Першая кніга Самуэля Раздзел 6 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1І быў каўчэг Госпада ў зямлі філістынскай сем месяцаў.

2І паклікалі філістынцы святароў і прадказальнікаў, кажучы: «Што маем зрабіць з каўчэгам Госпада? Парайце нам, як маем адаслаць яго на сваё месца».

3Яны сказалі: «Калі маеце адаслаць каўчэг Бога Ізраэля, не адсылайце яго пустым, але, што належыцца, аддайце Яму за грэх і тады ачысціцеся; даведаецеся, чаму не адступае рука Яго ад вас».

4Яны спыталіся: «Чым і як маем Яму за грэх аддаць?» І яны адказалі: «Па ліку кіраўнікоў філістынскіх зрабіце пяць нарываў залатых і пяць мышэй залатых, бо адна пляга дакранулася да ўсіх вас і кіраўнікоў вашых.

5І зрабіце выявы нарываў вашых і выявы мышэй, якія вынішчаюць зямлю, і аддасце хвалу Богу Ізраэля, каб толькі адхіліў руку Сваю ад вас, і ад багоў вашых, і ад зямлі вашай.

6Чаму вы робіце цвёрдымі сэрцы вашыя, як зацвярдзіў Егіпет і фараон сэрца сваё? Ці не дазволілі ім адысці тады, калі Госпад пакараў іх?

7Дык цяпер вазьміце і падрыхтуйце адзін новы воз і дзвюх дойных кароў, на якіх не было ярма, запражыце ў воз, а цялят іх замкніце дома.

8Затым вазьміце каўчэг Госпадаў і пастаўце на воз, а выявы залатыя, якімі адплачваеце Яму за грэх, палажыце ў скрынку на баку яго і пусціце яго ў дарогу,

9і глядзіце на яго: калі ён накіруецца дарогай да сваіх межаў да Бэтсамэса, ведайце, што гэта Ён навёў на вас гэтае вялікае няшчасце; а калі не, то будзем ведаць, што не Яго рука да нас дакранулася, але гэта было выпадкова».

10Дык зрабілі яны гэткім спосабам, і ўзялі дзвюх кароў, і запрэглі іх у воз, а цялят іх замкнулі ў доме,

11і паставілі каўчэг Госпадаў на воз і скрынку з залатымі мышамі і выявамі нарываў.

12А каровы пайшлі простаю дарогаю ў напрамку Бэтсамэса, ішлі яны па адной дарозе, ступаючы і мыкаючы, і не сыходзілі ані ўправа, ані ўлева. Але і кіраўнікі філістынскія ішлі за імі аж да межаў Бэтсамэса.

13А ў Бэтсаміце ў даліне жалі пшаніцу, і, падняўшы вочы, убачылі каўчэг і ўзрадаваліся, калі ўбачылі яго.

14А воз уз’ехаў на поле Ешуа з Бэтсаміта і затрымаўся там. А там ляжаў камень вялікі; і яны пасяклі воз на дровы, а кароў усклалі на іх Госпаду ў ахвяру цэласпалення.

15А левіты знялі каўчэг Божы і скрынку, што ляжала побач з ім, у якой знаходзіліся выявы залатыя, і паклалі іх на вялікі камень. Усклалі ж у той дзень жыхары Бэтсаміта Госпаду ахвяры цэласпалення і прынеслі ахвяры крывавыя.

16І пяць кіраўнікоў філістынскіх бачылі гэта, і вярнуліся ў Акарон у той самы дзень.

17А вось нарывы залатыя, якія аддалі філістынцы Госпаду за грэх: адзін за Азот, адзін за Газу, адзін за Аскалон, адзін за Гет, адзін за Акарон;

18і залатыя мышы былі паводле ліку гарадоў філістынскіх, пяці кіраўнікоў іх, ад умацаванага горада аж да пасялення, што было без муроў; камень той вялікі, на якім паставілі каўчэг Госпадаў, на полі Ешуа з Бэтсаміта, ёсць сведка гэтаму па сённяшні дзень.

19І пакараў Госпад жыхароў Бэтсаміта, бо яны заглядвалі ў каўчэг Госпада; і забіў Госпад семдзесят чалавек з народа. І народ быў у жалобе, бо Госпад ударыў народ вялікай караю;

20і казалі людзі бэтсамітцы: «Хто можа стаць у прысутнасці Госпада, гэтага Святога Бога? І да каго Ён пяройдзе ад нас?»

21І паслалі яны пасланцоў да жыхароў Карыят-Ярыма, кажучы: «Вярнулі філістынцы каўчэг Госпада. Прыходзьце і забярыце яго наверх да сябе».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help