Першая кніга Цароў Раздзел 12 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1 2Пар. 10:1-19 І пайшоў Рабаам у Сіхэм, бо там сабраўся ўвесь Ізраэль паставіць яго царом.

2 1Цар. 11:40 Пачуў гэтую вестку Ерабаам, сын Набата, калі яшчэ быў уцекачом ад цара Саламона ў Егіпце, і вярнуўся Ерабаам з Егіпта.

3І паслалі паклікаць яго. Дык прыйшоў Ерабаам і ўся супольнасць Ізраэля, і прамовілі яны да Рабаама, кажучы:

4«Бацька твой наклаў на нас ярмо найцяжэйшае; а ты цяпер зменшы крыху вельмі жорсткую ўладу бацькі твайго і найцяжэйшае ярмо яго, якое наклаў ён на нас, і мы будзем служыць табе».

5Ён сказаў ім: «Ідзіце і праз тры дні вярніцеся да мяне». І, калі народ адышоў,

6цар Рабаам раіўся са старэйшынамі, якія знаходзіліся пры Саламоне, бацьку яго, калі ён яшчэ жыў, і сказаў ён: «Што вы параіце мне адказаць гэтаму народу?»

7Яны сказалі яму: «Калі сёння паслухаеш гэты народ і будзеш служыць яму, і споўніш іх просьбу, і будзеш гаварыць да іх словы спагадныя, будуць яны табе паслугачамі ва ўсе дні».

8Але ён адкінуў раду старэйшых, якую яны яму далі, і раіўся з маладымі, што гадаваліся разам з ім, якія былі ў яго дарадчыкамі.

9І сказаў ён ім: «Што вы параіце мне адказаць народу гэтаму, які казаў мне: “Зрабі лягчэйшым ярмо, якое наклаў на нас бацька твой”»?

10І маладыя, якія разам з ім гадаваліся, сказалі яму: «Так скажы гэтаму народу, які казаў табе, кажучы: “Бацька твой уцяжыў ярмо нашае, а ты зрабі нам палёгку”; ты скажы ім так: “Найменшы палец мой — грубейшы за сцёгны бацькі майго.

11Дык вось, бацька мой наклаў на вас цяжкае ярмо, а я яшчэ дадам да вашага ярма; бацька мой караў вас бізунамі, а я буду караць вас скарпіёнамі”».

12Такім чынам, трэцяга дня прыйшоў Ерабаам і ўвесь народ да Рабаама, як ім сказаў цар: «Вернецеся да мяне праз тры дні».

13І адказаў цар народу жорстка, бо не пайшоў ён за парадаю старэйшых, якую яны яму давалі,

14і сказаў ім паводле рады маладых, кажучы: «Бацька мой уцяжарыў ваша ярмо, а я яшчэ дадам да ярма вашага. Бацька мой караў вас бізунамі, а я буду вас караць скарпіёнамі».

15 1Цар. 11:31-39 І не паслухаў цар народа, бо так быў настроены Госпадам, каб споўнілася слова Яго, якое Госпад сказаў праз Ахію з Сіло Ерабааму, сыну Набата.

16 2Сам. 20:1 Такім чынам, увесь Ізраэль, бачачы, што цар не хоча іх слухаць, у адказ сказаў яму: «Якая нам частка ў Давіда або якая спадчына ў сыне Ясэя? Ізраэлю, разыходзьцеся ў палаткі свае! Цяпер, Давід, глядзі на дом свой!» І разышоўся Ізраэль па палатках сваіх.

17І Рабаам цараваў над тымі сынамі Ізраэля, якія жылі ў гарадах Юдэі.

18Паслаў цар Рабаам Аданірама, які быў наглядчыкам за данінаю; і ўвесь Ізраэль укаменаваў яго, і ён памёр. А цар Рабаам паспешна сеў у калясніцу і ўцёк у Ерузалім.

19І адышоў Ізраэль ад роду Давіда аж да цяперашняга дня.

20Здарылася ж, калі пачуў увесь Ізраэль, што вярнуўся Ерабаам, то паслалі па яго і паклікалі яго, склікаўшы сход, і паставілі яго царом над усім Ізраэлем; і пры доме Давіда не засталося нікога, апрача аднаго пакалення Юды.

21 2Пар. 11:1-4 І вярнуўся Рабаам у Ерузалім, і сабраў увесь дом Юды і пакаленне Бэньяміна, сто восемдзесят тысяч адборных ваяроў, каб пачаць вайну з Ізраэлем і вярнуць царства Рабааму, сыну Саламона.

22А сталася, што прамовіў Госпад да Сямэі, чалавека Божага, гэтыя словы:

23«Скажы Рабааму, сыну Саламона, цару Юды, і ўсяму дому Юды і Бэньяміна, і рэшце народа, кажучы:

24“Гэта кажа Госпад: “Не выходзьце і не ваюйце супраць братоў вашых, сыноў Ізраэля; хай кожны вяртаецца ў дом свой; бо ад Мяне гэта сталася”». Яны паслухаліся слова Госпадава і вярнуліся назад, як загадаў ім Госпад.

25І пабудаваў Ерабаам Сіхэм на гары Эфраім, і абжыўся там, а потым выйшаў адтуль і пабудаваў Пэнуэль.

26І сказаў Ерабаам у сэрцы сваім: «Цяпер царства можа вярнуцца да дому Давіда,

27калі народ гэты будзе хадзіць ускладаць ахвяры ў святыні Госпада ў Ерузаліме, то захоча таксама сэрца народа гэтага вярнуцца да гаспадара свайго, Рабаама, цара Юды, і яны заб’юць мяне і вернуцца да Рабаама, цара Юды».

28 Вых. 32:4 Таму, прыдумаўшы рашэнне, цар зрабіў двух залатых цяльцоў і сказаў народу: «Не хадзіце болей у Ерузалім! Вось багі твае, Ізраэлю, якія вывелі цябе з зямлі Егіпецкай».

29І паставіў аднаго ў Бэтэлі, і другога падараваў у Дане;

30і гэта прывяло да граху: бо народ стаў хадзіць да аднаго з іх аж у Дан.

31 2Пар. 11:15 І паставіў ён свяцілішчы на ўзгорках і зрабіў святарамі ліхіх людзей, якія не былі левітамі.

32 Святар. 23:33, 34 І ўстанавіў ён свята ў восьмым месяцы, у пятнаццаты дзень месяца, падобны да таго свята, якое святкавалася ў Юдзе. І сам узыходзіў на ахвярнік; зрабіў ён так у Бэтэлі, ускладаючы крывавую ахвяру цяльцам, якіх сам зрабіў; і паставіў ён у Бэтэлі святароў для ўзгоркаў, якія пабудаваў.

33І ўзышоў ён на ахвярнік, які зрабіў у Бэтэлі, у пятнаццаты дзень восьмага месяца, які ў сэрцы сваім прыдумаў; і ўстанавіў свята для сыноў Ізраэля, і ўзышоў на ахвярнік, каб скласці каджэнне.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help