Кніга Паўторанага Закону Раздзел 23 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1Не павінен еўнух з патрушчанымі або адсечанымі яечкамі або адрэзаным членам уваходзіць у супольнасць Госпадаву.

2Не павінен уваходзіць байструк у супольнасць Госпадаву, нават у дзесятым пакаленні.

3 Нэгэм. 13:1, 2 Не павінны ўваходзіць аманіцяне і маабцы ў супольнасць Госпада навекі, нават у дзесятым пакаленні; не ўвойдзе ён у супольнасць Госпада навекі,

4 Ліч. 22:1-6 таму што не захацелі яны выйсці вам насустрач з хлебам і вадой, калі вы ішлі з Егіпта, ды набылі супраць цябе Балаама, сына Бэора, з Пэтора ў Арам-Нагараіме, каб цябе праклінаў.

5 Ліч. 23:7–24:9 Але Госпад, Бог твой, не захацеў слухаць Балаама, і замяніў праклён адносна цябе на дабраславенне, бо Ён узлюбіў цябе.

6Не ўчыняй з імі міру і не жадай ім дабра ва ўсе дні жыцця свайго навекі.

7Не мусіш брыдзіцца эдомцам, бо ён — твой брат, ані егіпцянінам, бо прыбыльцам быў ты ў зямлі яго:

8тыя, што нарадзіліся ад іх у трэцім пакаленні, могуць увайсці ў супольнасць Госпадаву.

9Калі выступіш супраць ворагаў тваіх у бой, сцеражыся ўсякай ліхой рэчы.

10Калі знойдзецца ў цябе чалавек, які паганіцца ў час начнога сну, дык хай выйдзе ён з лагера і не вернецца,

11перш, чым не памыецца да вечара вадою, а пры захадзе сонца хай вернецца ў лагер.

12Завядзі месца па-за лагерам, у якое хадзі па патрэбе,

13несучы кіёчак за поясам, і, калі выйдзеш вонкі, выкапай ямку і, схінуўшы нячыстасць, закапай.

14Бо Госпад, Бог твой, ходзіць пасярод лагера твайго, каб берагчы цябе ад ворагаў тваіх і выдаваць іх табе; хай лагер твой будзе святы, і хай не ўбачыць Ён аніякай нячыстасці ў ім і не пакіне цябе.

15Не выдавай нявольніка, які да цябе ўцёк, гаспадару яго.

16Хай ён жыве з табою пасярод цябе, у месцы, якое ён выбера ў адным з гарадоў тваіх, які спадабаецца яму, і ты не засмучай яго.

17 Святар. 19:29 Хай не будзе распусніцы сярод дачок Ізраэля, ані мужчыны распусніка сярод сыноў Ізраэля.

18Не складай у ахвяру заробку распусніцы або платы распусніка ў доме Госпада, Бога твайго, чым бы ты ні прысягаў, бо Госпад, Бог твой, брыдзіцца адным і другім.

19 Вых. 22:25; Святар. 25:36, 37; Паўт. Зак. 15:7-11 Не давай пазыкі пад працэнты брату свайму ані грашамі, ані харчаваннем, ані іншымі якімі рэчамі,

20 Паўт. Зак. 15:3 але давай чужому. Брату ж дай без працэнтаў тое, у чым ён мае патрэбу, каб дабраславіў цябе Госпад, Бог твой, ва ўсім, да чаго прыкладзеш ты руку сваю на зямлі, у якую ўвайшоў ты, каб валодаць.

21 Ліч. 30:1-16; Экл. 5:3; Мц. 5:33 Калі складзеш прысягу Госпаду, Богу твайму, не марудзь выканаць яе, бо Госпад, Бог твой, запатрабуе гэтага ад цябе і залічыцца гэта табе за грэх.

22Калі ўстрымаешся ад абяцання, будзеш без граху.

23А што выйшла з вуснаў тваіх, тое захоўвай і рабі, як абяцаў ты Госпаду, Богу твайму; з уласнай волі і вуснамі сваімі ты гэта абяцаў.

24Калі ўвойдзеш у вінаграднік блізкага свайго, еж вінаград, колькі табе падабаецца, але ў кошыку не вынось з сабой.

25І калі ўвойдзеш на ніву блізкага свайго, зрывай каласы рукою, а сярпом не жні.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help