Кніга Ярэміі Раздзел 14 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1Вось якое было слова Госпада да Ярэміі пра засуху:

2«Смутак ахапіў Юдэю, і брамы яе поўныя жалобы, пахіліліся сумна да зямлі, ды падымаецца галашэнне Ерузаліма.

3Магнаты іх пасылаюць слуг сваіх па ваду; прыходзяць яны да вадаёмаў і не знаходзяць вады. Прыносяць яны назад збаны свае пустыя; асаромленыя і збянтэжаныя, і закрываюць галовы сабе.

4З прычыны запусцення зямлі, бо не падае дождж на зямлю, сумныя земляробы, пакрылі свае галовы.

5Нават аленіха родзіць на полі і пакідае свайго малога, бо няма травы.

6І дзікія аслы стаяць на ўзгорках і хапаюць паветра, як шакалы; вочы іх мутнеюць, бо няма травы».

7«Калі нават нашы грахі сведчаць супраць нас, Госпадзе, Ты ўчыні дзеля імя Твайго, бо шматлікія нашы праступкі, зграшылі мы супраць Цябе.

8Надзея Ізраэля, Збаўца яго ў часе трывогі, чаму Ты — быццам чужынец у краіне ды быццам падарожнік, які збочвае на начлег?

9Чаму Ты — быццам чалавек разгублены, як волат, які не можа ратаваць? Ты ж паміж нас, Госпадзе, і імя Тваё прызываюць у нас, не пакідай нас!»

10Так кажа Госпад гэтаму народу: «Любяць яны надта вандраваць, ног сваіх не шкадуюць і Госпаду не падабаюцца. Цяпер Ён прыгадаў злачынствы іх і за іх грахі карае».

11І сказаў Госпад мне: «Не прасі дабра гэтаму народу.

12Калі б нават посціліся яны, не выслухаю просьбы іх; ды калі б складалі цэласпаленні і ахвяры з ежы, не прыму іх, бо буду вынішчаць іх мечам, голадам і пошасцю».

13А я сказаў: «О Госпадзе, Божа, вось жа, прарокі кажуць ім: “Не ўгледзіце меча, і голаду не пакаштуеце, але сапраўдны супакой дасць Ён вам на гэтым месцы”».

14 Ярэм. 23:21; 27:15 І сказаў Госпад мне: «Прарокі абвяшчаюць ілжыва ў імя Маё. Я не пасылаў іх, і не даваў ім загадаў, і не прамаўляў да іх. Падманнае бачанне і прадказанне, ашуканства ды аблуднасць сэрца свайго прарочаць яны вам».

15Таму вось што кажа Госпад супраць прарокаў: «Яны праракуюць у імя Маё, але Я іх не пасылаў. Яны кажуць: “Меча і голаду не будзе ў гэтай зямлі”, але ад меча і голаду прападуць прарокі тыя,

16а людзі, якім яны праракуюць, будуць выкінуты на вуліцы Ерузаліма на голад і на меч, і не будзе каму пахаваць іх; самі яны і жонкі іх, сыны і дочкі іх; — і вылью на іх ліхоту іх.

17 Ярэм. 9:1 І ты скажаш ім гэтае слова: “Хай вочы мае выліваюць слёзы ноччу і днём без перапынку, бо вялікай пакутай спакутавана дзяўчына, дачка майго народа, няшчасце дужа вялікае.

18Калі выйду ў палі, — вось, там забітыя мечам! І калі ўвайду ў горад, — вось, там замучаныя голадам! Нават прарок і святар ходзяць па зямлі, нічога не разумеючы”».

19 Ярэм. 8:15 «Ці сапраўды адпіхнуў Ты Юду, або, можа, Сіёнам абрыдзілася душа Твая? Чаму Ты крануў нас плягаю без магчымасці аздараўлення? Спадзяваліся мы на супакой, але добрага няма; час вылечыцца — і вось, трывога!

20Прызнаём, Госпадзе, свае злачынствы, злачынствы бацькоў нашых, бо зграшылі мы супраць Цябе!

21Не аддавай нас на ганьбу дзеля імя Твайго, не чыні абразы пасаду славы Тваёй! Памятай, не разрывай запавету Свайго з намі!

22Ці ёсць сярод багоў паганскіх такія, што маглі б паслаць дождж? Ці, можа, нябёсы самі могуць даць ліўні? Ці ж не Ты — Госпад, Бог наш, Якога мы чакаем? Ты ж учыніў усё гэта».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help