Першая кніга Самуэля Раздзел 9 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1І быў адзін чалавек, магутны чалавек з роду Бэньяміна, на імя Кіс, сын Абіэля, сына Сэрора, сына Бэхарата, сына Апія, сына Бэньяміна.

2 1Сам. 10:23 І быў у яго сын імем Саўл, прыгожы і сумленны, і не было сярод сыноў Ізраэля лепшага за яго; ён быў на галаву вышэй за ўвесь народ.

3А ў Кіса, бацькі Саўла, прапалі асліцы, і сказаў Кіс Саўлу, сыну свайму: «Вазьмі з сабой аднаго з паслугачоў, устань і ідзі, і шукай асліц». Калі ён прайшоў праз гару Эфраім

4і праз зямлю Саліс і не знайшоў, пайшлі яны таксама праз зямлю Саалім, і не было іх, але і па зямлі Еміні прайшлі, і ўсё адно не знайшлі.

5 1Сам. 10:2 Калі ж прыйшлі яны ў зямлю Суф, сказаў Саўл слузе свайму, які быў разам з ім: «Хадзем і вернемся, каб бацька мой, страціўшы асліц, не стаў хвалявацца за нас».

6Паслугач кажа яму: «У гэтым вось горадзе жыве чалавек Божы, чалавек шаноўны. Усё, што ён кажа, — без двухсэнсоўнасці, спаўняецца. Дык давай зойдзем туды, можа, ён пакажа нам дарогу ў справе нашай, дзеля якой мы пайшлі».

7І сказаў Саўл слузе свайму: «Вось, зойдзем, але што падаруем мы таму чалавеку? Хлеб скончыўся ў торбах нашых, а падарунка не маем, каб маглі прынесці яго чалавеку Божаму. Што ж мы маем?»

8Паслугач зноў адказаў Саўлу і сказаў: «Вось, знайшоў я ў руцэ маёй чвэрць сікля срэбра; дадзім гэта чалавеку Божаму, а ён нам дапаможа ў справе нашай».

9Калісьці ў Ізраэлі кожны, хто ішоў параіцца з Богам, так казаў: «Хадземце і пойдзем да таго, хто бачыць»; бо хто сёння называецца прарокам, калісьці называўся тым, хто бачыць.

10І сказаў Саўл слузе свайму: «Добра сказаў ты, давай пойдзем». І пайшлі яны ў горад, у якім жыў чалавек Божы.

11І калі яны падняліся на ўзвышша, на якім стаяў горад, напаткалі дзяўчат, што выходзілі чэрпаць ваду, і спыталіся ў іх: «Ці тут жыве той, хто бачыць?»

12Яны, адказваючы, сказалі ім: «Тут: вось, перад табой; паспяшайся цяпер, бо сёння прыйшоў ён у горад, бо сёння народ складае ахвяру на ўзгорку.

13Калі ўвойдзеце ў горад, адразу ж сустрэнеце яго, перш чым ён пойдзе частавацца на ўзгорак; бо народ не есць, пакуль ён не прыйдзе; бо ён дабраслаўляе ахвяру, і тады толькі ядуць запрошаныя. Дык ідзіце, бо зараз жа яго сустрэнеце».

14І падняліся яны ў горад. І калі ўвайшлі яны ў горад, з’явіўся Самуэль, што ішоў насустрач ім, каб падняцца на ўзгорак.

15Госпад жа аб’явіў Самуэлю на дзень раней, перад прыбыццём Саўла, кажучы:

16«Заўтра ў гэтую самую пару, як і зараз, пашлю да цябе чалавека з зямлі Бэньяміна, і ты памажаш яго на цара народа Майго Ізраэля, і ён вызваліць народ Мой з рук філістынцаў, бо ўзглянуў Я на народ мой; бо лямант яго дайшоў да Мяне».

17І калі Самуэль глянуў на Саўла, Госпад сказаў яму: «Вось, той чалавек, пра якога Я казаў табе; ён будзе валадаром над народам Маім».

18Саўл жа падышоў да Самуэля ў сярэдзіне брамы і сказаў: «Пакажы мне, прашу, дзе ёсць дом таго, хто бачыць?»

19І Самуэль адказаў Саўлу, кажучы: «Я той, хто бачыць. Ідзі перада мною на ўзгорак, каб падсілкавацца сёння са мною. І адпушчу цябе раніцай, і скажу табе ўсё, што ў сэрцы тваім;

20і аб асліцах, якіх ты страціў тры дні таму, не клапаціся, бо яны знайшліся. І каму будзе належаць усё найлепшае ў Ізраэлі? Ці ж не табе і ўсяму дому бацькі твайго?»

21Адказваючы ж, Саўл сказаў яму: «Ці ж я не бэньямінец, з найменшага пакалення ізраэльскага? І род мой ці не апошні з усіх родаў пакалення Бэньяміна? Дык чаму ты гаворыш мне гэтае слова?»

22І Самуэль, узяўшы Саўла і паслугача яго, увёў іх у пакой і даў ім месца на чале запрошаных, бо іх было каля трыццаці чалавек.

23І сказаў Самуэль кухару: «Падай тую частку, якую я даў табе і загадаў, каб ты адклаў яе асобна ў сябе».

24А кухар узяў сцягно і хвост, і паклаў перад Саўлам. І сказаў Самуэль: «Вось тое, што засталося; пакладзі перад сабой і еж, бо гэта з прадбачнасці захавана для цябе, калі я паклікаў людзей». І ў той дзень елі Саўл з Самуэлем.

25І сышлі яны з узгорка ў горад. І паслалі Саўлу на даху, і спаў ён.

26І калі раніцай яны ўсталі, і ўжо развіднела, паклікаў Самуэль Саўла на даху, кажучы: «Уставай, я цябе правяду». І ўстаў Саўл. І выйшлі яны абодва, значыць ён і Самуэль.

27І, калі падыходзілі яны да канца горада, Самуэль сказаў Саўлу: «Скажы паслугачу, каб пайшоў перад намі»; і ён пайшоў, — «Ты ж зараз трохі спыніся, каб я сказаў табе слова Госпада».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help