Другая кніга Самуэля Раздзел 24 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1 1Пар. 27:23, 24 1Пар. 21:1-28 І зноў узгарэўся гнеў Госпада на Ізраэль; і намовіў Давіда супраць Ізраэля, кажучы: «Ідзі і палічы Ізраэля і Юду».

2І сказаў цар Ёабу і кіраўнікам войска свайго, якія былі пры ім: «Абыдзі ўсе пакаленні Ізраэля ад Дана аж да Бээр-Сэбы, і палічы народ, каб я ведаў колькасць яго».

3І Ёаб сказаў цару: «Хай Госпад, Бог твой, павялічыць у сто разоў народ, колькі ёсць цяпер, перад вачамі гаспадара майго, цара! Але навошта, гаспадар мой, цар, захацеў зрабіць гэта?»

4Але загад цара Ёабу і кіраўнікам войска перамог; і выйшлі Ёаб і кіраўнікі войска ад цара, каб палічыць народ Ізраэля.

5І, калі пераправіліся яны праз Ярдан, пачалі свой шлях ад Араэра і ад горада, які знаходзіцца ў сярэдзіне лагчыны, ідучы ад Гада і Язэра.

6І пайшлі яны ў Галаад і ў зямлю хетэйцаў у Кадэс, і прыйшлі ў Дан. І з Дана павярнулі ў Сідон,

7і прыбылі яны ў крэпасць Тыр, і ва ўсе гарады гівеяў і хананеяў, і накіраваліся ў Нагэб юдэйскі ў Бээр-Сэбу.

8І, абышоўшы ўсю зямлю, праз дзевяць месяцаў і дваццаць дзён вярнуліся ў Ерузалім.

9І Ёаб перадаў цару лік перапісанага народа; і Ізраэль налічыў восемсот тысяч ваяроў, здатных да бою, і Юда — пяцьсот тысяч ваяроў.

10А сэрца Давіда ўдарыла яго пасля таго, як палічаны быў народ, і сказаў Давід Госпаду: «Цяжка зграшыў я гэтым учынкам; а цяпер прашу, Госпадзе, каб дараваў Ты правіннасць паслугача твайго, бо вельмі я неразумна зрабіў».

11Такім чынам, назаўтра ўстаў Давід рана, і скіраваў Госпад слова да прарока Давіда Гада, «які бачыць», кажучы:

12«Ідзі і скажы Давіду: гэта кажа Госпад: “Тры пакаранні Я кладу табе; выберы адно, што пажадаеш, з іх, каб гэта Я зрабіў табе”».

13І, калі прыйшоў Гад да Давіда, ён паведаміў яму, кажучы: «Або хай пануе голад тры гады ў цябе, у тваёй зямлі, або хай тры месяцы ўцякаеш ты перад тваімі ворагамі і хай яны пераследуюць цябе, або хай на працягу трох дзён будзе панаваць пошасць на тваёй зямлі. Дык вось цяпер рассудзі і вырашы, што мне адказаць Таму, Які мяне паслаў».

14А Давід адказаў Гаду: «Гора мне; але лепш, каб мы трапілі ў рукі Госпада, чым у рукі людзей, бо ў Яго шмат міласэрнасці!»

15І выбраў сабе Давід пошасць; і былі дні жніва пшаніцы. І напусціў Госпад пошасць на Ізраэль ад раніцы аж да ўмоўленага часу. І памерла тады, пачынаючы ад Дана да Бээр-Сэбы, семдзесят тысяч чалавек.

16І, калі выцягнуў анёл руку сваю на Ерузалім, каб яго знішчыць, Госпад злітаваўся дзеля смутку і сказаў анёлу, што нішчыў людзей: «Хопіць, цяпер спыні руку сваю!» А быў анёл Госпадаў каля тока Арнана Евусея.

17І Давід, калі бачыў анёла, які забіваў людзей, маліў Госпада: «Я зграшыў, я дзейнічаў бязбожна; а яны, гэтыя авечкі, што яны зрабілі? Прашу, хай рука Твая павернецца на мяне і на дом бацькі майго!»

18А ў той дзень прыйшоў Гад да Давіда і сказаў яму: «Ідзі, пастаў ахвярнік Госпаду на таку Арнана Евусея».

19І пайшоў Давід па слове Гада, як загадаў яму Госпад.

20І, глянуўшы, Арнан ўбачыў цара і паслугачоў яго, якія ішлі да яго; і, выйшаўшы, ён пакланіўся цару тварам да зямлі

21і сказаў: «Што за прычына, што прыходзіць цар, гаспадар мой, да паслугача свайго?» Кажа яму Давід: «Купіць у цябе ток і паставіць на ім ахвярнік Госпаду, каб спынілася пагібель, якая пануе паміж людзьмі».

22І сказаў Арнан Давіду: «Хай бярэ гаспадар мой, цар, і складае ахвяру, як яму падабаецца. Вось валы на цэласпаленне, і павозка, і ярмы валоў на дровы.

23О цар, усё аддае Арнан цару!» І працягваў гаварыць Арнан цару: «Хай Госпад, Бог твой, прыме тваё абяцанне!»

24Цар у адказ яму сказаў: «Ніякім чынам; я куплю за грошы ад цябе і не складу дармавое цэласпаленне Госпаду, Богу майму». І купіў Давід ток і валоў за пяцьдзесят сікляў срэбра.

25І пабудаваў Давід там ахвярнік Госпаду, і склаў ахвяры цэласпалення і прымірэння. І злітаваўся Госпад над зямлёю, і спынілася кара Ізраэля.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help