Кніга Ісаі Раздзел 10 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1Гора тым, хто ўслаўляе законы ліхія і хто піша пастановы несправядлівыя,

2каб на судзе прыціскаць убогіх ды каб сілу прымяняць у справах простых з народа Майго, каб удовы сталіся здабычай іх і каб сірот абрабоўваць!

3А што будзеце рабіць у дзень наведвання і няшчасця, якое прыйдзе здалёк? Да каго пабяжыце па дапамогу ды дзе пакінеце вашу славу?

4Або скурчыцеся паміж палонных, або пападаеце паміж забітых. Па гэтым усім не спыніўся гнеў Яго, але рука Яго аж дагэтуль выцягнута.

5 Іс. 14:24-27; Навум 1:1–3:19; Саф. 2:13-15 «Гора — асірыец, дубец гневу Майго ды палка ў руцэ Маёй, абурэнне Маё!

6 Пс. 18:43 Да народа бязбожнага пасылаю яго, прызначаю яго супраць народа гневу Майго, каб забраў ён даніну і вырваў здабычу і каб выставіў яго на патаптанне, быццам бруд на плошчах.

7Але ён не так думае ды сэрца яго не так разумее; але ў сэрцы яго намер: вымардаванне і вынішчэнне многіх народаў.

8Скажа вось: “Ці ж і мае князі ўсе не цары?

9Ці ж і Каркаміс не такі, як Халан, а Арпад ці ж не такі, як Эмат? Ці ж і Дамаск не такі, як Самарыя?

10Як рука мая захапіла паганскія царствы, у якіх ідалаў больш, чым у Ерузаліме і ў Самарыі, —

11ці ж не так зрабіў я Самарыі і ідалам яе, ці ж не так зраблю і Ерузаліму і яго ідалам?”»

12І будзе: калі Госпад споўніць усе справы Свае на гары Сіён і ў Ерузаліме, тады прыйду Я паглядзець на плод пыхі сэрца цара Асірыі і на ганарыстасць узнёсласці вачэй яго.

13Сказаў бо: «Дзейнічаў сілай маёй рукі ды мудрасцю маёй, бо я — разумны, і перанёс я межы народаў, і абрабаваў скрыні іх, і, быццам волат, сцягнуў тых, хто сядзеў высока;

14і схапіла рука мая, як гняздо, багацце народаў: і як збіраюць пакінутыя яйкі, так я сабраў усю зямлю; ды не было, хто б трапянуў крылом, ніхто не адчыніў дзюбы, ніхто не піскнуў».

15Ці ж будзе выхваляцца сякера перад дрывасекам? Або ці ўзносіцца піла над тым, хто цягае яе? Як быццам бы бізун пачне панукаць таго, хто падымае яго, ды палка пачне ўздымацца на таго, хто не дрэва!

16Дзеля гэтага і Валадар, Госпад Магуццяў, пашле схудненне на тлустых яго; а пад славай яго разгарыцца полымя, быццам пажар.

17Святло Ізраэля станецца агнём, а Святы яго — полымем: Ён загарыцца і паглыне церні яго і калючкі за адзін дзень.

18І велічнасць лесу яго і саду яго вынішчыць ад душы аж да цела, і будзе марнець, быццам хворы;

19і апошнія дрэвы ў яго лесе будуць настолькі нешматлікія, што дзіця іх зможа перапісаць.

20І будзе ў той дзень: не будзе больш астатак Ізраэля і тыя з дому Якуба, якія ўцяклі, абапірацца на таго, хто іх б’е, але абапірацца будуць на Госпада, Святога Ізраэлева, у праўдзе.

21Рэшткі вернуцца, рэшткі, кажу, Якуба да Бога Магутнага.

22 Рым. 9:27 Бо хоць бы народ твой, Ізраэль, быў, як пясок марскі, рэшткі з яго вернуцца. Вынішчэнне вызначана, каб здейснілася справядлівасць,

23 Іс. 28:22 бо Госпад, Бог Магуццяў, здзейсніць вынішчэнне, якое пастаноўлена, на ўсёй зямлі.

24Дзеля таго вось што кажа Госпад, Бог Магуццяў: «Народзе Мой, што жывеш на Сіёне, не бойся Асірыі: дубцом будзе біць яна цябе і палку сваю падыме, як Егіпет.

25Яшчэ хвілінка малая, і спыніцца абурэнне Маё і гнеў Мой на іх загубу».

26 Суд. 7:25 І ўзбудзіць Бог Магуццяў бічаванне, як тады, калі пакараў мадыянцаў каля скалы Гарэб, або калі ўзнёс палку Сваю над морам ды падняў яе на дарогу егіпцян.

27І будзе ў той дзень: здымецца бярэмя яго са спіны тваёй ды ярмо яго з шыі тваёй. Вораг з’яўляецца з боку Рэмона.

28Прыйдзе ён у Аят, пройдзе праз Магрон, пры Міхмасе пакідае свае пажыткі;

29пераходзіць брод хутка: у Габе мы пераначуем, дрыжыць Рама, Габа Саўлава ўцякае.

30Бэт-Галім, крычы на ўвесь голас! Лаіс, паслухай! Анатот, адкажы ёй!

31Медемена ўцякае, жыхары Габіма ўцякаюць.

32Сёння стане ў Нобе: патрасе рукою сваёй на гару дачкі Сіёна, на ўзгорак Ерузалім.

33Вось жа, Валадар, Госпад Магуццяў, са страшэннай моцай абразае вярхі дрэў: найвышэйшыя вяршкі абразаюцца, высокія — згінаюцца.

34Гушчары лясныя ссякаюцца сякераю. Валіцца Лібан са сваёю пышнасцю.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help