Эклезіясціка (Мудрасць Ісуса, сына Сіраха) 29 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1Хто міласэрны, пазычае сваіму блізкаму, і хто дапамагае яму сваёй рукой, спаўняе прыказанні.

2Пазыч твайму блізкаму ў яго патрэбе, і зноў жа аддай блізкаму свайму ў свой час.

3Стрымай слова ды будзь верны яму, і ў кожны час знойдзеш тое, што табе патрэбнае.

4Многія лічаць пазыку за знаходку і спрычыняюць прыкрасць тым, што ім пазычаюць.

5Пакуль атрымае, цалуе рукі таму, хто пазычае, і аб маёмасці блізкага гаворыць ціхім голасам;

6а калі патрэбна аддаваць, будзе патрабаваць часу, і аддасць са словамі незадавальнення і мармытаннем, і будзе жаліцца на час.

7Калі ж зможа аддаць, працівіцца; ледзь палову соліда аддасць і будзе гэта лічыць як бы знаходкай для таго.

8А калі не зможа, падмане яго з грашамі яго і стане яму без прычыны ворагам.

9Аддасць узамен яму праклёны і нараканні, ды замест пашаны і падзякі заплаціць яму знявагай.

10Многія не пазычаюць не дзеля скупасці, але з боязні быць ашуканымі.

11Усё ж такі будзь спагадным да беднага і не марудзь даць яму міласціну.

12Дзеля прыказання дапамажы беднаму і з прычыны яго беднасці не адпусці яго з пустымі рукамі.

13Выдавай грошы на брата і сябра свайго, і не хавай іх пад каменем на загубу.

14Усталюй скарб свой на прыказаннях Найвышэйшага, і карыснейшы табе будзе, чым золата.

15Схавай міласціну для сэрца беднага, і гэта цябе выбавіць ад усякага няшчасця.

16[Лепш за моцны шчыт ды цвёрдую дзіду супраць ворага твайго будзе ваяваць за цябе міласціна.]

17[Добры чалавек паручыцца за свайго блізкага; а той, хто страціў сорам, адпіхнуў бы яго.]

18Не забывай быць удзячным паручыцелю, бо даў ён за цябе сваю душу.

19Грэшнік спустошыць маёмасць паручыцеля, а няўдзячны ў душы пакіне свайго збаўцу.

20Паручальніцтва згубіла многіх сумленных людзей і пахіснула іх, як марская хваля;

21[мужоў наймагутнейшых павыганяла з дамоў, і яны блукалі сярод чужынскіх народаў.]

22Грэшнік за нішто мае дабрадзейнасці паручыцеля і дзеля карыслівасці без удзячнасці адпіхне свайго выбавіцеля.

23[Дапамагай блізкаму па магчымасці сваёй, але глядзі на сябе, каб не папасціся ў тое ж.]

24Галоўнае для чалавечага жыцця: вада, і хлеб, і адзенне, ды дом, каб схаваць сорам.

25Лепшае жыццё беднага пад дахам з дошак, чым балі багатыя на чужыне без уласнага жытла.

26Будзь задаволены малым, як і многім, і не пачуеш дакораў, што ты чужынец.

27Што за жыццё хадзіць з дома ў дом, і там, дзе жывеш, як чужы, адчуваеш сябе няўпэўнена і вуснаў не адкрыеш.

28Будзеш прыняты, і будзеш падаваць ежу і піццё без удзячнасці, пры тым пачуеш прыкрыя словы:

29«Падыдзі, прыбылец, і прыгатуй стол, і, калі што маеш пад рукой, накармі мяне!»

30«Уступі месца важнейшаму! Брат прыйшоў у госці да мяне, бо патрэбны яму дом мой».

31Цяжка гэта чалавеку разумнаму: упіканне за бяздомнасць і дакаранне пазыкадаўцы.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help