1 1Пар. 18:1-17 Сталася ж па гэтых падзеях, што Давід разбіў філістынцаў і змусіў іх падпарадкавацца яму; і ўзяў Давід з рук філістынцаў Гет і гарады яго.
2І разбіў ён маабцаў, і змераў іх вяроўкаю, паклаўшы іх на зямлю; дзве вяроўкі адмяраў для тых, што мелі быць забітыя, а адну вяроўку для тых, якія мелі застацца жывымі; і сталася, што маабцы зрабіліся нявольнікамі Давіда, і прыносілі яму даніну.
3І пабіў таксама Давід Ададэзэра, сына Рагоба, цара Собы, калі той пайшоў, каб аднавіць валадаранне сваё над ракой Эўфрат.
4І Давід, узяўшы ў яго тысячу семсот коннікаў і дваццаць тысяч пяхоты, падрэзаў сухажыллі ва ўсіх коней калясніц; а сабе пакінуў з іх сто калясніц.
5А калі Арам з Дамаска прыйшоў, каб прынесці дапамогу Ададэзэру, цару Собы, Давід пабіў у Арама дваццаць дзве тысячы чалавек,
6і паставіў Давід гарнізоны ў Араме Дамаска; і Арам быў падпарадкаваны Давіду і прыносіў яму даніну. І Госпад дапамагаў Давіду ва ўсім, што ён рабіў.
7І ўзяў Давід залатую зброю, якую мелі паслугачы Ададэзэра, і прынёс яе ў Ерузалім;
8і з гарадоў Ададэзэра Тэбаха і Бэратая ўзяў цар Давід вельмі шмат медзі.
9А пачуў цар Эмата Той, што Давід перамог усё войска Ададэзэра,
10і паслаў Той сына свайго Адарама да цара Давіда, каб прывітаць Яго, прыносячы віншаванні, і падзякаваць яму, што ваяваў з Ададэзэрам і пабіў яго; бо ворагам быў Той Ададэзэру. І прывёз падарункі Адарам: посуд срэбраны і посуд залаты, а таксама посуд медны,
11якія цар Давід асвяціў для Госпада разам са срэбрам і золатам, якое забраў ён ва ўсіх упакораных народаў:
12у Арама, маабцаў, сыноў Амона, філістынцаў, амалекцаў, і з рук Ададэзэра, сына Рагоба, цара Собы.
13 Пс. 60:2 Таксама праславіў Давід імя сваё, калі, вяртаючыся, пабіў эдомцаў у Саляным лагу, забіўшы васемнаццаць тысяч чалавек.
14І паставіў ён у Эдоме гарнізоны, і ўвесь Эдом стаў нявольнікам Давіда. І Госпад дапамагаў Давіду ва ўсім, што ён рабіў.
15І Давід цараваў над усім Ізраэлем, таксама Давід спраўляў суд і справядлівасць над усім сваім народам.
16 2Сам. 20:23-25 А Ёаб, сын Сэруі, быў над войскам, а Язафат, сын Ахілуда, быў загадчыкам,
17і Садок, сын Ахітуба, і Абіятар, сын Ахімэлеха, былі святарамі, і Сарая быў пісарам.
18А Баная, сын Ёяды, быў над херэтамі і фелетамі; а сыны Давіда былі падручнымі цара.
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
