Кніга Лічбаў Раздзел 4 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1І сказаў Госпад Майсею і Аарону, кажучы:

2«Аддзялі паміж сыноў Леві сыноў Кагата, усю іх лічбу па родах і сем’ях іх

3ад трыццаці гадоў і вышэй да пяцідзесяці гадоў, усіх здольных да таго, каб стаяць і служыць у палатцы сустрэчы.

4Гэта служба сыноў Кагатавых у палатцы сустрэчы: рэчы найсвяцейшыя.

5Калі патрэбна будзе зняцца з лагера, хай Аарон і сыны яго ўвойдуць і здымуць пакрывала, што вісіць перад дзвярыма, і хай накрыюць ім каўчэг сведчання;

6зноў пакладуць пакрывала са шкур сініх і над ім хай нацягнуць тканіну, усю з гіяцынту, і хай прасунуць яны жэрдкі.

7Хай таксама стол хлябоў пакладных накрыюць тканінаю фіялетаваю і хай паставяць на ім чары і фіялы, кіяфы і кратэры для здзяйснення ўзліванняў; і хлябы хай будуць на ім заўсёды.

8І хай пакладуць зверху тканіну пунсовую, а потым хай накрыюць яе пакрывалам са шкур сініх і хай прасунуць жэрдкі.

9Хай яны возьмуць і тканіну фіялетавую і хай накрыюць ёю падсвечнік разам з лямпамі і шчыпцамі яго, і са шчыпцамі для зняцця нагару, і з усімі пасудзінамі для алею, якія неабходны для стварэння лямпаў,

10і хай гэта накрыюць пакрывалам са шкур сініх, і хай пакладуць на насілы.

11І хай на залаты ахвярнік пакладуць тканіну фіялетавую і накрыюць яго пакрывалам са шкур сініх і хай пакладуць на насілы.

12Усе прыналежнасці, патрэбныя да службы ў святыні, хай накрыюць тканінай фіялетаваю; і хай пакладуць зверху пакрыццё са шкур сініх, і хай прасунуць жэрдкі.

13Але хай ачысцяць ахвярнік ад попелу і накрыюць яго пурпуровым пакрывалам.

14І пакладуць на яго ўсе пасудзіны, якімі карыстаюцца яны ў час іх службы, гэта значыць: попельніцы, вілкі, і вугальныя лапаткі, і чары. Усе прыналежнасці ахвярніка хай таксама накрыюць пакрывалам са шкур сініх і хай прасунуць жэрдкі.

15І калі ў час зняцця з лагера Аарон і сыны яго пакрыюць святыню і ўсе прыналежнасці яе, тады падыдуць сыны Кагата, каб пакрытае несці, і хай не дакранаюцца да каўчэга сведчання, каб не памерлі. Такія вось абавязкі сыноў Кагата ў палатцы сустрэчы.

16Элеязэр, сын Аарона святара, хай рупіцца аб алеі на асвятленне, і аб найпрыемнейшым пахучым курэнні, і аб ахвяры, якая заўсёды ўчыняецца, і аб алеі намашчэння, і аб усім, што толькі патрэбна для служэння ў скініі, і аб усіх прыналежнасцях, што ў святыні».

17І казаў Госпад Майсею і Аарону, гаворачы:

18«Не згубіце сям’ю Кагата сярод грамады левітаў,

19але зрабіце для іх гэта, каб жылі і не паміралі, калі будуць набліжацца да найсвяцейшых рэчаў: Аарон і сыны яго хай прыйдуць і самі вызначаць кожнаму яго занятак; і хай падзеляць, што кожны павінен несці.

20Няхай самі не ўваходзяць у святыню ані на хвіліну, каб паглядзець; бо будуць пакараны смерцю».

21І казаў Госпад Майсею, гаворачы:

22«Палічы таксама сыноў Гэрсона па сем’ях, пакаленнях і родах іх;

23палічы ўсіх ад трыццаці гадоў і вышэй аж да пяцідзесяці гадоў, усіх здатных да службы, каб выконвалі работу ў палатцы сустрэчы.

