Кніга Ярэміі Раздзел 31 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1«У той час, — кажа Госпад, — Я буду Богам для ўсіх плямёнаў Ізраэля, а яны будуць Мне народам».

2Гэта кажа Госпад: «Знайшоў ласку ў пустыні народ, які ўратаваўся ад меча. Ізраэль пойдзе да месца супачынку свайго».

3Госпад аб’явіўся мне здалёк: «Я ўзлюбіў цябе любоўю вечнаю, дзеля таго прыгарнуў цябе з міласэрнасцю.

4Я зноў адбудую цябе, і будзеш ты адбудаваная, дзева Ізраэля. Ты зноў аздобішся бубнамі сваімі і выйдзеш у карагодзе вясёлым.

5Ты зноў будзеш садзіць вінаграднікі на ўзгорках Самарыі, і будуць садзіць іх і збіраць вінаград земляробы.

6Надыдзе бо дзень, калі вартаўнікі закрычаць на гары Эфраіма: “Уставайце, узыдзем на Сіён да Госпада, Бога нашага”.

7Бо вось што кажа Госпад: “Спявайце радасна ў гонар Якуба, усклікайце перад першым між народамі! Абвяшчайце, спявайце і кажыце: “Збаў, Госпадзе, народ Твой, рэшту Ізраэля!”

8Вось, Я прывяду іх з зямлі паўночнай і збяру іх з канцоў зямлі, між імі будуць сляпы і кульгавы, жанчына цяжарная і парадзіха разам: вялікая грамада тых, што вяртаюцца сюды.

9 Вых. 4:22 Яны выйшлі плачучы, але Я прывяду іх з радасцю, Я павяду іх праз ручаі водныя, дарогай прамой, і не будуць яны спатыкацца на ёй, бо Я стаўся для Ізраэля бацькам, а Эфраім — першародны Мой”».

10Народы, паслухайце слова Госпада, і абвясціце на астравах, што воддаль, і скажыце: «Той, Хто расцярушыў Ізраэля, збярэ яго; і будзе берагчы яго, як пастух статак свой».

11Адкупіў бо Госпад Якуба і вызваліў яго з рукі дужэйшага за яго.

12 Іс. 58:11 І прыйдуць яны, і будуць спяваць хвалу на гары Сіён, і прыгарнуцца да даброццяў Госпада: збожжа, і віна, і аліўкавага алею, ягнят і цялят; і душа іх станецца, як сад абводнены, і не будуць яны больш прагнуць.

13«Тады будзе радавацца дзяўчына ў карагодзе, і юнакі, і старыя ўсе разам. І замяню Я смутак іх на радасць, і пацешу іх, і ўзвесялю па іх пакутах.

14І насычу душу святароў тлустасцю, а народ Мой будзе напоўнены дабротамі Маімі», — кажа Госпад.

15 Род. 35:16-19; Мц. 2:18 Гэта кажа Госпад: «Чуецца ў Раме голас ляманту, плач і галашэнне Ракелі, якая аплаквае сыноў сваіх і не хоча супакоіцца дзеля іх, бо няма іх».

16Гэта кажа Госпад: «Хай супакоіцца твой голас ад плачу і вочы твае ад слёз, бо ёсць узнагарода за працу тваю, — кажа Госпад, — і яны вернуцца з зямлі варожай.

17І ёсць надзея дзеля будучыні тваёй, — кажа Госпад, — і вернуцца сыны ў межы свае».

18Слухаў Я і пачуў перасяленца Эфраіма: «Пакараў Ты мяне, і я навучаны, як нерахманае цяля. Навярні мяне, і я навярнуся, бо Ты — Госпад, Бог мой!

19Як бо навярнуў Ты мяне, я пакаяўся, а калі паказаў Ты мяне, я ўдарыў па сцёгнах сабе, засаромеўся і пачырванеў, бо атрымаў я за ганьбу маладосці сваёй».

20«Ці ты, Эфраім, не дарагі сын Мой і ці не мілае дзіця? Бо колькі разоў гаварыў Я пра яго, а ён усё прыгадваецца Мне? Таму знемаглося нутро Маё дзеля яго, і, шкадуючы, пашкадую яго», — кажа Госпад.

