Кніга Роду Раздзел 40 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1Па ўсіх гэтых падзеях здарылася, што чарнік цара егіпецкага і пекар правініліся перад гаспадаром сваім.

2І фараон, разгневаўшыся на двух еўнухаў: на загадчыка чарнікаў і на загадчыка пекараў,

3адправіў іх пад варту ў дом начальніка целаахоўнікаў, ў вязніцу, дзе ўвязнены быў Язэп.

4І вось, начальнік варты перадаў іх Язэпу, які прыслугоўваў ім. І прабылі яны пад вартай нейкі час.

5Аднойчы ноччу яны абодва бачылі сон з адпаведным сэнсам для сябе.

6І калі да іх раніцай прыйшоў Язэп і ўбачыў іх сумнымі,

7то спытаўся ў іх: «Чаму сёння сумнейшы твар ваш, чым звычайна?»

8Яны адказалі: «Бачылі мы сон, і няма каму нам растлумачыць яго». І сказаў ім Язэп: «Ці не ў Бога вытлумачэнне? Скажыце мне, што вы бачылі».

9Начальнік чарнікаў расказаў свой сон: «Бачыў я перад сабою вінаградны куст,

10на якім былі тры галінкі. Ён рос паволі ў пупышкі, а па квецені наспелі ягады.

11І келіх фараона ў руцэ маёй. Я ўзяў гронкі і выціснуў у келіх, які я трымаў, і падаў келіх фараону».

12Язэп сказаў: «Такое тлумачэнне сну: тры галінкі — гэта яшчэ тры дні,

13па якіх фараон падыме галаву табе і верне цябе на ранейшае месца. Падаваць будзеш яму келіх паводле свайго абавязку, як гэта звычайна раней рабіў.

14Толькі памятай пра мяне, калі табе будзе добра, ды зрабі мне ласку і падкажы фараону, каб выпусціў ён мяне з гэтай вязніцы.

15Бо я ўкрадзены з зямлі гебраяў, і тут нявінна ўкінуты ў яму».

16А загадчык пекараў, бачачы, што ён разгадаў сон на добрае, сказаў: «І я бачыў сон, што трымаў я на галаве тры кашы мукі

17і што ў адным кашы, які быў вышэйшы, розная ежа фараона, якая вырабляецца ўмельствам пекара, і птушкі клявалі яе».

18Язэп адказаў: «Вось такое тлумачэнне сну: тры кошыкі значаць яшчэ тры дні.

19Па іх здыме табе фараон галаву і павесіць цябе на шыбеніцы, і птушкі будуць дзяўбсці цела тваё».

20Праз тры дні пасля гэтага быў дзень нараджэння фараона. І ён справіў для сваіх паслугачоў вялікі баль. І тады ў прысутнасці паслугачоў сваіх прыпомніў галоўнага чарніка і загадчыка пекараў.

21І галоўнага чарніка вярнуў на сваё месца, каб падаваў яму чару,

22 Род. 40:19 а другога павесіў на шыбеніцы, як растлумачыў ім Язэп.

23Аднак загадчык чарнікаў не прыпомніў Язэпа і забыўся пра вытлумачальніка свайго.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help