1І прыступілі ўсе кіраўнікі войскаў, гэта значыць Ёханан, сын Карэя, і Езанія, сын Асаі, ды ўвесь народ, ад малога да вялікага,
2і сказалі прароку Ярэміі: «Хай спадзе наша маленне перад абліччам тваім! Маліся за нас да Госпада, Бога твайго, за ўсю гэтую рэшту, бо засталося нас нямнога з вялікае лічбы, як ты бачыш на ўласныя вочы,
3і няхай Госпад, Бог твой, пакажа нам дарогу, якою маем ісці, і што мы маем рабіць».
4І прарок Ярэмія адказаў ім: «Я чую. Вось, я памалюся да Госпада, Бога вашага, паводле слоў вашых, і кожнае слова, якім Ён адкажа вам, перакажу вам, і не схаваю ад вас нічога».
5А яны сказалі Ярэміі: «Няхай Госпад будзе нам сведкам верным і праўдамоўным, калі мы не будзем рабіць паводле кожнага слова, з якім паслаў цябе да нас Госпад, Бог твой.
6Ці будзе гэта добра, ці блага, паслухаемся голасу Госпада, Бога нашага, да Якога цябе пасылаем, каб нам было добра, калі мы паслухаемся голасу Госпада, Бога нашага».
7Калі ж мінула дзесяць дзён, было слова Госпада да Ярэміі.
8І паклікаў ён Ёханана, сына Карэя, і ўсіх кіраўнікоў войска, якія былі з ім, а таксама ўвесь народ, ад малога да вялікага,
9і сказаў ім: «Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля, да Якога вы паслалі мяне, каб распасцёр я перад Ім вашу просьбу:
10 Ярэм. 24:6 “Калі застанецеся стала жыць у гэтай зямлі, Я адбудую вас і не зруйную, насаджу вас, а не вырву, бо цяпер ахапіў Мяне жаль за тое ліха, якое зрабіў вам.
11Не бойцеся цара Бабілона, перад якім вы, нясмелыя, дрыжыце, не палохайцеся яго, — кажа Госпад, — бо Я з вамі, каб вас збавіць і вырваць з рукі яго.
12 1Цар. 8:50 Я дам вам атрымаць міласэрнасць, і ён злітуецца над вамі і дазволіць вам жыць у сваёй зямлі.
13А калі вы скажаце: “Не будзем жыць у гэтай зямлі”, ды не паслухаеце голасу Госпада, Бога вашага,
14і скажаце: “Не! Мы накіруемся ў зямлю Егіпецкую, дзе не будзем бачыць вайны, і чуць поклічу трубы, і не будзем цярпець голаду, і там будзем жыць”, —
15дзеля гэтага цяпер паслухайце слова Госпада, рэшта Юды. Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Калі вы звярнулі абліччы свае, каб пайсці ў Егіпет, і пойдзеце, каб там качаваць,
16 Ярэм. 44:12 дасягне вас там, у зямлі Егіпецкай, меч, якога баіцеся, а таксама голад, якога палохаецеся, будзе спадарожнічаць вам у Егіпце, і там вы паўміраеце.
17І людзі, якія звярнулі абліччы свае, каб пайсці ў Егіпет і там качаваць, памруць ад меча, голаду і пошасці, і ніводзін з іх не застанецца і не ўсцеражэцца ад няшчасця, якое Я навяду на іх”».
18Гэта, вось, кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: «Як ўзгарэўся Мой гнеў і абурэнне Маё на жыхароў Ерузаліма, так узгарыцца Маё абурэнне на вас, калі вы пойдзеце ў Егіпет. І станецеся вы праклёнам, страхоццем, знявагаю і здзекам, і месца гэтага болей не пабачыце».
19Слова Госпада да вас, рэшта Юды: «Не ідзіце ў Егіпет». Ведайце добра, што я перасцярог вас сёння,
20вы легкадумна наклікалі ліха на сябе, калі пасылалі мяне да Госпада, Бога нашага, кажучы: «Маліся за нас да Госпада, Бога нашага, і паведамі нам усё, што скажа табе Госпад, Бог наш, а мы гэта выканаем».
21Дык я пераказаў вам сёння, але вы не слухаеце голасу Госпада, Бога вашага, аб усім тым, з чым Ён мяне паслаў да вас.
22Цяпер жа ведайце добра, што паўміраеце ад меча, голаду і пошасці ў месцы, да якога хочаце ісці ды там качаваць.
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
