1Быў адзін чалавек у Раматаіме-Цуфіце з гары Эфраіма, на імя Элькана, сын Ерахама, сына Элію, сына Тогу, сына Суфа, эфраімец.
2І ён меў дзвюх жонак: імя адной Ганна, а імя другой Фанэна. І ў Фанэны былі сыны, а ў Ганны дзяцей не было.
3 Вых. 23:17 І штогод той чалавек хадзіў са свайго горада, каб пакланіцца і ўскласці ахвяру Госпаду Магуццяў у Сіло. Былі ж там два сыны Гэлі: Хофні і Пінхас, святары Госпада.
4Такім чынам, прыходзіў дзень, і Элькана ўскладаў ахвяру і даваў жонцы сваёй Фанэне і ўсім яе сынам і дочкам па частцы,
5а Ганне даваў адну найлепшую частку, бо Ганну ён любіў; але Госпад замкнуў улонне яе.
6Таксама яе суперніца чыніла шкоду і вельмі дакучала ёй, каб яе засмучаць, таму што Госпад замкнуў яе ўлонне.
7І так яна рабіла многія гады; калі тая прыходзіла ў святыню Госпада, яна, у зручны момант, моцна узрушвала яе. Ганна пасля таго плакала і не прымала ежы.
8Дык сказаў ёй Элькана, муж яе: «Ганна, чаму ты плачаш і чаму не ясі? І чаму сумуе сэрца тваё? Ці ж я табе не мілейшы, чым дзесяць сыноў?»
9Ганна ўстала, калі ў Сіло скончылі есці і піць і калі святар Гэлі сядзеў на крэсле перад брамай святыні Госпада.
10Паколькі Ганна была сумная душою, яна малілася Госпаду, горка плачучы,
11 Ліч. 6:5 і давала абяцанне, кажучы: «Госпад Магуццяў, калі Ты, глянуўшы, убачыш смутак паслугачкі Сваёй і прыгадаеш мяне, і не забудзешся на паслугачку Сваю, і паслугачцы Сваёй дасі дзіця мужчынскага полу, то аддам яго Госпаду на ўсе дні жыцця яго, і лязо не дакранецца да галавы яго».
12Дык, калі яна памнажала малітвы перад Госпадам, здарылася, што Гэлі прыглядаўся да яе вуснаў.
13А Ганна гаварыла ў глыбіні сэрца свайго; і толькі варушыліся вусны яе, але голасу не было чуваць, таму Гэлі падумаў, што яна п’яная,
14і сказаў ёй: «Дакуль будзеш п’яная? Працверазей трохі ад віна, з-за якога ты п’яная!»
15Ганна, адказваючы, прамовіла: «Не, гаспадару мой, бо я вельмі нешчаслівая жанчына: я не піла ані віна, ані чагосьці, што можа ап’яніць, але выліваю я душу сваю перад Госпадам.
16Не лічы паслугачку сваю за адну з дачок Бэліяла, бо я з-за вялікага болю і смутку свайго гаварыла да сённяшняга моманту».
17Гэлі тады сказаў ёй: «Ідзі ў супакоі, а Бог Ізраэля хай споўніць просьбу тваю, пра што маліла Яго».
18І яна сказала: «О, няхай знойдзе паслугачка твая ласку ў вачах тваіх». І адышла тая жанчына дарогаю сваёй, і ела, і аблічча яе не было ўжо такім, як раней.
19І падняліся назаўтра рана, і пакланіліся перад Госпадам. І пайшлі ў дарогу зваротную, і прыбылі ў дом свой у Раме. А Элькана пазнаў жонку сваю Ганну, і Госпад прыгадаў яе.
20І здарылася па нейкім часе, што Ганна пачала, і нарадзіла сына, і дала яму імя Самуэль, таму што ад Госпада выпрасіла яго.
21Муж яе Элькана і ўвесь дом яго пайшоў, каб ускласці гадавую ахвяру Госпаду і споўніць абяцанне сваё.
22І Ганна не пайшла, бо яна сказала мужу свайму: «Не пайду, пакуль хлапчаня не будзе аднята ад грудзей, і завяду яго, і ён стане перад абліччам Госпада і застанецца там назаўсёды».
23Адказаў ёй Элькана, муж яе: «Рабі, што табе здаецца добрым, і заставайся, пакуль яго не адымеш ад грудзей; і я малюся, каб Госпад здзейсніў слова Сваё». Дык засталася жанчына і карміла сына свайго, пакуль не адняла яго ад грудзей сваіх.
24І павяла яго з сабою пасля таго, як адняла, з трохгадовым быком, адной эфай мукі і з бурдзюком віна; і прывяла яго ў дом Госпада ў Сіло. А хлопец быў яшчэ дзіцём.
25І прынеслі яны ў ахвяру быка, і прадставілі хлопца Гэлі.
26І сказала тады Ганна: «Прашу, гаспадару мой, хай жыве душа твая, гаспадару; я тая самая жанчына, якая стаяла тут перад табой і маліла Госпада.
27Маліла я пра гэтае дзіця, і споўніў Госпад просьбу маю, аб якой я прасіла ў Яго.
28Таму і даручаю яго Госпаду; на ўсе дні, колькі будзе жыць, ён адданы на службу Госпаду». І пакланілася там Госпаду.
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
