1На варце маёй стаяць буду і стану на вежы вартавой, і буду ўглядацца, каб убачыць, што скажа Ён мне і які дасць адказ на скаргу маю.
2І адказаў мне Госпад гэтымі словамі: «Запішы бачанне і змясці яго на табліцах, каб той, хто чытае, мог яго зразумець.
3 Геб. 10:37 Бо гэтае бачанне на вызначаны час, але здзейсніцца яно ў канцы, не падмане; хоць і замарудзіць, але чакай яго, бо яно споўніцца абавязкова.
4 Рым. 1:17; Гал. 3:11; Геб. 10:38 Вось, кволы, у кім душа нячыстая; а справядлівы з веры сваёй жыць будзе.
5І вось, багацці зводзяць чалавека пыхлівага, і не дойдзе ён да канца; ён разяўляе горла сваё, як апраметную, ды, як смерць, ніколі ён не заспакоены: і сцягвае ён да сябе ўсе народы, і ўсіх людзей збірае да сябе.
6 1Цім. 6:9 Ці ж не ўсе яны зробяць з яго прыпавесць і прыказкі, кажучы: “Гора таму, хто чужую маёмасць забірае. Ці доўга гэта будзе? Гора таму, хто абцяжарвае сябе закладамі!”
7Ці ж раптам не паўстануць тыя, якія будуць мардаваць цябе, і ці не абудзяцца твае крыўдзіцелі, і ці ты не станеш іх здабычаю?
8 Іс. 33:1; Абак. 2:17 Бо ты абрабаваў многія народы, абрабуюць і цябе ўсе, хто застаўся з народаў; дзеля крыві людской і прыгнёту краіны, гарадоў і ўсіх іх жыхароў.
9Гора таму, хто збірае набытак несправядлівы на ліха дому свайму, каб зрабіць сабе гняздо на вышыні і засцерагчы сябе ад рукі няшчасця!
10Ты прыняў рашэнне на ганьбу дому свайму, каб забіць многія народы, і зграшыў супраць душы сваёй.
11Бо камень са сцяны будзе крычаць, і перакладзіны з пабудовы паўтараць за ім будуць.
12Гора таму, хто горад будуе на крыві і горад засноўвае ў злачыннасці.
13Ці ж гэта не ад Госпада Магуццяў тое, што людзі працуюць для агню ды народы мучаюцца дарэмна?
14 Іс. 11:9 Бо зямля перапоўніцца пазнаннем славы Госпада, як воды перапаўняюць мора.
15Гора таму, хто змушае сябра свайго да піцця, даючы атруту сваю і ап’яняючы яго, каб бачыць сорам яго!
16Ты перапаўняешся ганьбаю дзеля славы; дык напіся сам і пакажы сорам свой! Дасягне і цябе чара правіцы Госпадавай, і ганьба пакрые славу тваю.
17 Абак. 2:8 Бо спадзе на цябе крыўда Лібана, і рэзанне жывёлы напоўніць цябе страхам дзеля крыві людской і прыгнёту зямлі, гарадоў і ўсіх жыхароў іх.
18Чым дапаможа балван, якога выразаў разбяр, адлітая выява і лжывы прадказальнік? Бо надзею ўскладае на твор свой стваральнік яго, калі робіць нямых багоў.
19Гора таму, хто кажа дрэву: “Прабудзіся!”, і “Падыміся!” — нямому каменю! Ці ж ён зможа навучыць? Вось, ён пакрыты золатам і срэбрам, і няма ў нутры яго ніякага духа».
20 Пс. 11:4; Зах. 2:13 Госпад жа ў Сваёй святыні святой; хай маўчыць перад Ім уся зямля.
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
