1-я Кніга Макабэяў 14 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1У сто семдзесят другім годзе цар Дэмэтрый сабраў сваё войска і накіраваўся ў Мідыю, каб атрымаць дапамогу ў вайне з Трыфанам.

2І Арсак, цар Персіі і Мідыі, даведаўся, што Дэмэтрый увайшоў на яго тэрыторыю, і паслаў аднаго са сваіх кіраўнікоў, каб схапіць яго жывым.

3І ён пайшоў, і разбіў войска Дэмэтрыя, і схапіў яго, і прывёў яго да Арсака, і той пасадзіў яго ў вязніцу.

4І ва ўсе дні Сімона ў зямлі Юдэйскай жылі спакойна; і ён рупіўся пра дабрабыт для свайго народа; і яго валадаранне спадабалася ім, і слава яго ва ўсе дні.

5І з поўнаю славаю сваёй узяў Ёпэ дзеля прыстані і адкрыў доступ да марскіх астравоў.

6І ён пашырыў межы народа свайго і завалодаў краем.

7І ён сабраў мноства палонных і заваладарыў над Газарай, і Бэтсурай, і крэпасцю; і выкінуў нячыстасці з іх, ды ніхто не мог яму супрацівіцца.

8 Зах. 8:12 І кожны абрабляў зямлю сваю спакойна; і зямля прыносіла належны плён, і дрэвы на палях – сваю садавіну.

9 Зах. 8:4, 5 Старцы сядзелі на вуліцах, усе размаўлялі аб дабрабыце грамадскім, і юнакі апраналіся ў славу і ваенную зброю.

10І гарадам раздаваў ён правіянт, і ўладкоўваў іх, каб былі ўзорнымі крэпасцямі, дакуль будзе ўпамінацца Яго слаўнае імя аж на краю зямлі.

11Устанавіў супакой на зямлі, і вельмі радуецца Ізраэль.

12 Міх. 4:4; Зах. 3:10 І кожны сядзіць пад вінаградным кустом сваім і пад фігавым дрэвам.

13Не стала на зямлі нападаючага на іх, у тыя дні цары былі знішчаны.

14І ён успамог усім бедным у народзе сваім, і ён спаганяў закон і выдаліў усякую няправасць і ліха.

15Ён уславіў святыню і павялічыў святыя пасудзіны.

16І ў Рыме даведаліся, што памёр Ёната; ды надта засумавалі – аж да спартанцаў.

17Але калі пачулі, што на яго месца першасвятаром быў выбраны брат яго Сімон, ды што ён гаспадарыць над краем і гарадамі, што ў ім пабудаваны,

18 1Мак. 8:17-22; 12:3 напісалі яму ліст на медных табліцах, што хочуць з ім аднавіць сяброўства і саюз, які быў заключаны з яго братамі: Юдам і Ёнатам;

19і прачытаны былі яны перад сходам у Ерузаліме.

20І вось копія лістоў, якія прыслалі спартанцы: «Правіцель спартанцаў разам з горадам – першасвятару Сімону, і старэйшынам, і святарам, і астатняму народу Юдэйскаму, сваім братам, – прывітанне.

21Вестуны, якія былі пасланы да нашага народа, расказалі нам аб вашай славе і пашане, і ўзрадаваліся мы з іх прыбыцця,

22 1Мак. 12:16 і тое, што яны сказалі, мы запісалі ў рашэннях народа так: “Вестуны юдэйскія: Нумэній, сын Антыёха, ды Антыпатр, сын Язона, прыбылі да нас, каб узнавіць сяброўства.

23І народ рашыў, што вестуноў трэба прыняць урачыста, а копію таго, што яны скажуць, памясціць у кнігах, прызначаных для народа, каб народ спартанцаў бярог памяць аб іх. Копія ж іх зроблена для першасвятара Сімона”.

24Па гэтым жа паслаў Сімон Нумэнія ў Рым з вялікім залатым шчытом вагою ў тысячу мінаў, каб заключыць з імі саюз.

25Калі ж пачуў аб гэтым народ, то сказаў: “Якім чынам аддзячым мы Сімону і яго сынам?

