Кніга Ярэміі Раздзел 38 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1І пачулі Сафація, сын Матана, Гадалія, сын Пасура, і Юкал, сын Сэлеміі, і Пасур, сын Мэльхіі, словы, якія прамаўляў Ярэмія да ўсяго народа, кажучы:

2 Ярэм. 21:9; 45:5 «Гэта кажа Госпад: “Хто застанецца ў гэтым горадзе, памрэ ад меча, голаду і пошасці, хто ж пяройдзе да халдэяў, застанецца жыць, і душа яго будзе здабычаю яму, і будзе жыць”.

3Гэта кажа Госпад: “Дакладна, горад гэты будзе выдадзены ў рукі войска цара Бабілона, і ён здабудзе яго”».

4Дык князі сказалі цару: «Мы прасілі забіць гэтага чалавека, бо ён наўмысна аслабляе рукі ваяроў, якія засталіся ў гэтым горадзе, і рукі ўсяго народа, калі да іх гаворыць падобныя словы. Чалавек гэты не шукае спакою для гэтага народа, але няшчасця!»

5І сказаў цар Сэдэцыя: «Вось, ён у вашых руках! Не можа бо цар ні ў чым вам запярэчыць».

6І ўзялі яны Ярэмію, і ўкінулі яго ў яму Мэльхія, сына цара, якая знаходзілася на вартавым панадворку. І спусцілі Ярэмію на вяроўках. І не было ў яме вады, адно балота; і, такім чынам, трапіў Ярэмія ў бруд.

7І пачуў Абэд-Мэлек з Этыёпіі, адзін з еўнухаў, што быў у доме цара, што Ярэмію кінулі ў яму, а цар сядзеў акурат у браме Бэньяміна,

8і выйшаў Абэд-Мэлек з дома цара, і прамовіў цару, кажучы:

9«Валадару мой, цар! Гэтыя людзі зрабілі благое ўва ўсім, што ўчынілі прароку Ярэмію, укідваючы яго ў яму. Бо памрэ ж ён з голаду там, тым больш што няма ўжо хлеба ў горадзе!»

10І загадаў цар Абэд-Мэлеку з Этыёпіі, кажучы: «Вазьмі сабе адсюль трыццаць чалавек і выцягні прарока Ярэмію з ямы перш, чым ён памрэ».

11І Абэд-Мэлек, узяўшы з сабою людзей, пайшоў у дом цара, у пакой, што быў пад скарбніцай, узяў адтуль анучы са старога адзення ды лахманы і спусціў іх на вяроўках Ярэмію ў яму.

12І сказаў Абэд-Мэлек з Этыёпіі Ярэмію: «Падкладзі сабе гэтыя старыя анучы пад пахі і пад вяроўкі». І Ярэмія зрабіў гэтак.

13І выцягнулі Ярэмію на вяроўках, і дасталі яго з ямы. І сядзеў Ярэмія на панадворку варты.

14Тады цар Сэдэцыя паслаў прывесці прарока Ярэмію да яго, да трэцяга ўваходу, які быў у доме Госпада. І сказаў цар Ярэмію: «Папытаюся ў цябе пра адну рэч, і ты не ўтойвай нічога ад мяне!»

15І сказаў Ярэмія Сэдэцыі: «Калі прадкажу табе, хіба не заб’еш мяне? А калі дам табе раду, не паслухаеш мяне».

16І прысягнуў цар Сэдэцыя патаемна Ярэмію гэтымі словамі: «Жывы Госпад, Які даў нам гэтую душу, не заб’ю цябе і не выдам цябе ў рукі людзей, тых, якія цікуюць на тваю душу!»

17Тады Ярэмія сказаў Сэдэцыі: «Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля. Калі ты добраахвотна выйдзеш да князёў цара Бабілона, то будзе жыць душа твая, і горад гэты не будзе спалены агнём, і ты будзеш жыць, і дом твой.

18Калі ж не выйдзеш да князёў цара Бабілона, то горад гэты трапіць у рукі халдэяў, і спаляць яго агнём, і сам ты не ўхаваешся ад рукі іх».

19І сказаў цар Сэдэцыя Ярэміі: «Я баюся жыхароў Юдэі, якія перайшлі да халдэяў, каб яны часам не выдалі мяне ў іх рукі і каб не здзекаваліся з мяне».

20Ярэмія адказаў: «Не выдадуць яны цябе. Паслухай, калі ласка, голасу Госпада ў справе, аб якой я табе кажу, і выйдзе табе гэта на добрае, і будзе жыць душа твая.

21Калі ж адмовішся выйсці, вось слова, якое паказаў мне Госпад:

22“Вось, усе жанчыны, якія засталіся ў доме цара Юды, вядуцца да князёў цара Бабілона і крычаць: “Падманулі цябе і ашукалі цябе сябры твае; ногі твае ўгразлі ў балоце, а яны ўцяклі ад цябе.

23І ўсе жонкі твае, і сыны твае будуць заведзены да халдэяў, і ты не ўцячэш ад рук іх, але будзеш схоплены рукою цара Бабілона; і горад гэты будзе спалены агнём”».

24І сказаў Сэдэцыя Ярэміі: «Хай ніхто не ведае гэтых слоў, і ты не памрэш!

25Калі ж пачуюць князі, што я гаварыў з табой, прыйдуць яны да цябе і скажуць табе: “Скажы нам, аб чым гаварыў ты з царом? Нічога не хавай перад намі, тады не заб’ём цябе! Дык што табе казаў цар?”

26Тады ты скажаш ім: “Я ўзносіў свае маленні да цара, каб ён не загадаў зноў вярнуцца мне ў дом Ёнатана, бо там я памру”».

27І сапраўды прыйшлі да Ярэміі ўсе князі і запыталіся ў яго. І ён адказаў ім згодна з усім тым, што загадаў яму цар, і пакінулі яго ў супакоі, бо ніхто нічога не пачуў, пра што яны гаварылі.

28 Эзэк. 33:21 І сядзеў Ярэмія далей на панадворку варты аж да дня, калі быў здабыты Ерузалім.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help