Першая кніга Цароў Раздзел 6 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1 2Пар. 3:1-7 У чатырыста васьмідзесятым годзе па выхадзе ізраэльцаў з зямлі Егіпецкай, на чацвёрты год царавання Саламона над Ізраэлем, у месяцы Зіў, — гэта другі месяц, — пачаў ён будаваць дом Госпаду.

2Дом, які цар Саламон будаваў для Госпада, меў шэсцьдзесят локцяў даўжыні, і дваццаць локцяў шырыні, і трыццаць локцяў вышыні.

3І прысценак перад святыняй меў дваццаць локцяў даўжыні, адпаведна шырыні святыні, і дзесяць локцяў шырыні перад святыняй.

4І зрабіў ён у святыні наўскосныя вокны з кратамі,

5і пабудаваў насупраць сцяны святыні кругавыя паверхі ў сценах дома вакол святыні і Дабіра, і зрабіў сцены кругом.

6Меў ніжні паверх пяць локцяў шырыні, і сярэдні паверх — шэсць локцяў шырыні, і трэці паверх — сем локцяў шырыні; бо ён пабудаваў лесвіцу ў доме кругом звонку, каб бэлькі не ўваходзілі ў сцены святыні.

7А пры пабудове дома карысталіся абчасанымі і найлепшымі камянямі; і ў святыні не было чутна ані молата, ані сякеры, ані якой-небудзь жалезнай прылады, калі яе будавалі.

8Уваход жа на ніжні паверх быў з правага боку дома, і праз вітую лесвіцу можна было ўзысці на сярэдні паверх, і з сярэдняга — на трэці паверх.

9І пабудаваў ён святыню, і скончыў яе; таксама абшыў ён святыню кедравымі дошкамі.

10І пабудаваў ён да ўсяе святыні памост у пяць локцяў вышыні, і прымацаваў да святыні кедравымі бярвеннямі.

11І прамовіў Госпад да Саламона, кажучы:

12 2Сам. 7:12-16; 9:3-5 «Што да дома гэтага, які ты будуеш, то калі будзеш спаўняць пастановы Мае, і выконваць прыказанні Мае, і захоўваць усе настаўленні Мае, трымаючыся іх, Я споўню слова Маё табе, якое абяцаў Давіду, бацьку твайму;

13і буду Я жыць між сыноў Ізраэля, і не пакіну народа Майго, Ізраэля».

14Дык пабудаваў Саламон святыню, і закончыў яе.

15 2Пар. 3:5-13 І знутры абшыў сцены дома кедравымі дошкамі; ад падлогі дома аж да сценных бэлек і аж да столі ўнутры абшыў дрэвам, і падлогу дома пакрыў яловымі дошкамі.

16 Вых. 26:33 І з задняга боку святыні паставіў сцяну з кедравых дошак у дваццаць локцяў вышыні ад падлогі да столі, і зрабіў у ёй унутры Дабір, гэта значыць святое з святых.

17А сорак локцяў даўжыні мела сама святыня без святога з святых яе.

18І кедравыя сцены ўнутры ўпрыгожвалі выразаныя плады і кветкі, якія распусціліся. Усё было абшыта кедравымі дошкамі, і каменя зусім не было відаць на сцяне.

19А Дабір ён зрабіў у сярэдзіне дома, ва ўнутранай частцы яго, каб там паставіць каўчэг запавету Госпада.

20Меў ён дваццаць локцяў даўжыні, і дваццаць локцяў шырыні, і дваццаць локцяў вышыні; і ён абклаў яго найчысцейшым золатам, і збудаваў кедравы ахвярнік перад Дабірам.

21Таксама ўнутры Саламон абклаў святыню найчысцейшым золатам і нацягнуў залатыя ланцугі перад Дабірам, якое таксама абшыў золатам.

22 Вых. 30:1-3 І нічога не было ў святыні, што б не было пакрыта золатам; але і ўвесь ахвярнік Дабіра пакрыў ён золатам.

23 Вых. 25:18-20 І паставіў у святым з святых двух херубінаў з дрэва аліўкавага ў дзесяць локцяў вышыні.

24Адно крыло херубіна мела пяць локцяў, і другое крыло мела таксама пяць локцяў, гэта значыць, ад канца аднаго крыла да канца другога крыла было дзесяць локцяў.

25Другі херубін таксама меў дзесяць локцяў, абодва херубіны мелі аднолькавыя памеры і выгляд;

26вышыня аднаго і другога херубіна была дзесяць локцяў.

27І паставіў ён херубінаў у сярэдзіне ўнутранай часткі святыні; а крылы херубінаў былі раскінуты так, што крыло аднаго датыкалася да адной сцяны, а крыло другога датыкалася да другой сцяны; а другія крылы зыходзіліся ў сярэдзіне святыні крыло з крылом.

28Таксама пакрыў ён херубінаў золатам.

29І на ўсіх сценах святыні кругом выразаў розныя выявы; і на іх выразаў херубінаў, і пальмавыя дрэвы, і кветкі, што распусціліся, унутры і звонку.

30Але і падлогу святыні пакрыў ён золатам, унутры і звонку.

31І ўваходам у Дабір зрабіў ён дзверы з аліўкавага дрэва з пяцівугольнымі вушакамі.

32 Эзэк. 41:18 І на дзвюх паловах дзвярэй з аліўкавага дрэва ён выразаў херубінаў, і пальмы, і кветкі, што распусціліся, і пакрыў іх золатам, золатам пакрыўшы херубінаў, і пальмы, і ўсё астатняе.

33І ўваходам ў святыню ён зрабіў такім жа чынам чатырохвугольныя вушакі з аліўкавага дрэва,

34 Эзэк. 41:23-25 і двое дзвярэй з яловага дрэва, і абедзве паловы адных дзвярэй былі падвоеныя і рухомыя.

35І выразаў на іх херубінаў, і пальмы, і кветкі, што распусціліся, і пакрыў усё залатымі пласцінамі.

36 1Цар. 7:12 І аббудаваў ён унутраны панадворак трыма радамі адпаліраваных камянёў і адным радам часаных кедравых бярвенняў.

37Дом Госпада быў заснаваны ў месяцы Зіў, у чацвёртым годзе,

38і ў адзінаццатым годзе, у месяцы Буль, — гэта восьмы месяц, — была закончана святыня з усімі прыладамі яе і з ўсім упарадкаваннем; і будаваў ён яе сем гадоў.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help