24Вось такі абавязак пакаленняў Гэрсона; што яны будуць рабіць:

25каб яны насілі пакрывалы скініі, палатку сустрэчы, яе пакрыццё, а таксама пакрыццё са шкур сініх, і пакрыццё, што вісіць ля ўваходу ў палатку сустрэчы,

26пакрывалы панадворка і пакрывала ля ўваходу ў панадворак, што знаходзіцца вакол скініі і ахвярніка, вяроўкі і ўсе прыналежнасці для службы, што былі зроблены, каб працаваць з імі.

27На загад Аарона і сыноў яго павінны праходзіць ўсе службы сыны Гэрсона і павінны ведаць усе, што кожнаму даручана.

28Такі абавязак сыноў Гэрсона ў палатцы сустрэчы; і хай будуць яны пад наглядам Ітамара, сына Аарона святара.

29Палічы таксама сыноў Мэрары па пакаленнях і сем’ях бацькоў іх,

30ад трыццаці і вышэй — аж да пяцідзесяці гадоў, усіх здатных да выканання службы сваёй і для службы ў палатцы сустрэчы.

31Гэта іх абавязкі: насіць дошкі скініі і яе жэрдкі, слупы і іх падножжы,

32таксама слупы панадворка з усіх бакоў з падножжамі, і калкамі, і вяроўкамі іх; усе пасудзіны і рэчы хай палічаць і носяць такім чынам.

33Такі абавязак пакаленняў Мэрары і служба ў палатцы сустрэчы; і хай будуць яны пад наглядам Ітамара, сына Аарона святара».

34Такім чынам Майсей, і Аарон, і князі супольнасці палічылі сыноў Кагата па пакаленнях і сем’ях бацькоў іх,

35ад трыццаці гадоў і вышэй — аж да пяцідзесяці гадоў, усіх здатных да спаўнення службы ў палатцы сустрэчы;

36і было налічана іх дзве тысячы семсот пяцьдзесят.

37Гэта лік пакаленняў сыноў Кагата, што служаць у палатцы сустрэчы. Іх палічылі Майсей і Аарон па загадзе Госпада, дадзеным праз Майсея.

38Палічаны былі таксама сыны Гэрсона па пакаленнях і сем’ях бацькоў іх,

39ад трыццаці гадоў і вышэй — аж да пяцідзесяці гадоў, усе здатныя да спаўнення службы ў палатцы сустрэчы;

40і было налічана іх па пакаленнях і сем’ях бацькоў іх дзве тысячы шэсцьсот трыццаць.

41Гэта лік пакаленняў сыноў Гэрсона, усіх, хто служыць у палатцы сустрэчы, якіх палічылі Майсей і Аарон па загадзе Госпада.

42Былі палічаны таксама пакаленні сыноў Мэрары па родах і сем’ях бацькоў іх,

43ад трыццаці гадоў і вышэй — аж да пяцідзесяці гадоў, усе здатныя да спаўнення службы ў палатцы сустрэчы;

44і было налічана тры тысячы дзвесце.

45Гэта лік пакаленняў сыноў Мэрары, якіх палічылі Майсей і Аарон па загадзе Госпада, дадзеным праз Майсея.

46Усіх, хто быў палічаны ад левітаў і каго палічылі пайменна Майсей, і Аарон, і князі Ізраэля па родах і сем’ях бацькоў іх

47ад трыццаці гадоў і вышэй — аж да пяцідзесяці, здатных да спаўнення службы ў скініі і да выканання абавязкаў у палатцы сустрэчы,

48было налічана восем тысяч пяцьсот восемдзесят.

49Па загадзе Госпада, дадзеным Майсею, ён палічыў іх, і кожнага — па занятку і абавязках яго, як загадаў Госпад Майсею.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help