26Ён сам, і браты яго, і дом бацькі яго змаглі выгнаць ворагаў Ізраэля паміж іх; ды яны далі яму свабоду”. Дык апісалі яны на медных табліцах ды памясцілі ў надпісах на гары Сіён.

27І вось копія надпісу: “У васемнаццаты дзень месяца Элул, у сто семдзесят другім годзе, у трэцім годзе вялікага першасвятара Сімона, у Азарамэлі,

28на вялікім сходзе святароў, і народа, і князёў народа, і старэйшын краю паведамлена нам вось што:

29што адбыліся многія баі ў краі, а Сімон, сын Мататыі, сын з сыноў Ёарыба, поруч браты яго выставілі сябе на небяспеку і далі адпор ворагам народа свайго, каб зберагчы святыні свае і закон; і праславілі яны свой народ вялікаю славай.

30І Ёната сабраў свой народ, і стаў ім першасвятаром, і быў далучаны да народа свайго.

31І іх ворагі захацелі ўварвацца ў іх край, каб знішчыць яго і працягнуць рукі да святынь іх,

32тады выступіў Сімон і ваяваў у абароне свайго народа, і аддаў вялікія грошы, і ўзброіў ваяроў войска свайго народа, і выплаціў ім жалаванне.

33І ён умацаваў юдэйскія гарады, а таксама Бэтсуру, што была на межах Юдэі, дзе раней было войска ворагаў, і памясціў там варту з юдэйскіх ваяроў;

34Умацаваў таксама Ёпэ, што была над морам, і Газару, што на межах Азота, дзе раней пражывалі непрыяцелі, і ён пасяліў там юдэяў ды даў ім усё, што было патрэбнае да дабрабыту іх.

35І народ убачыў веру Сімона і славу, якую думаў здабыць свайму народу; і паставілі яго сваім правіцелем і першасвятаром, бо ўсё гэта ён зрабіў: і справядлівасць, і веру, якую збярог у сваім народзе, і ўсякім чынам стараўся ўзвысіць свой народ.

36І ў яго дні яго рукамі ўдалося выгнаць паганаў з іх краю ды тых, што пражывалі ў горадзе Давідавым, у Ерузаліме, якія пабудавалі сабе крэпасць, з якой рабілі напады і ўсе святыні кругом паганілі, і гэтым рабілі вялікія шкоды яе чысціні;

37і памясціў у ім юдэяў ваяроў ды ўмацаваў яго болей, каб быў абаронай для краю і для горада, і павысіў муры Ерузаліма.

38І цар Дэмэтрый за гэта даў яму першасвятарства

39і паставіў яго сваім прыяцелем, і ўшанаваў яго вялікаю славай.

40Пачуў бо, што рымляне называюць юдэяў прыяцелямі і саюзнікамі ды братамі, і што пасланнікаў Сімона прынялі з гонарам,

41і што юдэі і святары згадзіліся, каб Сімон быў у іх правадыром і першасвятаром навек, пакуль не з’явіўся здавераны прарок,

42і каб ён быў ім ваенным кіраўніком і каб меў клопат аб святынях, каб праз яго ён вызначаў наглядчыкаў за ўсімі работамі, і за краем, і за войскам ды за крэпасцямі;

43і каб рупіўся аб святынях, і каб яго слухалі; і каб яго імем пісаліся ўсе дамоўленасці ў краі, ды каб апранаўся ў пурпур і золата;

44і каб нельга было нікому з народа ані паміж святароў адмаўляць штосьці з гэтага і працівіцца яго пастановам, або без яго самога склікаць сход у краі і апранацца ў пурпур, ані карыстацца залатой засцежкай;

45а кожны, хто зробіць штосьці супраць гэтага або зменіць штосьці з гэтага, – будзе пакараны”».

46І ўвесь народ згадзіўся падпарадкавацца Сімону і дзейнічаць па яго загадах.

47І Сімон прыняў гэта і згадзіўся быць першасвятаром і кіраўніком ды правіцелем народа юдэяў і святароў ды першынстваваць над усім.

48І вырашылі зрабіць гэты надпіс на медных табліцах і паставіць іх на кальцавой сцяне святыні на бачным месцы;

49копію ж тых рашэнняў пакласці ў скарбоўню, каб Сімон і яго сыны мелі іх пад рукой.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help