Кніга Эзэкіэля Раздзел 22 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1І сказаў Госпад да мяне гэтыя словы:

2 Эзэк. 20:4 «І ты, сын чалавечы, ці хочаш судзіць? Ці хочаш выдаць прысуд крываваму гораду? І пакажы яму ўсе агіднасці яго,

3і кажы: гэта кажа Госпад Бог: “О горад, што пралівае ўласную кроў, каб гэтым наблізіць час свой, і што паставіў у сябе ідалаў, каб апаганіцца.

4Сваёй крывёю, што ты праліў, ты правініўся; і ідаламі сваімі, якіх паставіў, ты апаганіўся; і ты наблізіў дні свае і дайшоў да часу сваіх гадоў. Таму Я зраблю цябе ганьбай перад народамі ды пасмяяннем на віду ўсіх земляў.

5Суседзі і тыя, што жывуць далёка ад цябе, будуць смяяцца з цябе, горада, слаўнага нячыстасцю, поўнага звадак.

6Вось, кіраўнікі Ізраэля, кожны сваім чынам, у цябе пралівае кроў.

7 Вых. 20:12; 22:21, 22; Паўт. Зак. 5:16; 24:17 У цябе бацька і маці ў знявазе, у цябе пакрыўджаны чужынец, у цябе ў прыгнёце сірата і ўдава.

8 Святар. 19:30; 26:2 Святыні Мае ты зняважыў і зняславіў суботы Мае.

9У цябе былі паклёпнікі, каб праліваць кроў, і ў цябе елі яны на ўзгорках; і пасярод цябе дапусціліся злачынстваў.

10 Святар. 18:7-20 Сорам бацькі адкрылі ў цябе, у цябе зняважылі жанчыну ў пару нячыстасці яе;

11і адзін дапусціўся агіднасці з жонкаю блізкага свайго, і другі апаганіўся распустай з нявесткай сваёй; брат згвалтаваў сястру сваю, дачку бацькі свайго, у цябе.

12 Вых. 22:25; 23:8; Святар. 25:36, 37; Паўт. Зак. 16:19; 23:19; Эзэк. 18:13 У цябе прынялі падарункі, каб праліваць кроў, ты ўзяў працэнты і займаешся ліхвярствам, і дзеля карысці ўзвёў паклёп на блізкіх сваіх, і пра Мяне забыўся”, — кажа Госпад Бог.

13“Вось, Я ўдарыў у далоні Мае дзеля набытку несправядлівага твайго, які ты сабраў, ды з прычыны крыві, якая ў цябе пралілася.

14Ці вытрымае тваё сэрца або ці будуць рукі твае настолькі дужыя ў тыя дні, калі Я вазьмуся за цябе? Я, Госпад, сказаў гэта і зраблю;

15 Эзэк. 12:15 і рассыплю цябе паміж народамі чужымі, і расцярушу цябе па чужых землях, і прыму з цябе тваю нячыстасць.

16І Я вазьму цябе як уласнасць на вачах паганаў, і ты даведаешся, што Я — Госпад”».

17І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы:

18 Ярэм. 6:28 «Сын чалавечы, дом Ізраэля стаў для Мяне, як жужаль; усе яны — медзь, і срэбра, і жалеза, і свінец у печы; сталі яны жужалем».

19Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: «За тое, што ўсе вы сталі жужалем, вось за гэта Я збяру вас у сярэдзіне Ерузаліма,

20падобна як кладзецца разам у печы срэбра, і медзь, і жалеза, і свінец, і волава, каб распаліць у ёй агонь і расплавіць іх, так і вас Я збяру ў абурэнні Маім і лютасці Маёй, і пакладу вас і растаплю,

21і збяру вас, і распалю супраць вас агонь абурэння Майго, і вы будзеце растопленыя ў сярэдзіне яго.

22 Зах. 13:9; Мал. 3:3 Падобна, як срэбра плавіцца ў сярэдзіне печы, так і вы будзеце расплаўленыя ў сярэдзіне яго: і даведаецеся, што Я, Госпад, выліў на вас гнеў Свой».

23І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы:

24«Сын чалавечы, скажы яму: “Ты — зямля, на якую не ўпаў дождж, ані лівень у дзень абурэння,

25князі якой у яе сярэдзіне, як ільвы рыкаючыя, што расхапілі здабычу; яны пажралі душы, сабралі багацці і каштоўнасці, павялічылі лік удоў яе сярод яе.

26 Святар. 10:10; Эзэк. 44:23; Саф. 3:4 Святары яе парушылі законы Мае і апаганілі Мае святыні, не адрознівалі яны паміж святым і неасвячоным, і не навучыліся адрозніваць чыстае і нячыстае, і на суботы Мае закрылі вочы свае, і сярод іх Я меў знявагу.

27 Саф. 3:3 Князі яе сярод яе, як ваўкі, што раздзіраюць здабычу; яны разліваюць кроў, забіваюць людзей, каб атрымаць карысць несправядлівую.

28 Ярэм. 23:31; Эзэк. 13:6 А прарокі яе пакрылі для іх усё тынкам, абвяшчаючы прадказанні падманныя і абвяшчаючы ім прароцтвы фальшывыя, кажучы: “Гэта кажа Госпад Бог”, калі Госпад не гаварыў.

29Людзі гэтае зямлі чынілі гвалт і рабунак; крыўдзілі ўбогага і беднага, і беззаконна здзекаваліся з чужынца.

30 Эзэк. 13:5 І шукаў Я паміж іх чалавека, які паставіў бы мур і стаў бы ў праломе перада Мною, каб бараніць гэтую зямлю і перашкодзіць Мне ў знішчэнні яе, але не знайшоў такога.

31І выліў Я на іх гнеў Мой, у агні Майго абурэння вынішчыў іх, на галовы іх скінуў віну за іх учынкі”, — кажа Госпад Бог».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help