1Якуб таксама адышоў дарогаю, якую распачаў, — і перанялі яго анёлы Божыя.
2Калі ён убачыў іх, сказаў: «Гэта лагер Божы», і гэтае месца назваў Маханаім.
3І выправіў ён перад сабой пасланцоў да Эзава, брата свайго, у зямлю Сэір, у мясцовасць Эдом.
4І загадаў ён ім, кажучы: «Так скажыце гаспадару майму Эзаву: “Гэта кажа паслугач твой Якуб: “Як вандроўнік, заставаўся я аж да сённяшняга дня ў Лабана.
5Маю валоў і аслоў, авечак, паслугачоў і паслугачак. І выпраўляю цяпер пасольства да гаспадара майго, каб знайсці ласку перад абліччам тваім”».
6І вярнуліся пасланцы да Якуба, і сказалі: «Прыбылі мы да Эзава, брата твайго, а вось жа ён спяшаецца насустрач табе з чатырмастамі людзьмі».
7Спалохаўся вельмі Якуб і, напужаны, падзяліў народ, які з ім быў, і статкі таксама, і авечак, і валоў, і вярблюдаў на два лагеры.
8І казаў: «Калі Эзаў прыйдзе да аднаго лагера і паб’е яго, то другі лагер, які застанецца, будзе ўратаваны».
9 Род. 31:3, 13 І сказаў Якуб: «Бог бацькі майго Абрагама і Бог бацькі майго Ізаака, Госпад, Які сказаў мне: “Вярніся ў зямлю сваю і ў месца нараджэння свайго, і Я буду апекавацца табою!”
10Я не настолькі варты ўсякай міласцівасці і вернасці ўсякай, якою забяспечваеш Ты паслугача Свайго. З палкаю сваёй я перайшоў Ярдан гэты, а цяпер вяртаюся з двума лагерамі.
11Вырві мяне ад рукі брата майго, ад рукі Эзава, бо я вельмі баюся яго; каб часам, прыйшоўшы, не забіў ён маці з дзецьмі.
12 Род. 13:16; 22:17; 28:14 А Ты казаў, што будзеш аказваць мне дабро і пашырыш патомства маё, як пясок марскі, які дзеля вялікасці не можа быць палічаны».
13І прачакаў ён там тую ноч, і ўзяў з таго, што меў, падарункі Эзаву, брату свайму:
14дзвесце коз, дваццаць казлоў, дзвесце авечак і дваццаць бараноў,
15трыццаць вярблюдзіц дойных разам з вярблюдзянятамі, сорак кароў і дзесяць быкоў, дваццаць асліц і дзесяць іх аслянят,
16і перадаў у рукі паслугачоў сваіх кожны статак паасобку, і сказаў рабам сваім: «Ідзіце перада мною, і хай будзе прамежак паміж кожным статкам».
17І загадаў ён тым, што ішлі наперадзе, кажучы: «Калі спаткаеш брата майго Эзава, і ён запытае цябе: “Чый ты і куды ідзеш?” і “Чыё гэта, за якім ты ідзеш?”,
18то ты адкажаш: “Паслугача твайго Якуба. Ён паслаў дары гаспадару свайму Эзаву. І сам ён ідзе за намі”».
19Падобны загад даў ён другому, і трэцяму, ды ўсім, якія ішлі са статкамі, кажучы: «Падобнымі словамі кажыце Эзаву, калі спаткаеце яго,
20і дадасцё: “І ён, паслугач твой Якуб, ідзе дарогаю за намі”». І сказаў ён: «Улагоджу яго дарамі, якія мне папярэднічаюць, а потым убачу аблічча яго; можа, будзе ласкавы да мяне».
21Так вось папярэдзілі яго дары, а ён сам застаўся ў тую ноч у лагеры.
22А калі ўстаў раніцай, узяў дзвюх жонак сваіх і дзвюх іх нявольніц з адзінаццаццю дзецьмі і перайшоў бродам Ябок.
23І, узяўшы і пераправіўшы іх і ўсё, што яму належала, праз ручай,
24 Ос. 12:3, 4 застаўся ён сам адзін. І вось, Нехта дужаўся з ім аж да раніцы.
25І калі Той убачыў, што не можа яго перамагчы, дакрануўся да сустава сцягна яго, і тут жа быў вывіхнуты сустаў сцягна ў Якуба, калі ён дужаўся з Ім.
26І сказаў Той: «Пусці Мяне, бо ўжо ўзышла зараніца». Адказаў: «Не пушчу Цябе, пакуль не дабраславіш мяне».
27Той кажа яму: «Якое імя тваё?» Адказаў: «Якуб».
28 Род. 35:10 А Той кажа: «Ніколі ўжо больш не будзе называцца імя тваё Якуб, але Ізраэль, бо змагаўся ты з Богам і людзей перамагаць будзеш!»
29 Суд. 13:17, 18 І запытаўся ў Яго Якуб: «Скажы мне, якім імем называешся?» Адказаў: «Чаму пытаешся пра імя Маё?» І дабраславіў яго ў тым самым месцы.
30І Якуб назваў тое месца імем Пэнуэль, кажучы: «Бачыў я Бога тварам у твар, і збераглася душа мая».
31І паднялося над ім сонца, калі ён праходзіў Пэнуэль. А ён накульгваў на сцягно сваё.
32З гэтае прычыны сыны Ізраэля не ядуць жылу, якая на сцягне, аж да сённяшняга дня, таму што закрануў жылу сцягна Якуба.
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
