Кніга Эздры Раздзел 7 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1Па гэтых падзеях у цараванне Артаксэркса, цара персаў, Эздра, сын Сараі, сына Азарыі, сына Хэлькіі,

2сына Сэлума, сына Садока, сына Ахітуба,

3сына Амарыі, сына Азарыі, сына Мэраёта,

4сына Зараі, сына Озі, сына Бокцы,

5сына Абісуэ, сына Пінхаса, сына Элеязэра, сына Аарона, першасвятара, —

6сам Эздра выйшаў з Бабілона; і ён сам быў адукаваным настаўнікам у законе Майсеевым, які даў яму Госпад, Бог Ізраэля. І як рука Госпада, Бога яго, супачывала над ім, то споўніў цар усякую яго просьбу.

7І ў сёмым годзе цара Артаксэркса пайшлі з ім у Ерузалім некаторыя з сыноў Ізраэля: і з сыноў святароў, і з сыноў левітаў, і са спевакоў, і з прыдзверных, і з нявольнікаў святыні.

8І ён вярнуўся ў Ерузалім у пятым месяцы акурат у сёмы год цара.

9У першы дзень першага месяца ён выйшаў з Бабілона, і ў першы дзень пятага месяца прыбыў у Ерузалім, бо спагадная рука Бога яго супачывала на ім.

10Бо Эздра схіліў сэрца сваё, каб вывучаць і спаўняць закон Госпадаў, і выконваць, і вучыць у Ізраэлі прыказанню і закону.

11А вось змест ліста, які даў цар Артаксэркс Эздру, святару, настаўніку, дасведчанаму ў прыказаннях Госпадавых і пастановах Яго для Ізраэля:

12«Артаксэркс, цар цароў — святару Эздру, дасканаламу настаўніку закону Бога нябеснага, — прывітанне.

13Мною выдадзена пастанова, што, калі хто ў маім царстве з народа Ізраэля, ці то са святароў яго, ці з левітаў захоча ісці ў Ерузалім, хай ідзе з табой.

14Бо самім царом і сямю яго дарадчыкамі пасланы ты, каб наведаць Юдэю і Ерузалім паводле закону Бога твайго, які маеш у руцэ сваёй,

15і каб занесці срэбра і золата, якое цар і дарадчыкі яго добраахвотна ахвяравалі Богу Ізраэля, палатка Якога знаходзіцца ў Ерузаліме,

16і ўсё срэбра і золата, якое ты знойдзеш ва ўсёй краіне Бабілонскай разам з добраахвотнымі ахвярамі, складзенымі народам і святарамі для дома Бога свайго, што ў Ерузаліме,

17ты, такім чынам, за гэтыя грошы старанна купляй цялят, бараноў, ягнят, і ахвяры хлебныя, і ахвяры вадкія, і складзі іх на ахвярніку святыні Бога вашага, што ў Ерузаліме.

18Але калі табе і братам тваім захочацца нешта зрабіць з рэштаю срэбра і золата, дык рабіце паводле волі Бога вашага.

19Таксама пасудзіны, якія даручаюцца табе для службы ў доме Бога твайго, перадай перад Богам у Ерузаліме.

20Але і іншае, што спатрэбіцца для дома Бога твайго, выдадуць хай з царскай скарбоўні.

21І я, Артаксэркс, цар, пастанавіў і загадаў усім вартаўнікам грамадскай казны, якія за ракою, каб усё, аб чым папросіць вас Эздра, святар, настаўнік закону Бога нябеснага, вы далі, не адкладаючы:

22срэбра — аж да ста талентаў, і пшаніцы — аж да ста кораў, і віна — аж да ста батаў, і аліўкавага алею — аж да ста батаў; а солі — без абмежавання.

23Усё, што патрабуе Бог нябесны, хай будзе неадкладна дадзена ў дом Бога нябеснага, каб часам не загневаўся Ён на дзяржаву цара і яго сыноў.

24Таксама паведамляем вам, што не маеце права абкладаць падаткам, і данінаю, і падаткам на харчы ўсіх святароў, і левітаў, і спевакоў, і прыдзверных, нявольнікаў і паслугачоў гэтага дома Божага.

25А ты, Эздра, паводле мудрасці Бога твайго, якую маеш, пастаў кіраўнікоў і суддзяў, каб судзілі ўвесь народ за Ракою, гэта значыць, тых, што ведаюць закон Бога твайго; але і тых, хто недасведчаны, старанна вучыце.

26І кожны, хто не спаўняе старанна закону Бога твайго і закону цара, хай будзе асуджаны або на смерць, або на выгнанне, або на грашовае яго пакаранне, або, прынамсі, на вязніцу».

27Дабраславёны, Госпад, Бог бацькоў нашых, Які ўклаў гэта ў сэрца цара, каб уславіць дом Госпада, што ў Ерузаліме,

28і Які на мяне накіраваў міласэрнасць цара і яго дарадчыкаў ды ўсіх магутных кіраўнікоў яго. Ды я, узмацаваны рукою Госпада, Бога майго, якая на мне, сабраў кіраўнікоў Ізраэля, каб пайшлі са мною.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help