Кніга Мудрасці 8 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1Такім чынам, распаўсюджваецца яна настойліва ад краю аж да краю і распараджаецца ўсім спагадна.

2Я палюбіў яе і шукаў ад юнацтва майго, і хацеў узяць яе сабе за суджаную, і стаў аматарам яе прыгажосці.

3Славіць яна сваю высакароднасць, бо сябруе з Богам, але і любіць яе Валадар сусвету.

4Бо яна настаўніца настаўлення Божага і ў Яго справах рашае.

5І калі багацце ёсць дабро жаданае ў жыцці, то што даражэйшае, чым Мудрасць, якая ўсё рашае;

6калі ж развага дзейнічае, то якое з усіх стварэнне больш дзейснае, чым Мудрасць?

7І калі хто любіць справядлівасць, плён таго – цнота: вучыць бо яна памяркоўнасці і разважлівасці, справядлівасці і мужнасці, за якіх няма нічога лепшага ў жыцці для людзей.

8І калі хто хоча вялікіх ведаў – яна ведае мінулае і пра будучыню згадвае, ведае тонкасці слоў і разгадкі загадак, ведае знакі і цуды перш, чым яны адбываюцца, і паслядоўнасць хвілін і часоў.

9Дык рашыў я ўзяць яе сабе за сяброўку жыцця, ведаючы, што яна будзе мне дарадчыцай у добрым, а ў турботах і ў суме – суцяшэннем.

10Праз яе здабуду хвалу ў людзей і пашану ў старэйшых, сам будучы маладым;

11праніклівым акажуся на судзе, і выклічу здзіўленне ў магнатаў.

12Калі буду маўчаць – яны будуць чакаць, і калі загавару – будуць глядзець на мяне, і калі доўга прамаўляць буду – пакладуць рукі на вуснах сваіх.

13Праз яе дасягну несмяротнасці і пакіну вечную памяць будучым пакаленням.

14Буду валодаць людзьмі, і падпарадкаваны будуць мне народы;

15пачуўшы мяне, спалохаюцца ўладары грозныя, пакажуся добрым сярод людзей і мужным на вайне.

16Увайшоўшы ў свой дом, пры ёй супачыну, бо сябраванне з ёю не выклікае прыкрасці, ані сужыцце з ёй не прыносіць мукі, але весялосць і радасць.

17Гэтак разважаючы сам у сабе і абдумваючы ў сэрцы сваім, зразумеў, што ў сваяцтве з Мудрасцю – несмяротнасць,

18і ў сяброўстве з ёю – высакародная асалода, і ў дзеяннях рук яе – вялікія багацці; і разуменне – у слоўнай спрэчцы з ёю, і слава – у супольных з ёю бяседах; хадзіў я вакол, шукаючы, як бы ўзяць яе да сябе.

19Я быў юнаком абдараваным, і выпала мне душа добрая, і нават лепш: будучы добрым, я ўвайшоў у цела беззаганнае.

20І я, ведаючы, аднак, што не змагу здабыць яе інакш, толькі калі Бог дасць, –

21і гэта ўжо было справай Мудрасці: ведаць, чыя гэта ласка, – прыступіўся я да Госпада, і маліў Яго, і казаў Яму ад усяго майго сэрца:

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help