Кніга Паўторанага Закону Раздзел 28 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1 Святар. 26:3-13; Паўт. Зак. 7:12-24; 11:13-17 Дык калі будзеш ты слухаць голас Госпада, Бога твайго, каб спаўняць і берагчы ўсе загады Яго, якія я загадваю табе сёння, то Госпад, Бог твой, зробіць цябе вышэйшым за ўсе народы, якія пражываюць на зямлі,

2і сыдуць на цябе ўсе гэтыя дабраславенні, і споўняцца на табе, калі толькі будзеш слухаць голас Госпада, Бога твайго.

3Дабраславёны ты ў горадзе і дабраславёны ў полі.

4Дабраславёны плод улоння твайго, і плод зямлі тваёй, і прыплод жывёлы тваёй, і прыплод валоў тваіх, і прырост авечак тваіх.

5Дабраславёны кош твой і жорны твае.

6 Пс. 121:8 Дабраславёны ты пры ўваходзе і дабраславёны пры выхадзе.

7Дасць Госпад, што ворагі твае, якія паўстаюць супраць цябе, будуць пабітыя перад абліччам тваім. Адной дарогай яны пойдуць супраць цябе, а сямю шляхамі ўцякуць ад аблічча твайго.

8Спашле Госпад дабраславенне на свірны твае і на ўсякую працу рук тваіх; і будзе дабраслаўляць цябе зямля, якую дасць табе Госпад, Бог твой.

9 Паўт. Зак. 7:6 І паставіць цябе Госпад перад Сабою як народ святы, як прысягнуў табе, калі будзеш берагчы прыказанні Госпада, Бога твайго, і хадзіць дарогамі Яго.

10І ўбачаць усе народы земляў, што імя Госпада прызывана на табе, і будуць баяцца цябе.

11 Паўт. Зак. 30:9 І дасць табе Госпад дастатак ва ўсіх даброццях; і плод улонню твайму, і прыплод жывёле тваёй, плён зямлі тваёй, якою прысягнуў Госпад бацькам тваім, што дасць табе.

12 Паўт. Зак. 15:6 Адкрые табе Госпад скарб Свой найдаражэйшы, неба, каб даць у свой час дажджы зямлі тваёй і дабраславіць усе справы рук тваіх; і будзеш ты пазычаць многім народам, а сам ні ад каго не возьмеш пазыкі.

13І зробіць цябе Госпад галавою, а не хвастом, і будзеш ты заўсёды наверсе, а не ўнізе, калі будзеш слухаць прыказанні Госпада, Бога твайго, якія сёння я загадваю табе, а ты захоўвай і спаўняй,

14і не адступай ад слоў, якія я загадваю вам сёння, ані ўправа, ані ўлева, і не ідзі за багамі чужымі, і не пакланяйся ім.

15 Святар. 26:14-46 А калі не захочаш слухаць голас Госпада, Бога твайго, каб берагчы і выконваць усе прыказанні Яго і загады, якія я сёння загадваю табе, то прыйдуць на цябе ўсе гэтыя праклёны і апануюць цябе.

16Пракляты ты ў горадзе і пракляты на полі.

17Пракляты кош твой і жорны твае.

18Пракляты плод улоння твайго, і плён зямлі тваёй, і прыплод жывёлы тваёй, і прырост авечак тваіх.

19Пракляты ты пры ўваходзе і пры выхадзе.

20Пакарае цябе Госпад праклёнам, і трывогай, і няшчасцем ва ўсіх працах тваіх, што будзеш рабіць, пакуль не знішчыць цябе і не пагубіць хутка дзеля найгоршых задумак тваіх, дзеля якіх пакінуў ты Мяне.

21Прычэпіць да цябе Госпад пошасць, пакуль не выкараніць цябе з зямлі, у якую ты ўвойдзеш, каб атрымаць ва ўласнасць.

22Дакранецца да цябе Госпад сухотамі і гарачкаю, трасцай, спякотаю, засухаю, палючым ветрам, іржою, і яны будуць пераследаваць цябе, пакуль ты не загінеш.

23І неба, якое над галавой тваёй, зробіцца медным, а зямля, па якой крочыш, — жалезнай.

24Зменіць Госпад дождж на зямлі тваёй у пыл, а з неба будзе падаць на цябе попел, пакуль ты не будзеш знішчаны.

