Кніга Ісаі Раздзел 41 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1«Хай маўчаць астравы перада Мною, няхай народы адновяць сілы; хай прыходзяць і тады гавораць, паспяшым разам да суда!»

2Хто падняў з усходу таго, за крокамі якога ідзе справядлівасць? Дасць перад абліччам яго народы і падпарадкуе яму валадароў, меч яго зробіць іх, быццам парахно, лук яго — як салому, падхопленую ветрам.

3Ён будзе пераследаваць іх і ісці будзе ў супакоі; сцяжыны не будзе бачна пад яго нагамі.

4«Хто дзейнічаў і здзейсніў, паклікаючы пакаленні спакон вякоў? Я, Госпад, першы, і з апошнімі таксама Я.

5Убачылі астравы і спалохаліся, канцы свету аслупянелі, наблізіліся і адышлі.

6Кожны будзе дапамагаць блізкаму свайму і скажа брату свайму: “Мацуйся!”

7Узмацуе майстар залатара, а малатабоец таго, які куе, кажучы пра склейку: “Яна добрая”; і ўмацоўвае яе цвікамі, каб не рухалася.

8 2Пар. 20:7; Іс. 44:1; Як. 2:23 Ты вось, Ізраэлю, слуга Мой, Якубе, якога Я выбраў, патомства Абрагама, сябра Майго,

9якога спахваціў Я з канца зямлі, і з далёкіх ускрайкаў яе паклікаў цябе і сказаў табе: “Ты мой паслугач: Я выбраў цябе і не адкінуў цябе.

10Не бойся, бо Я з табою: не збочвай, бо Я — Бог твой! Прыдам табе сілы і дапамагу табе, ды буду трымаць цябе Маёй правіцай справядлівай”.

11Вось жа, засаромеюцца і пачырванеюць усе, якія злуюцца на цябе; будуць, як бы іх не было, і папрападаюць усе, хто гавораць насуперак табе.

12Будзеш шукаць іх, і не знойдзеш людзей, якія спрачаюцца з табой; будуць, як бы іх не было, і быццам яны нішто, — людзі, якія ваююць супраць цябе.

13Бо Я — Госпад, Бог твой, Які трымае цябе за руку і кажа табе: “Не бойся, чарвяк Якубе, Я дапамагу табе.

14Не бойся, чарвяк Якубе, — людзі з Ізраэля, — Я дапамагу табе”, — кажа Госпад і Збаўца твой, Святы Ізраэлеў.

15 Міх. 4:13 Я перамяню цябе, як бы малацільную цялежку новую, якая мае падвоеныя рады зубоў. Будзеш малаціць горы — і сатрэш іх, і ўзгоркі зробіш, быццам парахно.

16Правееш іх, і вецер разгоніць іх, і бура рассыпле іх: а ты будзеш радавацца ў Госпадзе і цешыцца ў Святым Ізраэлевым.

17Бедныя і ўбогія шукаюць вады — і няма! Язык іх высах ад смагі. Я, Госпад, выслухаю іх, не пакіну іх, — Бог Ізраэля!

18Адрыю з голых скал рэкі, а на сярэдзіне лугоў — крыніцы; замяню пустыню на азёры, а сухую зямлю — на вадзяныя ручаі.

19Пасаджу ў пустыні кедр, касію, мірт і аліўкавае дрэва; развяду на пустыні елку, вяз і разам кіпарысы,

20каб бачылі і ведалі, разважалі і адначасна разумелі, што рука Госпадава зрабіла гэта ды Святы Ізраэлеў стварыў гэта».

21«Прадстаўце справу вашу», — кажа Госпад, — і «Прывядзіце, калі маеце, доказы», — сказаў Валадар Якуба.

22Хай прыйдуць і паведамяць нам, якая будучыня; паведаміце, што было раней, каб прыклалі мы сэрца наша і каб ведалі, што цяпер, ды, што будзе, выявіце нам.

23Абвясціце, што мае стацца ў будучыні, каб пазналі мы, што вы багі. Зрабіце хоць што добрага або ліхога, каб разгледзелі мы і ўбачылі разам.

24Вось жа вы — нішто, і праца ваша нічога не значыць, абрыда — той, хто вас выбірае.

25«Узбудзіў Я з поўначы, і ён прыйшоў з усходу сонца; пазваў яго па імені; і ён стопча магнатаў, як балота, падобна, як ганчар топча гліну».

26Хто абвясціў ад пачатку, каб мы ведалі, і намнога раней, каб сказалі мы: «Справядліва». Ніхто не аб’яўляў, ніхто не абвяшчаў, ніхто таксама не чуў слоў вашых.

27«Першы Сіёну: “Вось, прысутныя; і для Ерузаліма даю вестуна радасці”.

28І глядзеў Я, і не было нікога, нікога з іх, здатнага да рады, каб адказалі слова, калі іх запытаю.

29Вось, усе яны — брыдота, марныя справы іх; вецер і нішчымнасць — статуі іх.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help