Кніга Даніэля Раздзел 14 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1І цар Астыяг далучыўся да бацькоў сваіх, і прыняў царства яго перс Кір.

2А Даніэль быў царскім сатрапезнікам і перавышаў важнасцю ўсіх яго прыяцеляў.

3Бабілонцы таксама пакланяліся ідалу на імя Бэл, і ўскладаліся яму штодзень дванаццаць мерак найчысцейшай мукі, і сорак авечак, і шэсць глякоў віна.

4Пакланяўся яму і цар і прыходзіў штодзень, каб аддаць яму паклон; Даніэль жа славіў свайго Бога.

5І сказаў яму цар: «Чаму не пакланяешся Бэлу?» Ён яму адказаў: «Бо я слаўлю не ідалаў, зробленых рукамі, але Бога жывога, Які стварыў неба і зямлю ды мае ўладу над усімі істотамі».

6Ды сказаў яму цар: «Табе здаецца, што Бэл нежывы Бог? А ці не бачыш, колькі ён з’ядае і п’е штодзень?»

7І Даніэль адказаў, смеючыся: «Ты памыляешся, цару; ён бо ў сярэдзіне з гліны і зверху з медзі, і ніколі ён не еў і не піў».

8І разгневаны цар склікаў святароў сваіх і сказаў ім: «Калі не скажаце мне, хто з’ядае гэтыя ахвяры, — памраце;

9а калі дакажаце, што Бэл з’ядае гэта, Даніэль памрэ, бо сплявузгаў на Бэла». І сказаў Даніэль цару: «Хай здзейсніцца слова тваё».

10Было ж семдзесят святароў Бэла, апрача жонак, і малых, і сыноў. І прыйшоў цар з Даніэлем у храм Бэла.

11І святары Бэла сказалі: «Вось, мы выходзім вонкі; і ты, цару, прынясі ежу, і змяшай віно, і пастаў яго, і замкні дзверы, і запячаткуй сваім пярсцёнкам;

12і калі ўвойдзеш раніцай і не знойдзеш, што Бэл з’еў усё, памром смерцю мы, або хай памрэ Даніэль, які ачарніў нас».

13Не турбаваліся яны, бо зрабілі яны пад сталом ахвярным патаемны ўваход, і праз яго ўваходзілі заўсёды, і з’ядалі ўсё.

14Дык сталася, калі выйшлі яны і цар паклаў ежу для Бэла, Даніэль загадаў паслугачам сваім прынесці попелу і пасыпаць праз увесь храм у прысутнасці толькі самога цара, і, выйшаўшы, заперлі дзверы, і, запячаткаваўшы царскім пярсцёнкам, пайшлі.

15Святары ж увайшлі, як звычайна, ноччу разам з жонкамі і са сваімі дзецьмі, і з’елі ўсё і выпілі.

16Цар жа ўстаў раніцай, і Даніэль разам з ім;

17і цар сказаў: «Даніэлю, ці пячаткі не парушаны?» Ён адказаў: «Не парушаны, цару».

18І, як толькі адкрыў дзверы, глянуў цар на стол ахвярны і закрычаў вельмі моцным голасам: «Вялікі ты, Бэлу, і няма ў цябе ніякай хітрасці!»

19Даніэль жа ўсміхнуўся і ўтрымаў цара ад уваходу ўнутр, кажучы: «Глянь толькі на падлогу і пабач, чые гэта сляды?»

20Цар жа сказаў: «Бачу сляды мужчын, і жанчын, і дзяцей».

21І разгневаўся цар. Тады ён загадаў схапіць святароў, і жонак іх, і дзяцей, дык паказалі яму патаемны ўваход, праз які ўваходзілі і з’ядалі тое, што было на стале.

22Такім чынам, цар загадаў іх забіць, і Бэла аддаў пад уладу Даніэля, які яго знішчыў разам з храмам яго.

23І быў вялікі вуж, і яму пакланяліся бабілонцы.

24І цар сказаў Даніэлю: «Немагчыма сказаць, што гэта не ёсць бог жывы; такім чынам, пакланіся яму».

25І Даніль сказаў: «Госпаду, Богу майму, буду пакланяцца, бо Ён ёсць Бог жывы.

26Ты ж, цару, дай мне ўладу, і я заб’ю вужа без дапамогі меча і палкі». І цар адказаў: «Даю табе такое».

27Дык Даніэль узяў смалы, і лою, і валасоў і спёк разам; і нарабіў булак, і кінуў у пашчу вужа. І калі вуж з’еў, то лопнуў. І ён сказаў: «Вось каму вы пакланяліся».

28Калі пачулі пра гэта бабілонцы, ахапіла іх вялікае абурэнне, і сабраліся супраць цара, і казалі: «Цар стаўся юдэем; Бэла загадаў пабіць, вужа разадраць, і святароў забіў».

29І, пайшоўшы да цара, сказалі: «Аддай нам Даніэля; інакш заб’ём цябе і дом твой».

30Такім чынам, убачыў цар, што дужа насядаюць на яго, і, змушаны неабходнасцю, выдаў ім Даніэля.

31Яны кінулі яго ў ільвіны роў, дзе прабываў ён шэсць дзён.

32Было ж у рове сем ільвоў, і давалі ім два целы людскія і дзве авечкі штодзень; і ў той час не далі ім нічога, каб з’елі Даніэля.

33А ў Юдэі быў прарок Абакук, і зварыў ён поліўку, і пакрышыў хлеб у пасудзіне, і пайшоў на поле, каб занесці гэта жняцам.

34І анёл Госпадаў прамовіў да Абакука: «Занясі абед, які маеш, Даніэлю ў Бабілон, у роў ільвіны».

35І Абакук адказаў: «Госпадзе, я ніколі не бачыў Бабілона і не ведаю рова львінага».

36Ды ўхапіў яго анёл за цемя яго, і панёс яго за валасы галавы яго, прынёс у Бабілон на край рова ў моцы духу свайго.

37І закрычаў Абакук, кажучы: «Даніэлю! Даніэлю! Вазьмі абед, які табе Бог пасылае!»

38І Даніэль сказаў: «Божа, памятаў Ты пра мяне і не пакінуў таго, хто Цябе шануе!»

39І Даніэль, падняўшыся, паеў. А анёл Божы вярнуў імгненна Абакука на папярэдняе месца.

40Такім чынам, цар прыйшоў на сёмы дзень, каб плакаць па Даніэлю; і прыйшоў да рова і ўбачыў Даніэля, які сядзеў.

41І закрычаў цар моцным голасам, кажучы: «Вялікі Ты, Госпадзе, Божа Даніэля, і няма ніводнага, акрамя Цябе!»

42Тых жа, якія хацелі яго загубы, укінуў у роў; і былі яны зараз жа ў яго прысутнасці з’едзены.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help