1 2Пар. 36:13-20; Ярэм. 52:3-11 Ярэм. 39:1-10 Ярэм. 21:1-10; 34:1-5; Эзэк. 24:2 А сталася на дзявяты год яго царавання, у дзесятым месяцы, у дзесяты дзень месяца, што прыйшоў сам Набукаданосар, цар Бабілона, і усё войска яго супраць Ерузаліма; і абклаў яго, і збудаваў вакол яго валы.
2І горад быў у аблозе і абнесены валамі аж да адзінаццатага года цара Сэдэцыі.
3У чацвёртым месяцы дзевятага дня пачаўся голад у горадзе, і не было ўжо хлеба для народа зямлі.
4 Эзэк. 33:21 І быў прарыў у горадзе, і ноччу ўсе ваяры ўцяклі і выйшлі з горада па дарозе брамы, што між мурамі каля царскага саду, калі халдэі былі вакол горада. Такім чынам, выйшлі яны дарогай у кірунку да Арабы.
5І войска халдэяў кінулася ў пагоню за царом, і дагналі яго на раўніне каля Ерыхона, і ўсё войска яго рассыпалася, і пакінула яно яго.
6І схапілі цара, і прывялі да цара Бабілона ў Рэблу, які выдаў на яго прысуд.
7 Эзэк. 12:13 І забіў сыноў Сэдэцыі на яго вачах, і яму вырваў вочы, і закаваў яго ў медныя кайданы, і адвёў у Бабілон.
8 Ярэм. 52:12-23 У пятым месяцы, у сёмы дзень месяца, а гэта быў дзевятнаццаты год Набукаданосара, цара Бабілонскага, увайшоў у Ерузалім Набузардан, кіраўнік целаахоўнікаў, паслугач цара Бабілона,
9 2Пар. 36:19 і спаліў ён дом Госпада, і палац цара, і ўсе дамы ў Ерузаліме, і кожны дом спаліў агнём.
10А войска халдэйскае, якое было разам з кіраўніком целаахоўнікаў, разбурыла муры вакол Ерузаліма.
11А рэшту народа, якая засталася ў горадзе, і ўцекачоў, якія перайшлі да цара Бабілона, а таксама простых людзей Набузардан, кіраўнік целаахоўнікаў, перасяліў;
12і з бедных людзей зямлі ён пакінуў толькі вінаградараў і земляробаў.
13 1Цар. 7:15-26; 2Пар. 3:15-17 І паламалі халдэі медныя слупы, якія былі ў святыні Госпада, і падножжы, і меднае мора, якое было ў доме Госпада, і забралі ўсю медзь у Бабілон;
14 1Цар. 7:45; 2Пар. 4:16 таксама забралі катлы, і лапаткі, і нажы, і чары, і ўвесь медны посуд, якім карысталіся пры служэнні;
15кіраўнік целаахоўнікаў забраў таксама курыльніцы для духмянасцей, і келіхі, якія былі з найчысцейшага золата і срэбра;
16 1Цар. 7:15-23 медзь з двух слупоў, аднаго мора і падножжаў, якія Саламон зрабіў для святыні Госпада, — нельга было ўзважыць усе гэтыя рэчы.
17Васемнаццаць локцяў меў у вышыню адзін слуп, і капітэль над ім была з медзі вышынёю пяць локцяў; і вакол на капітэлі была сетка і яблыкі граната, — усё з медзі; і другі слуп меў таксама падобнае ўпрыгожванне.
18 Ярэм. 52:24-27 Кіраўнік целаахоўнікаў узяў таксама Сараю, першасвятара, і яго намесніка Сафонію, а таксама трох прыдзвернікаў,
19і з горада ўзяў ён аднаго еўнуха, які быў кіраўніком войска, і пяць чалавек з атачэння цара, якіх знайшоў у горадзе, і галоўнага пісара войска, які запісваў у войска народ зямлі, і шэсцьдзесят простых людзей, што былі ў горадзе;
20узяў іх Набузардан, кіраўнік целаахоўнікаў, і завёў да цара Бабілона ў Рэблу,
21і цар Бабілона ўдарыў іх, і забіў у Рэблі, у зямлі Эмат. І быў Юда выселены са сваёй зямлі.
22 Ярэм. 40:7-9; 41:1-3 А над народам, што застаўся ў зямлі Юдэі, які пакінуў Набукаданосар, цар Бабілона, паставіў кіраўніком Гадалію, сына Ахікама, сына Сафана.
23Калі ўсе кіраўнікі войска і іх людзі даведаліся аб тым, што цар Бабілона прызначыў Гадалію кіраўніком, прыбылі да Гадаліі ў Міцпу: прыйшлі Ізмаэль, сын Натаніі, і Ёханан, сын Карэя, і Сарая, сын Тангумэта з Нэтофы, і Язанія, сын Маахатыта, яны і людзі іх.
24І пакляўся Гадалія ім і людзям іх, кажучы: «Не бойцеся служыць халдэям; жывіце на зямлі і служыце цару Бабілона, і добра будзе вам».
25 Ярэм. 41:6, 7 Але сталася ў сёмы месяц, што прыйшоў Ізмаэль, сын Натаніі, сына Элісамы, з царскага роду, і з ім дзесяць чалавек; і забілі яны Гадалію, які памёр, а таксама юдэяў і халдэяў, якія былі з ім у Міцпе.
26 Ярэм. 43:5-7 І ўстаў народ, ад малога да вялікага, і кіраўнікі войска, і пайшлі ў Егіпет, бо баяліся халдэяў.
27 Ярэм. 52:31-34 А сталася ў трыццаць сёмым годзе па высяленні ў няволю Ёахіна, цара Юдэі, у дванаццаты месяц, у дваццаць сёмы дзень месяца, Эвілмэрадах, цар Бабілона, у год, у які пачаў цараваць, вызваліў Ёахіна, цара Юдэі, з вязніцы.
28І ён гаварыў з ім ласкава, і падняў яго пасад па-над пасадамі цароў, якія былі з ім у Бабілоне,
29і зняў Ёахін шаты свае астрожныя; і еў заўсёды хлеб перад царом ва ўсе дні жыцця свайго.
30Таксама той забяспечыў яму пастаянныя харчы, якія выдаваліся яму царом дзень у дзень, ува ўсе дні жыцця яго.
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
