1Словы Ярэміі, сына Хэлькіі, з ліку святароў, якія былі ў Анатоце, у зямлі Бэньяміна.
2 2Цар. 22:3–23:27; 2Пар. 34:8–35:19 Да яго скіраваў Госпад слова ў дні Осіі, сына Амона, цара Юдэйскага, у трынаццатым годзе яго царавання,
3 2Цар. 23:36–24:7; 24:18–25:21; 2Пар. 36:5-8, 11-21 і было ў дні Ёакіма, сына Осіі, цара Юдэйскага, аж да канца адзінаццатага года Сэдэцыі, сына Осіі, цара Юдэйскага, аж да перасялення Ерузаліма ў пятым месяцы.
4Госпад скіраваў да мяне слова, кажучы:
5 Гал. 1:15 «Перш, чым Я ўфармаваў цябе ва ўлонні, Я ведаў цябе, і перш, чым выйшаў ты з нутра, Я пасвяціў цябе і паставіў цябе прарокам для народаў».
6І сказаў я: «О Госпадзе, Божа! Дык жа я не ўмею гаварыць, бо я яшчэ юнак!»
7І сказаў мне Госпад: «Не кажы: “Я юнак”, бо ты пойдзеш да ўсіх, да каго Я цябе пашлю, і будзеш казаць усё, што Я табе даручу.
8Не бойся іх, бо Я з табою, каб цябе ратаваць», — кажа Госпад.
9І працягнуў Госпад руку Сваю, і дакрануўся да вуснаў маіх, і сказаў мне Госпад: «Вось, перадаў Я словы Мае вуснамі тваімі;
10зірні: Я даю табе сёння ўладу над валадарствамі, каб вырываў і разбураў, каб нішчыў і руйнаваў, каб садзіў і будаваў».
11І скіраваў Госпад да мяне наступнае слова: «Што ты бачыш, Ярэмія?» І адказаў я: «Бачу я галіну міндальнага дрэва Таго, Хто чувае».
12Госпад жа сказаў мне: «Добра бачыш, бо Я чуваю над словам Маім, каб скора споўніць яго».
13Другі раз скіраваў Госпад слова Сваё да мяне: «Што ты бачыш?» І сказаў я: «Бачу я кацёл, што кіпіць, і твар яго з паўночнага боку».
14 Ярэм. 4:6; 6:1; 10:22; 13:20 І сказаў мне Госпад: «Ад поўначы распрастрэцца ліха на ўсіх жыхароў зямлі,
15бо вось, Я склічу ўсе валадарствы поўначы, — кажа Госпад, — і прыйдуць яны, і паставяць кожны свой пасад ля ўваходу ў брамы Ерузаліма, і супраць усіх муроў яго навокал, і супраць усіх гарадоў юдэйскіх.
16І выдам прысуды Мае на іх за ўсю іх ліхоту, што пакінулі Мяне, і палілі кадзіла чужым багам, ды пакланяліся творам рук сваіх.
17Ты, вось, перапаяшы сцёгны свае, устань і гавары ім усё, што Я табе загадваю. Не бойся іх, каб Я часам не напоўніў цябе страхам перад імі.
18 Ярэм. 15:20 Вось, сёння Я раблю цябе мураванай цвярдыняй, жалезным слупам і медным мурам супраць усёй зямлі, для цароў юдэйскіх, для кіраўнікоў іх і святароў, і для народа зямлі.
19І будуць яны ваяваць супраць цябе, але не змогуць цябе перамагчы, бо Я з табою, — кажа Госпад, — каб ратаваць цябе».
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
