Кніга Эзэкіэля Раздзел 33 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы:

2«Сын чалавечы, гавары да сваіх землякоў і скажы ім: “Калі на нейкую зямлю Я навяду меч, і жыхары яе выберуць сярод сябе якога чалавека і паставяць яго сабе вартаўніком,

3і ён убачыць, што меч прыходзіць на зямлю, і ў трубу затрубіць, і перасцеражэ народ,

4але нехта, хоць чуе гук трубы, не ўсцеражэцца, і меч надыдзе і заб’е яго, то кроў яго будзе на галаве яго;

5гук трубы ён пачуў і не ўсцярогся; дык хай кроў яго будзе на ім самім. Калі, аднак, перасцярогу прыме, то збавіць сваю душу.

6Калі, аднак, вартаўнік убачыць, што прыходзіць меч, і не патрубіць у трубу, і народ не ўсцеражэцца, ды прыйдзе меч і заб’е кагосьці з іх, дык гэты апошні быў забраны ў сваёй злачыннасці, але кроў яго ўскладу Я на вартаўніка”.

7 Эзэк. 3:17-19 Цябе ж, сын чалавечы, вызначыў Я на вартаўніка для дому Ізраэля. Дык ты, чуючы з вуснаў Маіх перасцярогу, перасцеражэш іх у Маё імя.

8Калі Я бязбожніку скажу: “Бязбожнік, ты смерцю памрэш”, а ты нічога не скажаш, каб адвесці бязбожніка ад яго дарогі, то сам бязбожнік памрэ ў сваёй злачыннасці, але адказнасць за яго кроў Я ўскладу на руку тваю.

9Калі, аднак, перасцеражэш ты бязбожніка, каб адступіў ад сваіх дарог, і ён не адвернецца ад сваёй дарогі, ён сам памрэ ў злачыннасці сваёй, але ты вызваліў душу сваю.

10Такім чынам, ты, сын чалавечы, кажы дому Ізраэля: “Вы, прамаўляючы, кажаце так: “Правіннасці нашы і грахі нашы ляжаць на нас, і мы дзеля іх марнеем; дык як зможам жыць?”

11 Эзэк. 18:23, 32 Скажы ім: “Жыву Я, — кажа Госпад Бог, — не хачу смерці бязбожніка, але каб адвярнуўся бязбожнік ад дарогі сваёй і жыў. Адвярніцеся, адвярніцеся ад дарог сваіх найгоршых; і чаму маеце прападаць, дом Ізраэля?”»

12Такім чынам, ты, сын чалавечы, скажы землякам сваім: «Справядлівасць справядлівага не ўратуе яго, калі ён зграшыць, бязбожнасць бязбожніка не загубіць яго, калі ён адвернецца ад сваёй бязбожнасці, і справядлівы не зможа застацца пры жыцці і ў справядлівасці сваёй, калі ён зграшыць.

13Нават калі скажу справядліваму: “Напэўна будзеш жыць”, і ён, упэўнены ў сваёй справядлівасці, дапусціцца злачыннасці, то ўжо не будзе памяці пра ўсю яго справядлівасць, ды дзеля злачыннасці, якой дапусціўся, мусіць ён у ёй памерці.

14А калі я скажу бязбожніку: “Смерцю памрэш”, а ён адвернецца ад граху свайго і пачне пільнаваць закон і справядлівасць:

15аддасць заклад гэты бязбожнік і зверне, што нарабаваў, будзе жыць паводле законаў, што дае яму жыццё, не будзе дапускацца ніякае ліхоты, то, напэўна, застанецца ён пры жыцці і не памрэ;

16ніводзін з дапушчаных ім грахоў не будзе яму залічаны: хадзіў ён паводле закону і справядлівасці, дык застанецца пры жыцці.

17 Эзэк. 18:25 І кажуць твае землякі: “Несправядлівая дарога Госпада”, і іх дарога несправядлівая.

18Калі бо справядлівы адвернецца ад справядлівасці сваёй і будзе дапускацца злачыннасцей, то памрэ ў іх;

19і калі бязбожнік адвернецца ад сваёй бязбожнасці і будзе пільнаваць закон і справядлівасць, дзякуючы гэтаму будзе жыць.

20 Эзэк. 18:25; 32:19; Мц. 16:27; Рым. 2:6 І вы кажаце: “Несправядлівая дарога Госпада”. Я буду судзіць кожнага з вас, дом Ізраэля, паводле ўчынкаў яго».

21 2Цар. 25:3-10; Ярэм. 39:2-8; 52:4-14 І сталася ў адзінаццатым годзе ад перасялення нашага, у дзесятым месяцы, у пяты дзень гэтага месяца, прыбыў да мяне ўцякач з Ерузаліма з весткаю: «Горад захоплены».

22А супачыла на мне рука Госпада вечарам перад прыбыццём уцекача; і адкрыў Ён мне вусны, перш чым той прыйшоў да мяне раніцай, і калі мае вусны адкрыліся, не быў я ўжо нямы.

23І прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы:

24«Сын чалавечы, жыхары гэтых руін у зямлі Ізраэльскай кажуць, прамаўляючы: “Абрагам быў адзін і атрымаў ва ўласнасць зямлю, нас жа многа, нам дадзена была зямля ў спадчыну”.

25 Паўт. Зак. 12:23 Дзеля таго скажы ім: гэта кажа Госпад Бог: “Вы ясце з крывёй, і падымаеце вочы свае на сваіх ідалаў, і праліваеце кроў, і вы хацелі б валодаць зямлёю ў спадчыну?

26Вы паўсталі з мечамі вашымі, дапусціліся агіднасцей, і кожны з вас апаганіў жонку блізкага свайго, і вы будзеце валодаць зямлёю ў спадчыну?”

27Гэта скажы ім: вось што кажа Госпад Бог: “Жыву Я, тыя, што ў руінах жывуць, загінуць ад меча, і тыя, хто жыве на полі, тых аддам дзікім звярам на здабычу, а тыя, хто жыве ў крэпасцях ды ў пячорах, памруць ад заразы.

28І зраблю Я зямлю пустыняй і пустэчаю, і яе пыха і вялікасць скончацца, і горы Ізраэля будуць бязлюдныя, так што ніхто там не будзе хадзіць;

29 Эзэк. 32:15 ды даведаюцца, што Я — Госпад, калі Я зраблю зямлю пустыняй і пустэчаю дзеля ўсіх агіднасцей іх, якіх яны дапусціліся”.

30І ты, сын чалавечы! Сыны народа твайго, якія гавораць пра цябе пры мурах і брамах дамоў і гавораць адзін да аднаго, кожны да брата свайго, кажучы: “Хадзіце і паслухайце, што гэта за слова, якое выходзіць ад Госпада”,

31і прыходзяць да цябе, як быццам на сход народа, і сядзіць перад табою народ Мой; і слухаюць яны словы твае, і не выконваюць іх, бо робяць яны тое, што прыемнае ў вуснах іх, і сэрца іх цягнецца да прагавітасці іх.

32І ты для іх — як песня пра каханне, бо яна спяваецца прыгожым голасам і з прыемным гукам струн, і слухаюць яны словы твае, і не выконваюць іх.

33І калі споўніцца тое, што прадказана — а яно ўжо прыходзіць, — тады даведаюцца, што прарок быў між імі».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help