Кніга Ешуа Раздзел 7 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1 1Пар. 2:7 Сыны ж Ізраэля парушылі прыказанне і ўзялі рэчы праклятыя: бо Ахан, сын Хармі, сына Забдыя, сына Зары з пакалення Юды, узяў нешта з рэчаў праклятых. І разгневаўся Госпад на сыноў Ізраэля.

2І, калі Ешуа паслаў з Ерыхона людзей у Гай, што каля Бэт-Авэна ва ўсходняй частцы горада Бэтэля, ён сказаў ім: «Ідзіце і разведайце зямлю». Яны, выконваючы загад, агледзелі Гай

3і, вярнуўшыся, сказалі Ешуа: «Хай не ідзе ўвесь народ, але хай пойдуць дзве або тры тысячы чалавек і знішчаць горад. Не турбуй увесь народ, бо вельмі мала ворагаў».

4Дык выбралася каля трох тысяч ваяроў, якія зараз жа кінуліся наўцёкі перад жыхарамі горада Гай,

5што забілі з іх каля трыццаці шасці чалавек, і пераследавалі іх ад брамы аж да Сэбарыма, і забівалі іх на спуску з гары; і ўстрывожылася сэрца народа і, як вада, разлілося.

6Тады Ешуа разадраў адзенне сваё і ўпаў тварам на зямлю перад каўчэгам Госпада, як ён сам, так і ўсе старэйшыны Ізраэля, аж да вечара; і пасыпалі попелам свае галовы.

7І сказаў Ешуа: «О, Госпадзе, Божа, чаму захацеў Ты пераправіць народ гэты за раку Ярдан, каб выдаць нас у рукі амарэяў і загубіць? О, каб лепш заставаліся мы за Ярданам!

8Госпадзе, што маю сказаць, калі бачу, як Ізраэль уцякае перад ворагамі?

9Пачуюць хананеі і ўсе жыхары зямлі, і, сабраўшыся, абкружаць нас, і сатруць імя нашае з зямлі. І што Ты зробіш для вялікага імя Твайго?»

10І сказаў Госпад Ешуа: «Устань! Чаму ляжыш тварам на зямлі?

11Ізраэль зграшыў і парушыў Мой запавет, які Я з імі заключыў; і ўзялі сабе тое, што было праклятае, і ўкралі гэта, і затаілі, і схавалі паміж сваіх рэчаў.

12І сыны Ізраэля не змаглі ўстаяць перад ворагамі сваімі, і ўцяклі ад іх, бо яны падпалі пад праклён; не буду Я больш з вамі, пакуль не вынішчыце з сябе праклятага.

13 Еш. 6:17 Устань! Ачысці народ і скажы ім: “Ачысціцеся да заўтра. Бо вось што кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Праклён у грамадзе тваёй, Ізраэлю! Не зможаш устаяць перад ворагамі сваімі, пакуль не выдаліце праклён з грамады вашай”.

14І заўтра раніцай будзеце падыходзіць па адным па вашых пакаленнях; і пакаленне, на якое Госпад пакажа, хай ідзе па родах сваіх, і род, на які пакажа Госпад, хай ідзе па сем’ях сваіх, і сям’я, на якую пакажа Госпад, хай ідзе па адным чалавеку:

15і той, хто будзе выкрыты ў гэтым двурушніцтве, будзе спалены агнём разам з усім, што яму належыць, бо ён парушыў запавет Госпада і дапусціўся злачынства ў Ізраэлі”».

16Такім чынам, устаў Ешуа рана, і расставіў Ізраэль па пакаленнях яго, і паказана было пакаленне Юды.

17Калі яно па родах сваіх ішло, быў паказаны род Зары; паставіўшы таксама і яго па сем’ях, ён знайшоў сям’ю Забдыя.

18Раздзяліўшы яго сям’ю па асобных членах, ён знайшоў Ахана, сына Хармі, сына Забдыя, сына Зары, з пакалення Юды.

19І сказаў Ешуа Ахану: «Сыне мой, аддай славу Госпаду, Богу Ізраэля, і прызнайся, і скажы ты мне, што ты зрабіў; не ўтойвай».

20І адказаў Ахан Ешуа, і сказаў яму: «Сапраўды, зграшыў я перад Госпадам, Богам Ізраэля, і вось што я зрабіў:

21убачыў бо я між здабычы вельмі прыгожы плашч з Сэнаара, і дзвесце сікляў срэбра, і залаты пруток у пяцьдзесят сікляў вагі; і зажадаў я іх, і забраў іх, і схаваў у зямлі ў сярэдзіне маёй палаткі, і срэбра пад імі».

22Тады Ешуа выслаў пасланцоў, якія пабеглі ў яго палатку і знайшлі там усё схаванае ў тым самым месцы, і срэбра разам;

23і забралі з палаткі, і прынеслі да Ешуа і да ўсіх сыноў Ізраэля, і паклалі перад Госпадам.

24Дык Ешуа ўзяў Ахана, сына Зары, і срэбра, і плашч, і залаты пруток, і сыноў яго, і дачок, і валоў, і аслоў, і авечак, і самую палатку, і ўсе рэчы, і ў суправаджэнні ўсяго Ізраэля вывеў іх у лагчыну Ахор,

25дзе Ешуа сказаў: «За тое, што ты навёў на нас гора, хай Госпад навядзе на цябе гора ў гэты дзень». І ўкаменаваў яго ўвесь Ізраэль; і ўсё, што было ў яго, агнём было спалена.

26Таксама накідалі на яго вялікую кучу камянёў, якія захаваліся да сённяшняга дня. І адвярнуўся гнеў Госпада ад іх; і назвалі тое месца лагчынаю Ахор аж да сённяшняга дня.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help