21Пастаў сабе камяні, парасстаўляй сабе знакі на дарогах, звярні сэрца сваё на дарогу, на шлях, якім ішла; вярніся, дзева Ізраэля, вярніся да гэтых гарадоў сваіх!

22Дакуль будзеш бадзяцца, дачка непакорлівая? Госпад бо стварыў навіну на зямлі: жанчына збавіць мужа.

23Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: «Дагэтуль будуць гаварыць гэтае слова ў зямлі Юдэйскай і ў гарадах яе, калі Я перамяню лёс іх: “Хай дабраславіць цябе Госпад, жытло справядлівасці, гара святая”.

24І абжывуцца ў ёй Юда, і ўсе разам гарады яе, земляробы і тыя, што за статкам ходзяць.

25Бо напаю Я душу знямоглую, і кожную душу згаладнелую накармлю».

26На гэтым як бы ад сну я прачнуўся і глянуў, і сон мой быў мне прыемны.

27«Вось жа, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — і Я засею дом Ізраэля і дом Юды семем людзей і семем жывёлы.

28 Ярэм. 32:42 І як рупіўся Я пра іх, каб вырываць і нішчыць, раскідваць, губіць і пераследаваць, так буду рупіцца пра іх, каб адбудаваць іх і засадзіць — кажа Госпад.

29 Эзэк. 18:2, 3 У тыя дні не будуць яны ўжо казаць: “Бацькі елі горкія ягады, а зубы сыноў здранцвелі”,

30але кожны памрэ за сваю злачыннасць, і ў кожнага чалавека, які будзе есці горкія ягады, здранцвеюць зубы яго.

31 Геб. 8:8-12 Мц. 26:28; Мк. 14:24; Лк. 22:20; 1Кар. 11:25; 2Кар. 3:6 Вось, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — і Я заключу з домам Ізраэля і з домам Юды новы запавет.

32Не такі запавет, які заключыў Я з бацькамі іх, у дзень, калі ўзяў іх за руку, каб вывесці іх з зямлі Егіпецкай, запавет, які яны парушылі, а Я ж валадарыў над імі, — кажа Госпад.

33 Геб. 10:16 Але вось якім будзе запавет, які Я заключу з домам Ізраэля па тых днях, — кажа Госпад, — Я размяшчу закон Мой у нутры іх ды ў сэрцы іх напішу яго, і буду ім Богам, а яны будуць Мне народам.

34 Геб. 10:17 І не будзе вучыць болей чалавек блізкага свайго і брат брата свайго, кажучы: “Спазнай Госпада”, бо ўсе ад найменшага з іх аж да найбольшага будуць ведаць Мяне, — кажа Госпад, — бо Я прабачу злачынствы ім і пра грахі іх не буду больш узгадваць».

35 Род. 1:16 Гэта кажа Госпад, Які дае сонца, як свяціла дня, парадак месяцу і зоркам, як свяцілам ночы, Які хвалюе мора, што шумяць хвалі яго, імя Яму — Госпад Магуццяў:

36«Калі б зніклі гэтыя законы перад абліччам Маім, — кажа Госпад, — тады б знікла і насенне Ізраэля і не было б перада Мною народам на ўсе дні.

37Гэта кажа Госпад: “Калі магчыма будзе змерыць неба ўгары і даследаваць падваліны зямлі ўнізе, тады і Я адкіну ўсё семя Ізраэля за ўсё тое, што яны зрабілі”, — кажа Госпад.

38“Вось, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — калі будзе адбудаваны горад Госпада ад вежы Хананээль аж да вонкавай брамы.

39І будзе цягнуцца далей шнур для мерання наўпрост, аж да ўзгорка Гарэб, ды зверне на Гоа.

40І ўся лагчына трупаў і попелу, ды ўсё наваколле аж да ручая Цэдрон, да рога брамы Конскай на ўсход — святыня Госпада, і не будуць яны ўжо больш знішчаныя і зруйнаваныя навекі”».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help