Кніга Ярэміі Раздзел 48 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1 Іс. 15:1–16:14; 25:10-12; Эзэк. 25:8-11; Ам. 2:1-3; Саф. 2:8-11 Супраць Мааба. Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: «Гора Нэба, бо ён знішчаны і асаромлены, і Карыятаім здабыты, асаромлена цвярдыня і напалохана».

2Няма больш славы ў Маабе! У Хесебоне задумляюць ліхоту супраць яго: «Хадзем, выгубім яго паміж народаў». Таксама і ты, Мадмен, замоўкнеш, ідзе за табою меч.

3Крык з Аранаіма: «Спусташэнне і вялікая бяда!»

4Мааб знішчаны, крык зрабіўся чутны аж да Цаара.

5Пры ўзыходжанні на Луіт узыходзяць, плачучы; на схіле Аранаіма ворагі чуюць галашэнне аб загубе:

6«Уцякайце! Ратуйце душы свае, і будзеце, як тамарыск на пустыні.

7За тое, што спадзяваўся ты на свае ўчынкі і свае багацці, ты таксама будзеш здабыты, і Хамос пойдзе на выгнанне, а разам з ім святары яго і князі яго».

8І прыйдзе нішчыцель у кожны горад, і ніводзін горад не ўратуецца; прападзе лагчына, і будзе знішчана даліна, бо гэта сказаў Госпад.

9Дайце крылы, каб ён паляцеў, і гарады яго стануцца пустымі, і не будзе ў іх жыхароў.

10Пракляты, хто спаўняе справу Госпада нядбала! Пракляты, хто меч свой устрымлівае ад крыві!

11Мааб быў бяспечны ад свайго маленства, і адпачываў спакойна на дрожджах сваіх, і не быў пераліваны з пасудзіны ў пасудзіну, і не выходзіў на выгнанне. Таму захаваўся смак яго ў ім і водар яго не змяніўся.

12«Таму, вось, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — і Я пашлю да яго паслугачоў, якія разліваюць віно ў збаны, і перальюць яны яго, і посуд яго апарожняць, і збаны яго патаўкуць.

13І пасаромеецца Мааб дзеля Хамоса, як дом Ізраэля пасаромеўся дзеля Бэтэля, на які спадзяваўся.

14Як вы можаце казаць: “Мы дужыя і адважныя ў баі?”

15Знішчаны Мааб, і гарады яго ўздымаюцца, і адборныя юнакі яго падаюць на зарэз, — кажа Валадар, Госпад Магуццяў — імя Яго. —

16Набліжаецца загуба Мааба, і бяда яго надыходзіць хутка.

17Сумуйце дзеля яго ўсе, хто навокал яго, ды ўсе чыста, што ведаеце імя яго, кажыце: “Як жа зламалася жазло моцнае, кій слаўны?”

18Сыдзі са славы сваёй і сядзі ў смазе, жыхарка, дачка Дыбона, бо прыйшоў да цябе нішчыцель Мааба, і ён руйнуе цвярдыні твае.

19Стань ля дарогі і глядзі, жыхарка Араэра; пытайся ўцекача, таго, хто ўратаваўся. Пытайся: “Што здарылася?”

20Мааб асаромлены, бо пераможаны, крычыце і галасіце, і паведамце ў Арноне, што знішчаны Мааб.

21Прыходзіць суд на зямлю раўнінную, на Хелон, на Ясу, на Мэфаат,

22на Дыбон, на Нэба, на Бэтдыблатаім,

23на Карыятаім, на Бэтгамуль, на Бэтмэон,

24на Карыёт, на Босру ды на ўсе гарады зямлі Мааба, далёкія і блізкія.

25“Абрэзаны рог Мааба, і зломлена плячо яго, — кажа Госпад. —

26Напаіце яго, бо падняўся ён супраць Госпада, і хай паваліцца рукамі Мааб у ваніты свае і сам станецца пасмешышчам.

27Ці не быў табе ў насмешку Ізраэль? Хіба апынуўся ён між зладзеямі, што ты ківаў галавою, калі аб ім гаварыў?

28Пакідайце гарады і жывіце між скаламі, жыхары Мааба, і станьце падобнымі да галубкі, якая гняздзіцца ў адтулінах над бяздоннямі».

29Чулі мы пра пыхлівасць Мааба, што ганарысты ён вельмі, і пра фанабэрыстасць яго і нахабства, і пра ганарлівасць і пыху сэрца яго.

30«Я ведаю, — кажа Госпад, — яго дзёрзкасць, і што несправядлівая гаворка, і няшчырыя ўчынкі.

31Дзеля таго буду галасіць Я дзеля Мааба і дзеля ўсяго Мааба лямантаваць буду, і дзеля людзей Кірхарэса варта плакаць.

32Больш буду плакаць Я дзеля цябе, чым дзеля Язэра, вінаградніку Сабамы, бо парасткі твае дайшлі аж да мора і сягаюць аж да Язэра. Напаў нішчыцель на твой ураджай і на вінаград твой.

33Спынілася радасць і пацеха ў садзе ў зямлі Мааба, і скончылася віно ў тоўчнях, ніколі больш выціскальнік вінаграду не заспявае звыклай песні.

34Ад крыку з Хесебона аж да Элеале і да Ясы ўздымаюць яны голас свой, ад Сэгора да Аранаіма і да Эглатсэліцыі, нават воды Нэмры высахнуюць.

35І вынішчу Я з Мааба, — кажа Госпад, — кожнага, хто складае ахвяру на ўзгорках і паліць кадзіла багам сваім.

36Таму вось сэрца Маё заенчыць дзеля Мааба, як жалейка, і дзеля людзей з Кірхарэса загучыць голасам флейтаў, бо багацце, якое набылі яны, прапала.

37 Эзэк. 7:18 Кожная бо галава аблысее, і кожная барада абголіцца, на ўсіх руках — нарэзы і на сцёгнах — зрэбніца.

38На ўсіх дахах Мааба і на вуліцах яго лямант агульны, бо Я раструшчыў Мааба, як пасудзіну, якая нікому не падабаецца, — кажа Госпад. —

39Як ён пераможаны, што ўсе галосяць! Як Мааб кінуўся наўцёкі і быў асаромлены! Стане Мааб насмешкаю і страхоццем для ўсіх навакол сябе».

40Гэта кажа Госпад: «Вось, ён прыляціць, як арол, і раскіне крылы свае над Маабам.

41Гарады здабыты, і крэпасці захоплены. І сэрца волатаў Мааба будзе ў той дзень, як сэрца жанчыны парадзіхі.

42І перастане Мааб быць народам, бо ўзганарыўся супраць Госпада.

43Жах, яма і пастка на цябе, жыхар Мааба, — кажа Госпад. —

44 Іс. 24:18; Ам. 5:19 Хто ўцячэ ад жаху — упадзе ў яму, а хто вылезе з ямы — будзе схоплены ў пастку, бо Я навяду на Мааба год кары іх, — кажа Госпад. —

45 Ліч. 21:28, 29 У засені Хесебона спыніліся знясіленыя ўцекачы, але агонь вырваўся з Хесебона, а полымя — з нутра Сэгона, і праглынае бакі Мааба і галовы сыноў бунту.

46Гора табе, Маабе! Загінуў народ Хамоса, бо сыны твае і дочкі твае ўзяты ў няволю.

47Але Я змяню лёс Мааба ў будучых днях, — кажа Госпад». Дасюль суд над Маабам.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help