2-я Кніга Макабэяў 8 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1Тым часам Юда Макабэй і тыя, што былі з ім, патаемна прыходзілі ў вёскі, клікалі да сябе сваякоў ды тых, што трымаліся юдаізму, сабралі каля шасці тысяч чалавек.

2І яны прызывалі Госпада, каб зірнуў на народ, таптаны ўсімі; і каб злітаваўся над святыняй, спаганенай бязбожнікамі;

3і каб злітаваўся таксама над горадам, які прападае і хутка мае быць зраўнаваны з зямлёй, ды каб выслухаў крык крыві, якая кліча да Яго;

4таксама каб меў у памяці нягодныя смерці нявінных дзяцей і знявагі на імя Яго кіданыя і каб гневаўся на іх.

5А Макабэй, сабраўшы многа войска, станавіўся ўжо непераможным для паганаў, бо гнеў Божы перамяніўся ў міласэрнасць.

6І ён, нападаючы нечакана на гарады і вёскі, паліў іх, і займаў прыдатныя мясцовасці, і змушаў уцякаць немалы лік непрыяцеляў,

7на такія напады падбіраў найчасцей ночы як саюзнікаў. І аповяды аб яго мужнасці разыходзіліся паўсюдна.

8Піліп жа, бачачы, што гэты чалавек памалу дайшоў да ўлады ды штораз расце больш у паспяховасці, напісаў ліст Пталемею, кіраўніку Цэлесірыі і Фэніцыі, каб дапамог цару ў яго справах.

9 1Мак. 3:38-41 Ён жа адразу выбраў Міканора, сына Патрокла, аднаго з першых прыяцеляў цара, і паслаў яго, даўшы яму не менш дваццаці тысяч ваяроў з розных народаў, каб выгубіць увесь юдэйскі народ; дадаў жа яму таксама Горгію, як чалавека ваеннага і спрактыкаванага ў ваенных справах.

10Міканор жа вырашыў з продажу юдэяў у няволю выплаціць цару падатак, налічваючы дзве тысячы талентаў, якія цар быў вінаваты рымлянам;

11і зараз жа паслаў у прыморскія гарады, запрошваючы іх купляць у нявольнікі юдэяў, абяцаючы даставіць дзевяноста палонных за адзін талент, не чакаючы тае помсты, якая мела прыйсці на яго ад Усемагутнага.

12 1Мак. 3:42-54 Вестка ж аб паходзе Міканора дайшла да Юды, і ён паслаў сваім ваярам паведамленне аб набліжэнні войска.

13Тады баязлівыя і тыя, хто не верыў справядлівасці Божай, разбегліся і перайшлі ў другія мясцовасці;

14іншыя ж прадавалі ўсё, што ў іх заставалася, і разам умольвалі Госпада, каб уратаваў тых, якія бязбожным Міканорам яшчэ перад боем былі праданыя;

15калі не дзеля іх, то прынамсі дзеля прымірэння, заключанага з іх бацькамі і дзеля прызванага над імі святога і вялікага імя Яго.

16Макабэй жа, сабраўшы шэсць тысяч ваяроў, якія з ім былі, прасіў, каб не баяліся ворагаў ды каб не палохаліся вялікага ліку паганаў, якія несправядліва выступаюць супраць іх, але каб ваявалі мужна,

17маючы перад вачамі ганьбу, якую яны несправядліва ўчынілі ў святым месцы ды здзекі над абсмяяным горадам, і потым парушэнне звычаяў, перанятых ад бацькоў.

18«Яны бо давяраюць зброі і поруч адвазе, а мы пакладаем надзею ва Усемагутным Богу, Які можа за адну хвіліну як тых, што супраць нас ідуць, так і ўвесь свет знішчыць».

19 2Цар. 19:35; Іс. 37:36; 1Мак. 7:41, 42 Ён прыпомніў ім і выпадкі дапамогі, якую атрымалі іх бацькі і аб перамозе над Санхэрыбам, калі сто восемдзесят пяць тысяч загінула,

20і аб тым, што сталася ў Бабілоніі ў баі супраць галатаў, калі яны выйшлі ў бой васьмю тысячамі разам з чатырма тысячамі мацэдонцаў, – калі мацэдонцы апынуліся ў цяжкім становішчы, тых восем тысяч знішчыла сто дваццаць тысяч, дзякуючы той дапамозе, якую атрымалі з неба, і ўзялі здабычу надта вялікую;

21 1Мак. 3:55 калі іх падбадзёрыў гэтымі словамі, так што былі гатовы аддаць жыццё за законы і бацькаўшчыну, падзяліў войска на чатыры асобныя часткі.

22Такім чынам, назначыў кіраўнікамі кожнай дружыны братоў сваіх: Сімона, Язэпа і Ёнату, а кожнаму падпарадкаваў тысячу пяцьсот ваяроў,

23 1Мак. 4:14, 15 затым Элеазару загадаў чытаць святую кнігу і даць знак Божай дапамогі. Сам, як кіраўнік першай дружыны, ударыў Міканора.

24І, атрымаўшы дапамогу ад Усемагутнага, забілі больш дзевяці тысяч ворагаў, ранілі ж ды скалечылі большую частку войска Міканора, усіх жа змусілі ўцякаць.

25 1Мак. 4:23 А грошы тых, што прыбылі, каб іх купляць, яны адабралі; і, паколькі гналіся за імі даволі доўга, вярнуліся, бо позняя была пара;

26быў бо гэта дзень перад шабатам, дык таму не маглі гнацца за імі.

27Сабраўшы ж па іх зброю і здабычу з ворагаў, святкавалі шабат, шчыра дзякуючы і славячы Госпада, што вызваліў іх ад няволі ў той дзень, пачынаючы аказваць ім Сваю міласэрнасць.

28А пасля шабату частку здабычы раздзялілі між пакрыўджанымі: і ўдовамі, і сіротамі, – рэшту падзялілі між дзяцьмі.

29Такім чынам, калі ўсё гэта зрабілі і наладзілі супольную малітву, малілі міласэрнага Бога, каб да Сваіх паслугачоў быў літасцівы заўжды.

30І ў баях з ваярамі Ціматэя і Бакхіда забілі іх больш, чым дваццаць тысяч ды завалодалі высокімі ўмацаваннямі; багатую здабычу падзялілі на роўныя часткі: для саміх кіраўнікоў, для параненых, і для сірот, і для ўдоў ды яшчэ для старцаў.

31І калі старанна сабралі іх зброю, усё склалі ў адпаведных месцах; а рэшту здабычы занеслі ў Ерузалім.

32І Філарха іх, які быў з Ціматэем, чалавека найзлачыннейшага, які многа крыўды зрабіў юдэям, – забілі;

33і ў час святкавання ўрачыстасці перамогі ў сваім бацькоўскім горадзе спалілі тых, што падклалі агонь пад браму святыні, і Калістэна, які схаваўся ў адным доме; і атрымаў ён заслужаную кару за сваю бязбожнасць.

34А найбольш злачынны Міканор, які прывёў тысячу купцоў для продажу юдэяў,

35пры дапамозе Госпада ўпакораны тымі, якіх лічыў за нішто, скінуўшы пышныя шаты і пад відам уцекача прайшоўшы пасярэдзіне земляў, дабраўся адзін у Антыёхію, перш за ўсё абезнадзеены гібеллю войска.

36І той, хто абяцаў рымлянам заплаціць падатак з нявольнікаў з Ерузаліма, мусіў прызнаць, што юдэі маюць Абаронцу і таму юдэяў нельга перамагчы, бо падначальваюцца ўстаноўленым Ім законам.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help