1 Паўт. Зак. 3:12-22 Сыны ж Рубэна і Гада мелі многа жывёлы. Калі яны ўбачылі зямлю Язэр і Галаад, прыдатныя на гадоўлю быдла,
2прыйшлі яны да Майсея, і Элеязэра, і кіраўнікоў супольнасці і сказалі ім:
3«Атарот, Дыбон, Язэр, Нэмра, Хесебон, Элеале, Сабам, Наба і Бэон, —
4зямля, якую Госпад ударыў у прысутнасці супольнасці Ізраэля, край найураджайнейшы, прыдатны для гадоўлі жывёлы, і мы, паслугачы твае, маем вельмі многа жывёлы».
5І далей казалі: «Калі мы знайшлі ласку ў цябе, дай гэтую зямлю паслугачам сваім ва ўласнасць, не пераводзь нас за Ярдан».
6Адказаў ім Майсей: «Няўжо, калі браты вашы пойдуць ваяваць, вы тут будзеце сядзець?
7Чаму вы стрымліваеце сэрцы сыноў Ізраэля, каб не мелі яны адвагі перайсці ў зямлю, якую ім мае даць Госпад?
8 Ліч. 13:17-33 Ці не так зрабілі бацькі вашы, калі паслаў я іх з Кадэс-Барнэ выведаць зямлю?
9Калі дайшлі яны аж да даліны Нэгэлескал, выведаўшы ўвесь той край, стрымалі яны сэрцы сыноў Ізраэля, каб не ішлі ў зямлю, якую прызначыў ім Госпад.
10 Ліч. 26:65 Ліч. 14:26-35 І Госпад, узгарэўшыся гневам, прысягнуў, кажучы:
11 Род. 50:24; Ліч. 14:23 “Не ўбачаць гэтыя людзі, што выйшлі з Егіпта, дваццаці гадоў і вышэй, зямлі, якую Госпад пад прысягай абяцаў Абрагаму, Ізааку і Якубу; бо не пажадалі Мяне слухаць,
12апрача Калеба, сына Ефоны, кенэзея, і Ешуа, сына Нуна, бо яны слухалі Госпада!”
13І, узгневаўшыся на Ізраэля, Госпад вадзіў яго па пустыні сорак гадоў, пакуль не вымерла ўсё пакаленне, якое рабіла зло перад абліччам Госпада.
14Вось, і вы, род ліхіх людзей, як і бацькі вашы, узбунтаваліся, каб павялічыць гнеўнае абурэнне Госпадава на Ізраэль.
15Калі зноў не пажадаеце слухаць Яго, зноў будзе Ён вадзіць вас па пустыні вакол і вы будзеце прычынай гібелі ўсіх».
16А яны падышлі бліжэй да яго і сказалі: «Мы пабудуем загарадзі для статкаў нашых і гарады для дзяцей нашых;
17а самі, узброеныя і падпяраэзаныя, пойдзем ваяваць перад сынамі Ізраэля, пакуль не ўвядзём іх у іх мясціны. Дзеці нашы будуць жыць у гарадах, абмураваных дзеля падкопаў ад жыхароў зямлі гэтай.
18Не вернемся мы ў дамы нашы, пакуль не завалодаюць сыны Ізраэля сваёй ўласнасцю;
19і мы не будзем шукаць нічога за Ярданам або далей, бо ўжо маем сваю ўласнасць на ўсходнім беразе Ярдана».
20Майсей адказаў ім: «Калі ўчыніце так, як вы сказалі, калі будзеце дзеля Госпада гатовыя да бою
21і калі кожны мужчына-змагар, узброены, пяройдзе Ярдан, аж пакуль Госпад не выганіць ворагаў Сваіх перад Сабою,
22і па авалоданні ўсёй гэтаю зямлёй вернецеся вы ў гэтую зямлю, тады не будзеце вінаватыя перад Госпадам і перад Ізраэлем і возьмеце гэтую зямлю ва ўласнасць перад Госпадам.
23А калі тое, што кажаце, не споўніце, вы, несумненна, зграшыце перад Госпадам; і ведайце, што грэх ваш знойдзе вас.
24Дык будуйце гарады дзецям вашым і загарадзі для авечак, і тое, што абяцалі, споўніце».
25І сыны Гада і Рубэна сказалі Майсею: «Мы, паслугачы твае, зробім усё, што загадвае гаспадар наш:
26нашы дзеці, жанчыны, статкі і ўючная жывёла застануцца ў гарадах Галаадскіх;
27а паслугачы твае, усе ўзброеныя, пойдуць перад абліччам Госпада на вайну, як загадваеш ты, гаспадар наш».
28 Еш. 1:12-15 Дык Майсей загадаў святару Элеязэру, і Ешуа, сыну Нуна, і кіраўнікам родаў усіх пакаленняў Ізраэля
29і сказаў ім: «Калі сыны Гада і сыны Рубэна разам з вамі пяройдуць раку Ярдан, усе ўзброеныя, каб перад абліччам Госпада ваяваць, і вы завалодаеце зямлёю, дайце ім Галаад ва ўласнасць.
30А калі не пажадаюць разам з вамі, узброеныя, ісці ў зямлю Ханаан, хай атрымаюць месцы для пасялення паміж вас».
31І сыны Гада і сыны Рубэна адказалі: «Як загадаў Госпад паслугачам Сваім, так зробім.
32Узброеныя, самі пойдзем перад абліччам Госпада ў зямлю Ханаан; і возьмем уласнасць нашую за Ярданам».
33Такім чынам, даў Майсей сынам Гада і Рубэна і палове пакалення Манасы, сына Язэпа, царства Сэгона, цара амарэяў, і царства Ога, цара Басана, зямлю з гарадамі яе і межамі, гарады яе, што навокал.
34І пабудавалі сыны Гада Дыбон, Атарот, Араэр,
35Атрот-Сафан, Язэр і Егбаа,
36і Бэтнэмру і Бэтаран, абмураваныя гарады, і загарадзі для сваіх статкаў.
37Сыны ж Рубэна будавалі Хесебон, Элеале і Карыятаім,
38Нэба, Баал-Мэон, змяніўшы іх назвы, а таксама Сабаму, даючы назвы гарадам, якія адбудавалі.
39А сыны Махіра, сына Манасы, пайшлі ў Галаад і занялі яго, выгнаўшы амарэяў, што жылі ў ім.
40Дык даў Майсей Галаад Махіру, сыну Манасы, які і абжыўся ў ім.
41 1Пар. 2:22 Яір жа, сын Манасы, пайшоў і заняў мястэчкі амарэяў, якія назваў Гавот Яір.
42Нобэ таксама выйшаў, і захапіў Канат з яго ваколіцамі, і назваў яго сваім імем — Нобэ.
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
