Першая кніга Цароў Раздзел 16 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1І прамовіў Госпад да Егу, сына Ханані, супраць Баасы гэтыя словы:

2«За тое, што Я цябе падняў з парахна і паставіў цябе кіраўніком над народам Маім, Ізраэлем, а ты хадзіў дарогай Ерабаама і ўводзіў у грэх народ Мой, Ізраэль, каб Мяне гнявіць грахамі іх,

3Я адкіну дом Баасы і зраблю з домам тваім тое, што зрабіў з домам Ерабаама, сына Набата.

4Хто ў Баасы памрэ ў горадзе, таго з’ядуць сабакі, а хто памрэ ў яго на полі, таго будуць жэрці птушкі паднебныя».

5А іншыя дзеянні Баасы, і ўсё, што ён рабіў, і мужнасць яго — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля?

6Такім чынам, заснуў Бааса з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў Тэрсе; і па ім стаў царом сын яго, Эла.

7Але прамовіў Госпад праз прарока Егу, сына Ханані, супраць Баасы і дому яго дзеля ўсякага зла, якога дапусціўся ён перад Госпадам, гневаючы Яго ўчынкамі рук сваіх, каб здарылася з ім так, як з домам Ерабаама, бо ён загубіў яго.

8На дваццаць шосты год Асы, цара Юды, Эла, сын Баасы, стаў царом над Ізраэлем у Тэрсе на два гады.

9І яго паслугач Замбры, кіраўнік над паловаю калясніц, паўстаў супраць яго. А Эла напіўся ў Тэрсе і быў, п’яны, у доме Арсы, загадчыка дому ў Тэрсе,

10такім чынам, Замбры, напаўшы, ударыў і забіў яго на дваццаць сёмы год Асы, цара Юды, і стаў царом замест яго.

11І калі ён стаў царом, і сеў на яго пасад, то забіў увесь дом Баасы, і не пакінуў з яго анікога мужчынскага роду, ані сваякоў, ані сяброў яго.

12 1Цар. 16:1-4 І знішчыў Замбры ўвесь род Баасы паводле слова Госпада, як Ён прадказаў Баасе праз Егу, прарока,

13дзеля ўсіх грахоў Баасы і дзеля грахоў сына яго, Элы, якія грашылі і ўводзілі ў грэх Ізраэль, гневаючы Госпада, Бога Ізраэля, марнасцю сваёю.

14А іншыя дзеянні Элы, і ўсё, што ён рабіў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля?

15На дваццаць сёмы год Асы, цара Юды, цараваў сем дзён у Тэрсе Замбры. А войска абкладвала Габэтон, горад філістынцаў.

16І калі пачуў увесь Ізраэль, што Замбры паўстаў і забіў цара, то выбраў ён сабе царом Амры, які быў кіраўніком войска ізраэльскага ў той дзень у лагеры.

17 Вых. 12:51 Такім чынам, выйшаў Амры і з ім увесь Ізраэль з-пад Габэтона і абклалі Тэрсу.

18 Ліч. 14:34; Паўт. Зак. 1:31 Замбры, бачачы, што горад здабыты, увайшоў у палац і падпаліў над сабою палац царскі, і сам памёр ад агню

19ў сваіх грахах, якімі грашыў, чынячы зло перад Госпадам і ходзячы дарогай Ерабаама і ў граху яго, якім ён горшыў Ізраэль.

20А іншыя дзеянні Замбры і паўстанне, якое зрабіў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля?

21Тады народ ізраэльскі падзяліўся на дзве часткі: палова народа стаяла за Тэбні, сына Гінэта, каб яго паставіць царом, і другая палова — за Амры.

22І пераважыў народ, які стаяў за Амры, той, што стаяў за Тэбні, сына Гінэта; і Тэбні памёр, а цараваў Амры.

23На трыццаць першы год Асы, цара Юды, Амры стаў царом над Ізраэлем на дванаццаць гадоў; у Тэрсе ён цараваў шэсць гадоў.

24І за два таленты срэбра ён купіў у Самэра гару Самэрон, і забудаваў яе, і горад, які пабудаваў, назваў ад імя гаспадара гары Самэра — Самарыяй.

25І рабіў Амры ліхоту перад абліччам Госпада, і чыніў зло горш за ўсіх, якія былі перад ім;

26і хадзіў ён ва ўсім дарогай Ерабаама, сына Набата, і ў граху яго, якім ён уводзіў у грэх Ізраэль, каб гнявіць Госпада, Бога Ізраэля, марнасцю сваёю.

27А іншыя дзеянні Амры і бітвы яго, якія ён мужна правёў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля?

28І заснуў Амры з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў Самарыі; і па ім цараваў сын яго,

29Ахаб, сын Амры, стаў царом Ізраэльскім на трыццаць восьмы год Асы, цара Юды, і цараваў Ахаб, сын Амры, над Ізраэлем у Самарыі дваццаць гадоў.

30І рабіў ліхоту Ахаб, сын Амры, перад абліччам Госпада горш за ўсіх сваіх папярэднікаў.

31І мала яму было жыць у грахах Ерабаама, сына Набата, звыш таго, ён узяў за жонку Езабэль, дачку Этбаала, цара сідонцаў, і пачаў служыць Баалу і пакланяцца яму.

32І паставіў ён ахвярнік Баалу ў храме Баала, які пабудаваў у Самарыі,

33і зрабіў Ахаб ідала. І сваімі ўчынкамі Ахаб гнявіў Госпада, Бога Ізраэля, болей, чым усе цары Ізраэля, якія былі перад ім.

34 Еш. 6:25 У дні яго Гіэль з Бэтэля адбудаваў Ерыхон паводле прадказання Госпада, сказанага праз Ешуа, сына Нуна, і падмуркі яго ён паклаў на сваім першародным, Абіраме, і на сваім наймаладзейшым, Сэгубе, паставіў брамы яго.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help