Першая кніга Самуэля Раздзел 10 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1І ўзяў Самуэль пасудзіну з алеем, і выліў на яго галаву, і, пацалаваўшы яго, сказаў: «Вось, памазаў цябе Госпад на кіраўніка над народам Сваім, над Ізраэлем. І ты будзеш кіраваць народам Госпадавым, і ты вызваліш яго з рук ворагаў яго, якія яго абкружаюць. І гэта табе знак, бо памазаў цябе Бог на кіраўніка над спадчынай Яго:

2 1Сам. 9:5 калі пойдзеш сёння ад мяне, сустрэнеш двух чалавек каля магілы Ракелі, у межах Бэньяміна, і яны скажуць табе: “Знайшліся асліцы, якіх ты пайшоў шукаць; і бацька твой, забыўшыся пра асліц, хвалюецца за вас і кажа: “Што зрабіў я з сынам маім?”

3І калі пойдзеш адтуль, і далей пройдзеш, і прыйдзеш да дуба ў Таборы, там сустрэнуць цябе трое мужчын, што ідуць у Бэтэль да Бога: адзін будзе несці трох казлянят, і другі будзе несці тры круглыя хлябы, і трэці будзе несці бурдзюк віна.

4І калі прывітаюць яны цябе, дадуць табе два боханы хлеба, і ты возьмеш іх з рук іх.

5Затым прыйдзеш на ўзгорак Божы, дзе знаходзіцца стаянка філістынцаў. Калі ўвойдзеш там у горад, сустрэнеш грамаду прарокаў, што сыходзяць з узгорка, і перад імі арфы, тымпаны, бубны і гуслі, і самі яны будуць прарочыць.

6І ўвойдзе ў цябе Дух Госпадаў, і ты будзеш прарочыць разам з імі, і ператворышся ў другога чалавека.

7Такім чынам, калі здзейсняцца для цябе ўсе гэтыя знакі, зрабі, што зможа рука твая, бо Госпад будзе з табою.

8І пойдзеш ты перада мной у Галгал. А я прыйду да цябе, каб скласці ахвяры цэласпалення і каб прынесці ахвяру прымірэння. Чакай сем дзён, аж пакуль я прыйду да цябе і навучу цябе, што маеш рабіць».

9І як толькі Саўл павярнуўся, каб адысці ад Самуэля, Бог змяніў сэрца яго на іншае, і ў той дзень здзейсніліся ўсе гэтыя знакі.

10 1Сам. 19:23, 24 І прыйшлі яны адтуль у Габу, і вось, грамада прарокаў выйшла насустрач яму; і сышоў на яго Дух Божы, і ён стаў прарарочыць між іх.

11Калі ж усе, хто яго ведаў учора і заўчора, убачылі, што ён знаходзіцца з прарокамі і прарочыць, пыталіся адзін у аднаго: «Што гэта сталася з сынам Кіса? Няўжо і Саўл між прарокаў?»

12І адазваўся чалавек тутэйшы, кажучы: «А хто іх бацька?» Таму нарадзілася прымаўка: «Ці і Саўл між прарокамі?»

13А ён перастаў прарочыць і пайшоў на ўзгорак,

14і спытаўся дзядзька Саўла ў яго і ў паслугача яго: «Куды вы хадзілі?» Ён адказаў: «Шукаць асліц; калі іх не знайшлі, пайшлі мы да Самуэля».

15І сказаў яму дзядзька яго: «Скажы мне, што сказаў табе Самуэль?»

16І адказаў Саўл дзядзьку свайму: «Ён паведаміў нам, што знайшліся асліцы». А адносна размовы аб цараванні, што гаварыў яму Самуэль, не сказаў яму.

17І склікаў Самуэль народ да Госпада ў Міцпу,

18і сказаў сынам Ізраэля: «Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: Я вывеў Ізраэль з Егіпта і Я выратаваў вас з рук егіпцянаў і з рук усіх царстваў, якія чынілі вам шкоду.

19 1Сам. 8:4, 5 А вы сёння адкінулі Бога вашага, Які ратаваў вас ад усякіх бед і трывог вашых, і сказалі: “Не трэба, але пастаў над намі цара!” Дык цяпер станьце перад Госпадам па пакаленнях вашых і па родах».

20І прывёў Самуэль усе пакаленні Ізраэля; і выпала жэрабя пакаленню Бэньяміна.

21І прывёў ён пакаленне Бэньяміна і роды яго; і жэрабя выпала роду Мэтры, і дайшло аж да Саўла, сына Кіса. І шукалі яго, і не маглі знайсці.

22І потым пыталіся ў Госпада, ці той чалавек прыбыў сюды. І Госпад адказаў: «Вось, ён хаваецца ў лагеры».

23 1Сам. 9:2 Дык пабеглі за ім і прывялі яго адтуль; і стаў ён пасярод народа, і быў вышэйшы за ўвесь народ на галаву.

24І сказаў Самуэль усяму народу: «Вы бачыце ясна, каго выбраў Госпад. Бо няма яму роўнага ва ўсім народзе». І ўвесь народ усклікнуў і сказаў: «Хай жыве цар!»

25 1Сам. 8:11-17 Самуэль жа абвясціў народу закон царавання, і запісаў гэта ў кнізе, і паклаў яе перад Госпадам; і адпусціў Самуэль увесь народ, кожнага — у дом яго.

26Але і Саўл пайшоў у дом свой у Габе; і праводзілі яго мужныя ваяры, да сэрцаў якіх дакрануўся Бог.

27А сыны Бэліяла казалі: «Ці зможа ён нас выратаваць?» І пагардзілі ім, і не прынеслі яму падарункаў, але ён не звяртаў на гэта ўвагі.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help