Першая кніга Самуэля Раздзел 22 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1 Пс. 57:1; 142:1 І пайшоў Давід адтуль, і ўцёк у пячору Адалам; калі аб гэтым даведаліся браты яго і ўвесь дом бацькі яго, яны пайшлі за ім туды.

2І сабраліся да яго ўсе тыя, хто цярпеў нястачы і меў даўгі, і засмучаныя духам; і ён стаўся іх кіраўніком, і было з ім каля чатырох сотняў чалавек.

3І адтуль накіраваўся Давід у Міцпу, што ў Маабе, і сказаў цару Мааба: «Ці маглі б прабываць у вас бацька мой і маці мая, пакуль выявіцца, што хоча Бог зрабіць са мною?»

4І ён пакінуў іх у цара Мааба; і яны заставаліся ў яго ўвесь час, калі Давід хаваўся ў недасяжным месцы.

5А прарок Гад раіў Давіду: «Не заставайся ў сховішчы. Збярыся і ідзі ў зямлю Юды». І, вырушыўшы, Давід прыбыў у лес Гарэт.

6І пачуў Саўл, што выяўлены Давід і людзі, якія былі з ім. А Саўл, калі быў у Габе і сядзеў пад дубам на гары, трымаючы дзіду ў руцэ, і калі ўсе паслугачы яго акружалі яго,

7сказаў паслугачам сваім, што былі з ім: «Слухайце, сыны Бэньяміна! Сын Ясэя дасць таксама і вам усім палі і вінаграднікі, і вас усіх ён зробіць тысячнікамі і сотнікамі,

8бо вы ўсе пакляліся супраць мяне. І ніхто не перасцярог мяне, што сын мой заключыў саюз з сынам Ясэя; ніхто з вас не спачуваў мне і не паведаміў мне, што сын мой падгаварыў паслугача майго супраць мяне, каб ён рабіў засаду на мяне, як сёння».

9 1Сам. 21:7-9; Пс. 52:2 На гэта адказаў Даэг ідумеец, які быў з паслугачамі Саўла: «Я ўбачыў сына Ясэя ў Нобе ў Ахімэлеха, сына Ахітуба;

10ён раіўся з Госпадам наконт яго, і даў яму ежу, але даў яму і меч Галіята філістынца».

11Тады цар паслаў паклікаць святара Ахімэлеха, сына Ахітуба, і ўвесь дом бацькі яго, значыць святароў, якія былі ў Нобе; усе яны прыбылі да цара.

12І сказаў Саўл: «Слухай, сын Ахітуба!» Ён адказаў: «Вось я, гаспадару мой».

13І сказаў яму Саўл: «Чаму пакляліся вы супраць мяне, ты і сын Ясэя, і даў ты яму хлябы і меч, і раіўся наконт яго з Госпадам, каб ён, знаходзячыся ў засадзе, паўстаў супраць мяне, як гэта адбываецца сёння?»

14І ў адказ цару сказаў Ахімэлех: «І хто з усіх паслугачоў тваіх такі верны, як Давід: і зяць цара, і кіраўнік варты тваёй, і шанаваны ў доме тваім?

15Ці ж толькі сёння раіўся я наконт яго з Богам? Ніякім чынам, хай цар не падазрае ў гэтай справе паслугача свайго і ўсю сям’ю бацькі майго; бо паслугач твой нічога не ведае ў гэтай справе, ані малога, ані вялікага».

16Але цар сказаў: «Ты мусіш памерці, Ахімэлех, ты і ўвесь дом бацькі твайго».

17І загадаў цар паслугачам, якія акружалі яго: «Ідзіце і забіце святароў Госпада, бо рука іх з Давідам; ведаючы, што ён уцёк, яны не паведамілі мне». Паслугачы ж цара не хацелі падняць руку сваю на святароў Госпада.

18І сказаў цар Даэгу: «Ты ідзі і ўдар святароў». І Даэг ідумеец, пайшоўшы, ударыў святароў; і знішчыў у той дзень восемдзесят пяць чалавек, апранутых у льняны эфод.

19А святарскі горад Ноб ударыў ён вастрыём меча, пазабіваў мужчын і жанчын, дзяцей і немаўлят, валоў, аслоў і авечак.

20Уратаваўся ж толькі адзін сын Ахімэлеха, сына Ахітуба, на імя Абіятар, які ўцёк да Давіда

21і паведаміў яму, што Саўл забіў святароў Госпада.

22І Давід сказаў Абіятару: «Я ведаў ужо тады, калі быў там Даэг ідумеец, што ён напэўна паведаміць аб гэтым Саўлу. Я адказчык за ўсе душы дому бацькі твайго.

23Заставайся са мною, не бойся! Бо хто шукае жыцця майго, той шукае і твайго жыцця, і са мною ты будзеш уратаваны».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help