1Па Абімэлеху на вызваленне Ізраэля паўстаў кіраўнік Тола, сын Пувы, сына Дадо, чалавек з пакалення Ісахара, які жыў у Саміры на гары Эфраіма.
2І ён судзіў Ізраэль дваццаць тры гады, і памёр, і пахаваны быў у Саміры.
3Па ім быў Яір з Галаада, які судзіў Ізраэль дваццаць два гады.
4І меў ён трыццаць сыноў, якія ездзілі на трыццаці маладых аслах і мелі трыццаць гарадоў, якія па сённяшні дзень называюцца Гавот Яір, яны ў зямлі Галаад.
5І памёр Яір, і пахаваны ён у Камоне.
6А сыны Ізраэля, далучаючы да старых грахоў новыя, чынілі зло перад абліччам Госпада, і служылі яны Баалам і Астартам, багам Арама, Сідона і Мааба, і сынам Амона і Філістына; і пакінулі яны Госпада, і не пакланяліся Яму.
7 Суд. 2:14 І, разгневаўшыся на іх, Госпад аддаў іх у рукі Філістына і ў рукі сыноў Амона.
8І яны вынішчалі і страшна ўціскалі ўсе васемнаццаць гадоў сыноў Ізраэля, што жылі за Ярданам у зямлі амарэяў у Галаадзе, настолькі, што
9сыны Амона пераходзілі Ярдан, каб ваяваць супраць Юды і Бэньяміна і дому Эфраіма; і быў Ізраэль у вялікім уціску.
10І клікалі сыны Ізраэля Госпада, і казалі: «Зграшылі мы перад Табою, бо пакінулі Бога нашага, і служылі Баалу».
11Сказаў ім Госпад: «Калі егіпцяне, і амарэі, і сыны Амона, і філістынцы,
12сідонцы, а таксама Амалек і Мадыян уціскалі вас, а вы прызывалі Мяне, ці ж Я не вырваў вас з іх рук?
13А вы ўсё роўна пакінулі Мяне і пакланяліся чужым багам; таму не буду ратаваць вас болей.
14Ідзіце і клічце багоў, якіх вы выбралі: хай яны вас ратуюць у час гора!»
15І казалі сыны Ізраэля Госпаду: «Зграшылі мы; зрабі Ты з намі, што Табе падабаецца, толькі цяпер выратуй нас!»
16Сказаўшы гэта, выкінулі яны са сваіх межаў усіх ідалаў чужых багоў, і служылі Госпаду, Які пашкадаваў Ізраэль у яго горы.
17Такім чынам, сыны Амона сабраліся і паставілі палаткі ў Галаадзе; насупраць іх у Міцпе сабраліся сыны Ізраэля і там сталі лагерам.
18І гаварылі народ і князі галаадскія, кожны асобна — блізкім сваім: «Хто супраць сыноў Амона пачне ваяваць першы, той будзе правадыром для ўсіх жыхароў Галаада».
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
