Першая кніга Цароў Раздзел 3 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1І парадніўся Саламон з фараонам, царом Егіпецкім. Бо ўзяў за жонку дачку фараона, і ўвёў яе ў горад Давідаў, пакуль яшчэ не пабудаваў дом сабе, і дом Госпадаў, і муры кругом Ерузаліма.

2А народ ускладаў ахвяры на ўзгорках, бо не быў пабудаваны дом для імя Госпадавага ў тую пару.

3А Саламон любіў Госпада і хадзіў паводле загадаў Давіда, бацькі свайго, за выключэннем таго, што складаў ён ахвяры і каджэнні на ўзгорках.

4 2Пар. 1:3, 6-12 Такім чынам, пайшоў цар у Габаон, каб там ускласці ахвяру; бо там быў найвышэйшы ўзгорак. Саламон усклаў на той ахвярнік тысячу цэласпаленняў.

5У Габаоне з’явіўся Саламону ноччу ў сне Госпад і сказаў яму: «Прасі, што хочаш, і Я дам табе».

6І Саламон кажа: «Ты аказваў слузе твайму Давіду, бацьку майму, вялікую міласэрнасць, бо ён хадзіў сам перад Табою ў праўдзе і справядлівасці і з праўдзівым сэрцам адносна Цябе; і захаваў Ты яму вялікую Сваю міласэрнасць, і даў яму сына, што сядзіць на пасадзе яго, як гэта ёсць сёння.

7І вось цяпер, Госпадзе, Божа мой, Ты ўчыніў так, што царуе паслугач твой на месцы Давіда, бацькі майго. Я ж вельмі малады, і не ведаю свайго выхаду і ўваходу;

8і паслугач Твой між народа, які Ты выбраў, народа вялікага, якога нельга палічыць, ані пералічыць.

9Дык дай Свайму паслугачу сэрца мудрае, каб мог судзіць народ Твой і адрозніваць, што добрае, а што благое. Бо хто ж можа судзіць гэты шматлікі народ Твой?»

10І спадабалася Госпаду тое, што прасіў Саламон.

11І сказаў Бог Саламону: «За тое, што ты выказаў гэтую просьбу і не прасіў для сябе ані доўгага жыцця, ані багацця, ані жыццяў ворагаў тваіх, але прасіў ты сабе мудрасці, каб умець судзіць,

12 1Цар. 4:29; 5:12; 10:23 Я вось раблю з табою паводле просьбаў тваіх, і Я даю табе сэрца мудрае і разважнае, так што такога, як ты, не было перад табою і не будзе пасля цябе;

13але Я даю табе і тое, пра што ты не прасіў, гэта значыць, багацце і славу такую, што падобным да цябе не будзе ніхто з цароў ува ўсе дні жыцця твайго.

14А калі ты будзеш хадзіць дарогамі Маімі і пільнаваць прыказанні Мае і загады Мае, як рабіў гэта Давід, бацька твой, то Я зраблю доўгімі дні твае».

15Такім чынам, прачнуўся Саламон і зразумеў, што гэта быў сон. І калі прыйшоў ён у Ерузалім, стаў ён перад каўчэгам запавету Госпада, і склаў ахвяры цэласпалення і прынёс ахвяры прымірэння, і зрабіў застолле для ўсіх паслугачоў сваіх.

16Тады прыйшлі да цара дзве жанчыны-распусніцы і сталі перад ім.

17І адна з іх кажа: «О гаспадару мой, я і гэтая жанчына жылі ў адным доме, і пры ёй у доме гэтым я нарадзіла;

18на трэці дзень пасля мяне і яна нарадзіла, і былі мы разам, і, апрача нас дзвюх, нікога іншага з намі ў доме не было.

19А ноччу памёр сын гэтай жанчыны: бо яна задушыла яго, калі спала.

20І яна, устаўшы глыбокай ноччу, з-пад боку майго моўчкі ўзяла сына майго, калі паслугачка твая спала, і паклала на сваіх грудзях; а свайго сына, мёртвага, паклала на мае грудзі.

21І калі я ўстала раніцай, каб пакарміць сына свайго, ён аказаўся мёртвым; а калі пры дзённым святле я больш уважліва да яго прыгледзелася, то зразумела, што не мой гэта сын, якога я нарадзіла».

22І другая жанчына адказала: «Гэта няпраўда, бо мой сын жыве, а твой памёр». А тая казала: «Ты хлусіш. Гэта твой сын памёр, а мой жыве». І так спрачаліся яны перад царом.

23Тады сказаў цар: «Гэтая кажа: “Сын мой жыве, а твой сын мёртвы”; і тая адказвае: “Няпраўда, бо твой сын мёртвы, а мой сын жыве”».

24І загадаў цар: «Прынясіце мне меч!» І калі прынеслі цару меч,

25загадаў ён: «Падзяліце жывое дзіця на дзве часткі, і дайце адной палову і другой палову».

26І жанчына, якой сын быў жывы, — бо ўзрушылася сэрца яе дзеля сына яе, — сказала цару: «Прашу, гаспадару, не забівайце яго і жывога аддайце ёй». А другая казала: «Падзяліце, хай не будзе ён ані табе, ані мне».

27І цар пастанавіў: «Дайце той жывое дзіця і не забівайце яго; яна — маці яго».

28І пачуў увесь Ізраэль пра гэты суд, як вырашыў цар; і баяліся цара, бо бачылі, што ў ім — мудрасць Божая, каб чыніць суд.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help