Другая кніга Цароў Раздзел 5 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1 Лк. 4:27 Нааман, кіраўнік войска цара сірыйскага, быў вялікі чалавек у свайго гаспадара і быў вельмі паважаны, бо праз яго Госпад даў перамогу Сірыі. І быў ён чалавекам адважным, але быў пракажоны.

2А сталася, што выйшла войска з Сірыі, і ўзялі сярод палонных з зямлі Ізраэля малую дзяўчынку, якая паслугавала жонцы Наамана.

3Сказала яна гаспадыні сваёй: «О, каб гаспадар мой пайшоў да прарока, які ёсць у Самарыі! Ён, напэўна, вылечыў бы яго ад праказы, якою хварэе!»

4Дык Нааман пайшоў да гаспадара свайго і расказаў яму, кажучы: «Вось так і так сказала дзяўчынка з зямлі Ізраэля».

5І цар Сірыі сказаў яму: «Ідзі, і я пашлю ліст да цара Ізраэля». Ён, калі пайшоў, узяў з сабой дзесяць талентаў срэбра, і шэсць тысяч сікляў золата, і дзесяць змен адзення,

6і прынёс ён цару Ізраэля ліст такога зместу: «Калі атрымаеш гэты ліст, ведай, што я пасылаю да цябе паслугача майго, Наамана, каб ты вылечыў яго ад праказы яго».

7 Паўт. Зак. 32:39 Калі цар Ізраэля прачытаў гэты ліст, то раздзёр шаты свае і сказаў: «Ці ж я Бог, каб мог забіваць ці вяртаць жыццё, што ён прысылае да мяне, каб я вылечыў чалавека ад яго праказы? Падумайце і паглядзіце, ці ён не зачэпкі шукае супраць мяне?»

8Калі аб гэтым даведаўся Элісей, чалавек Божы, што цар Ізраэля раздзёр шаты свае; ён паслаў яму паведаміць: «Навошта раздзёр ты шаты свае? Хай прыходзіць ён да мяне і хай даведаецца, што ёсць прарок у Ізраэлі».

9І прыбыў Нааман з конямі і калясніцамі, і затрымаўся каля дзвярэй дома Элісея.

10 Ян. 9:7 А Элісей паслаў да яго пасланца сказаць: «Ідзі і памыйся сем разоў у Ярдане; і цела тваё стане здаровым, і будзеш ты ачышчаны ад праказы».

11І ўзлаваўся Нааман, і адышоў, кажучы: «Я думаў, што ён выйдзе да мяне, і стане, і будзе прызываць імя Госпада, Бога свайго, і што дакранецца рукой сваёй да месца праказы і аздаровіць мяне.

12Ці не лепшыя Абана і Парпар, рэкі Дамаска, за ўсе рэкі Ізраэля? Ці ж не мог я памыцца ў іх і ачысціцца?» І, узлаваны, павярнуўся і пайшоў;

13і прыступіліся да яго паслугачы яго і казалі яму: «Калі б незвычайныя рэчы сказаў табе прарок, ты, напэўна, зрабіў бы; тым больш, калі ён сказаў табе: “Памыйся і будзеш ачышчаны”».

14Адышоў Нааман, і сем разоў акунуўся ў Ярдане па слове чалавека Божага, і аднавілася цела яго, як цела малога дзіцяці, і быў ён ачышчаны.

15І вярнуўся ён да чалавека Божага, прыйшоў з усёй сваёй дружынай, і стаў перад ім і сказаў: «Пераканаўся я, што на ўсёй зямлі няма Бога, толькі ў Ізраэля! Дык цяпер, прашу, прымі дар удзячнасці ад паслугача свайго».

16Але Элісей адказаў: «Жыве Госпад, перад Якім стаю, не вазьму». І той вельмі прасіў яго ўзяць, але ён не згадзіўся.

17І сказаў Нааман: «Як пажадаеш. Але, прашу, хай мне, паслугачу твайму, дадуць столькі зямлі, колькі пара мулаў везці зможа; бо паслугач твой ужо не будзе складаць ахвяры цэласпалення, ані крывавай ахвяры іншым багам, але толькі Госпаду!

18Адно толькі хай прабачыць Госпад паслугачу твайму: калі гаспадар мой уваходзіць у храм Рэмона, каб пакланіцца там, і калі апіраецца ён на маё плячо, я таксама мушу пакланіцца ў храме Рэмона, калі ён будзе пакланяцца ў тым жа месцы. Хай даруе Госпад мне, паслугачу твайму, гэта».

19Ён сказаў яму: «Ідзі ў супакоі». І ён ад’ехаў ад яго на невялікую адлегласць.

20А Гэхазі, паслугач чалавека Божага, сказаў: «Гаспадар мой пашкадаваў Наамана, сірыйца гэтага, бо не прыняў ад яго таго, што ён прынёс; жыве Госпад, пабягу за ім і нешта атрымаю ад яго».

21І пабег Гэхазі за Нааманам. Калі той убачыў яго, які бег за ім, ён сышоў з калясніцы насустрач яму і сказаў: «Ці ўсё добра?»

22І ён адказаў: «Добра. Гаспадар мой паслаў мяне сказаць: “Толькі што прыбылі да мяне два юнакі з гары Эфраіма з сыноў прарокаў. Дай ім талент срэбра і два адзенні на змену”».

23І сказаў яму Нааман: «Лепш вазьмі два таленты». І ўпрошваў яго, і завязаў у дзве торбы два таленты срэбра, і два адзенні на змену, і даў двум сваім паслугачам, і яны панеслі іх перад ім.

24І калі прыйшоў ён на ўзгорак, то сам забраў гэтыя рэчы з іх рук, і паклаў у доме; і людзей тых адпусціў, і яны пайшлі.

25А сам ён пайшоў і з’явіўся перад гаспадаром сваім. І спытаўся ў яго Элісей: «Адкуль прыйшоў, Гэхазі?» Ён адказаў: «Паслугач твой не хадзіў нікуды».

26А той сказаў яму: «Ці ж сэрца маё не хадзіла з табою, калі насустрач табе сышоў чалавек з калясніцы сваёй? Ці цяпер час браць срэбра, і браць адзенне, і аліўкавыя дрэвы, і вінаграднікі, і авечак, і валоў, і нявольнікаў, і нявольніц?

27Але і праказа Наамана прыстане да цябе і да нашчадкаў тваіх назаўсёды». І выйшаў Гэхазі ад яго белы, як снег, ад праказы.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help