25І аддасць цябе Госпад на паразу перад ворагам тваім; адной дарогай будзеш ісці на іх, а сямю дарогамі будзеце вы ўцякаць, і станеш ты страхоццем для ўсіх царстваў зямлі.

26 Ярэм. 7:33 Труп твой будзе пажываю ўсім птушкам нябесным і звярам зямным, і ніхто не будзе адганяць іх.

27Дакранецца да цябе Госпад праказай егіпецкай і балячкамі, а таксама каростаю і скуламі, і не зможаш вылечыць іх.

28Пакарае цябе Госпад вар’яцтвам, і слепатою, і неспакоем сэрца.

29У поўдзень будзеш хадзіць навобмацак, як сляпы звычайна навобмацак ходзіць у поцемках, і не выпрастаеш шляхоў сваіх. Увесь час будзеш прыгнечаны і рабаваны, і не будзеш мець таго, хто б вызваліў цябе.

30Заручышся з жонкай, а другі будзе спаць з ёй. Будзеш будаваць дом, але не будзеш жыць у ім, пасадзіш вінаграднік, але не збярэш пладоў яго.

31Вол твой будзе забіты на вачах у цябе, і не пакаштуеш яго. Асёл твой будзе забраны перад абліччам тваім і не вернецца да цябе; авечкі твае будуць аддадзены ворагам тваім, і не будзе каму дапамагчы табе.

32Сыны твае і дочкі твае будуць аддадзены іншаму народу на вачах тваіх, і ўвесь дзень будзеш, плачучы, выглядаць іх дарма, і не будзе сілы ў руках тваіх.

33Плады зямлі тваёй і ўсю працу тваю з’есць народ, якога не ведаеш, і будзеш ты заўсёды прыгнечаны і разбіты ва ўсіх днях.

34І звар’яцееш, бачачы тое, што пабачаць вочы твае.

35Дакранецца да цябе Госпад балючымі нарывамі на каленях і нагах, і не зможаш вылечыцца ад стопаў ног аж да макушкі тваёй.

36Цябе і цара твайго, якога паставіш над сабою, завядзе Госпад да народа, якога не ведаў ты і бацькі твае, і будзеш служыць там багам чужым, дрэву і каменю,

37 Ярэм. 24:9; Эзэк. 5:15 і будзеш страхоццем, і прыказкай, і пасмяяннем для ўсіх народаў, да якіх завядзе цябе Госпад.

38Насення многа кінеш у зямлю, а збярэш мала, бо саранча паесць усё.

39Вінаграднікі пасадзіш і будзеш даглядаць, а віна піць не будзеш, ды нічога з іх не збярэш, бо будуць паедзены чарвякамі.

40Аліўкі будзеш мець на ўсіх межах сваіх, але не выціснеш алею, бо змарнеюць і прападуць.

41Народзіш сыноў і дачок, але не пацешышся з іх, бо павядуць іх у няволю.

42Усе дрэвы твае і плод зямлі тваёй паесць саранча.

43Чужынец, які жыве з табой на зямлі, падымецца па-над табой і стане вышэйшым, а ты сыдзеш і будзеш нізкім.

44Ён будзе пазычаць табе, а ты не пазычыш яму; ён будзе галавой, а ты будзеш хвастом.

45І прыйдуць на цябе ўсе гэтыя праклёны і будуць цябе пераследаваць і здзекавацца з цябе, пакуль не прападзеш, бо не слухаў ты Госпада, Бога твайго, і не выконваў прыказанняў Яго і загадаў, якія Ён загадаў табе.

46І будуць яны знакамі і адзнакамі на табе і на нашчадках тваіх навек.

47За тое, што ты не служыў Госпаду, Богу твайму, з весялосцю і радасцю сэрца дзеля дастатку ва ўсіх рэчах,

48будзеш служыць ворагу твайму, якога Госпад навядзе на цябе, у голадзе і смазе, у галечы і нястачы ўсяго, і ён павесіць ярмо жалезнае на карак твой, пакуль не вынішчыць цябе.

49 Ярэм. 5:15 Навядзе на цябе Госпад народ з далечыні ды з крайніх межаў зямлі на падабенства арла, які ляціць імкліва, мовы якога зразумець ты не зможаш:

50народ вельмі нахабны, які не ўшануе старога і не пашкадуе дзіцяці.

