінхас сваёю руплівасцю па Богу атрымаў абяцанне вечнага святарства.

55 Паўт. Зак. 31:3; Еш. 1:1-18 Ешуа за выкананне загаду стаў суддзёю Ізраэля.

56 Ліч. 13:31; 14:24 Калеб за пасведчанне перад сходам атрымаў зямлю ў спадчыну.

57 2Сам. 7:4-16 Давід за сваю міласэрнасць атрымаў у спадчыну на вечнасць пасад царскі.

58 1Цар. 19:10, 14; 2Цар. 2:11, 12 Ілля за вялікую руплівасць пра закон быў узяты ў неба.

59 Дан. 3:1-10 Ананія, Азарыя і Місаэль праз веру былі вызвалены ад полымя.

60 Дан. 6:1-28 Даніэль у сваёй шчырасці быў вызвалены з пашчы львоў.

61І так думкаю перайдзіце з роду ў род і пераканайцеся, што кожны, хто пакладае надзею ў Ім, не будзе падведзены.

62І не бойцеся пагроз грэшнага чалавека, бо слава яго – гэта гной і чарвякі;

63сёння ён узвысіцца, і заўтра знікне ён, бо абярнуўся ён у парахно сваё, і намеры яго прапалі.

64Дзеці, будзьце мужнымі і мужна трымайцеся закону, бо праз яго станеце слаўнымі.

65І вось, брат ваш – Сімон. Ведаю, што ён чалавек парады: яго слухайце заўсёды; ён будзе для вас бацькам.

66І Юда Макабэй з маладосці сваёй дужы мужнасцю, будзе для вас кіраўніком войска; і ён будзе ваяваць з народамі.

67Ды вы сабярыце да сябе ўсіх, што трымаюцца закону, і помсціце помстаю за народ ваш;

68адплачвайце належнае паганам і беражыце пастанову закону».

69І дабраславіў іх, і быў далучаны да сваіх бацькоў.

70І памёр ён у сто сорак шостым годзе; ды быў пахаваны ў грабніцах бацькоў сваіх у Модзіне. Увесь Ізраэль аплакаў яго з вялікім жалем.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help