51І ён зжарэ плод тваёй жывёлы і плады зямлі тваёй, пакуль ты не загінеш; і не пакіне табе пшаніцы, віна і алею, прыплоду жывёлы і прыросту авечак, пакуль цябе не знішчыць.

52І возьме ён у аблогу цябе ва ўсіх гарадах тваіх, пакуль не разваліць муры твае моцныя і высокія, у якіх ты ўскладаў надзею, ва ўсёй зямлі тваёй. І будзе трымаць цябе ў аблозе ва ўсіх брамах тваіх, на ўсёй зямлі тваёй, якую дасць табе Госпад, Бог твой,

53і будзеш ты есці плод улоння твайго, целы сыноў тваіх і дачок тваіх, якіх даў табе Госпад, Бог твой, у аблозе ды ў бядзе, якімі прыцісне цябе вораг твой.

54У цябе чалавек чуллівы і вельмі далікатны будзе ненавідзець брата свайго і жонку, якая туліцца да пляча яго, і апошніх дзяцей сваіх, якіх ён захаваў,

55каб не даць ніводнаму з іх целы сыноў сваіх, якіх будзе есці, бо ён не будзе ўжо больш нічога мець у аблозе і бядзе, якімі вораг твой прыцісне цябе ва ўсіх брамах тваіх.

56Жанчына ў цябе, вельмі чуллівая і далікатная, якая не спрабавала нават пакінуць следу ад нагі на зямлі дзеля надзвычайнай далікатнасці і распешчанасці, цяпер ліхім вокам гляне на мужа, які туліць яе да пляча свайго, на сына і дачку,

57 2Цар. 6:28, 29; Ламен. 4:10 і не дасць ім ложышча, якое выйшла з яе жаночага ўлоння, і дзяцей, якія нарадзіліся ў тую гадзіну; бо есці іх будзе таемна дзеля нястачы ўсяго ў час аблогі і гора, якімі прыцісне цябе вораг твой у брамах тваіх.

58Калі не будзеш берагчы і выконваць усіх слоў гэтага закону, якія напісаны ў гэтым скрутку, і не будзеш баяцца гэтага слаўнага і страшнага імя Госпада, Бога твайго,

59то многа больш павялічыць Госпад плягі твае і плягі на нашчадкаў тваіх, і плягі цяжкія і доўгатрывалыя, хваробы найцяжэйшыя і невылечныя,

60 Вых. 9:8-15 і навядзе на цябе ўсе плягі егіпецкія, якіх ты баяўся, і нахлынуць яны на цябе.

61І ўсе хваробы і плягі, якія не запісаны ў скрутку гэтага закону, напусціць Госпад на цябе, пакуль цябе не выгубіць.

62 Паўт. Зак. 10:22 І застанецеся вы ў малой лічбе, вы, што раней былі, як зоркі на небе, у колькасці сваёй, бо не слухаў ты голасу Госпада, Бога твайго.

63Як перад тым цешыўся Госпад з вас, добра вам робячы і памнажаючы вас, так будзе цешыцца з вас, нішчачы вас і вывяргаючы, каб не стала вас на зямлі, у якую вы ўваходзіце, каб завалодаць.

64 Паўт. Зак. 4:27 Госпад расцярушыць цябе сярод усіх народаў, ад пачатку зямлі да яе крайніх межаў, і там будзеш ты служыць чужым багам, якіх не ведаў ты і бацькі твае, дрэвам і каменям.

65І не будзеш ты мець супакою сярод гэтых народаў, стапе тваёй нагі не будзе супакою; і дасць там табе Госпад сэрца баязлівае, вочы заплаканыя і душу, апанаваную тугою.

66Жыццё тваё будзе быццам бы вісець перад табою; будзеш баяцца ноччу і днём, і не будзеш упэўнены ў жыцці сваім.

67Раніцай ты скажаш: “О! Калі б звечарэла!”, а ўвечары: “О! калі б развіднела!” — дзеля страху сэрца свайго, якім будзеш апанаваны, і дзеля ўсяго таго, што ўбачыш сваімі вачамі.

68І верне Госпад у Егіпет на караблях тою дарогаю, пра якую я сказаў табе, што яе больш не пабачыш; там будзеце вы прададзены ворагам вашым як нявольнікі і нявольніцы, ды не будзе каму купляць».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help