Кніга Ярэміі Раздзел 3 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1 Паўт. Зак. 24:1-4 «Калі муж кіне жонку сваю, а яна адыдзе ад яго і пойдзе замуж за іншага мужа, ці ж вернецца ён яшчэ да яе? Ці ж не спаганена жанчына тая? А ты з многімі каханкамі чужаложыла — і вярнешся да Мяне? — кажа Госпад. —

2Падымі вочы свае на ўзгоркі і паглядзі: дзе месца, на якім бы ты не ляжала ў распусце? Пры дарогах сядзела ты, чакаючы іх, як араб на пустыні, і спаганіла зямлю сваю распустаю сваёй і ліхотай сваёй.

3Дзеля таго спыніліся дажды зімовыя і вясновыя дажджы перасталі; засталося ў цябе чало жанчыны чужаложніцы, і не мела ты сораму.

4Але і тады, ці не прызывала ты Мяне: “Айцец мой, Ты — правадыр маладосці маёй!

5Ці будзе Ён гневацца вечна або крыўдаваць заўсёды?” Так ты казала, а сама дапускалася ліха, і ў гэтым мела поспех».

6 Ярэм. 2:20 І сказаў мне Госпад у дні цара Осіі: «Ці бачыў ты, што зрабіла ізраэльская адступніца? Аддалялася сабе на кожную высокую гару і пад кожнае зялёнае дрэва і распуснічала там.

7І сказаў Я: “Калі ўсё гэта зрабіла Ізраэль адступніца, то вернецца да Мяне”. Але яна не вярнулася. І ўгледзела гэта здрадлівая сястра яе, Юда;

8І ўбачыла, што за ўсе ўчынкі распусныя, якіх дапусцілася Ізраэль адступніца, Я прагнаў яе і даў ёй пасведчанне аб разводзе. Але не спалохалася здрадніца Юда, сястра яе; але сама таксама пайшла чужаложыць.

9Праз легкадумнасць чужаложніцтва свайго зняславіла яна зямлю і дапусцілася распусты з каменем і дрэвам.

10“Але і пасля ўсяго гэтага не навярнулася да Мяне здрадлівая сястра яе, Юда, усім сэрцам сваім, але толькі падманна”», — кажа Госпад.

11Тады Госпад сказаў мне: «Ізраэль адступніца аказалася больш справядлівай, чым здрадлівая Юда.

12Ідзі і абвяшчай наступныя словы на поўнач, і кажы: “Вярніся, адступніца Ізраэль, — кажа Госпад, — Не адвярну аблічча Свайго ад вас, бо Я міласэрны, — кажа Госпад, — і не буду гневацца вечна”.

13“Толькі прызнай ты віну сваю, што адступілася ты ад Госпада, Бога свайго, і што псавала ты шляхі свае для чужых пад кожным зялёным дрэвам, а голасу Майго не слухала”, — кажа Госпад.

14“Навярніцеся, сыны, якія адвярнуліся ад Мяне, — кажа Госпад, — бо Я — Госпад ваш; і Я вазьму вас, аднаго з горада і двух з роду, і завяду вас на Сіён.

15 Ярэм. 23:4 І дам вам пастыраў паводле сэрца Майго, і будуць яны пасвіць вас разумна і разважліва.

16А калі вы размножыцеся і разрасцецеся на зямлі, у тыя дні, — кажа Госпад, — ніхто не скажа больш “каўчэг запавету Госпадавага” і ніхто ўжо яго не прыгадае, ніхто не ўспомніць, не стане ў ім патрэбы, і больш яго не будзе.

17У той час Ерузалім назавуць Пасадам Госпада. І збяруцца да яго ўсе народы ў імя Госпада ў Ерузалім; ды не будуць ужо ісці следам за сапсаванасцю сэрца свайго ліхотнага.

18 Ос. 1:11 У тыя дні пойдзе дом Юды да дому Ізраэля, і выйдуць разам з зямлі паўночнай у зямлю, якую Я аддаў ва ўласнасць бацькам вашым”.

19Я ж сказаў: “Як прыняць Мне цябе ў сыны і даць табе пажаданую зямлю, найпрыгажэйшую спадчыну сярод народаў?” І казаў Я: “Айцом будзеце называць Мяне і не адвернецеся ад Мяне.

20Але як жанчына здраджвае каханаму свайму, так вы здрадзілі Мне, дом Ізраэля”», — кажа Госпад.

21Пачуўся голас на ўзгорках, плач і маленне сыноў Ізраэля, бо спаганілі яны дарогу сваю, забыліся пра Госпада, Бога свайго.

22«Навярніцеся, сыны, якія адвярнуліся ад Мяне, і Я вылечу адступніцтва ваша». — «Вось жа, мы прыходзім да Цябе, бо Ты — Госпад, Бог наш».

23Сапраўды, падманныя тыя ўзгоркі і гоман на гарах. Сапраўды, у Госпадзе, Богу нашым, збаўленне Ізраэля.

24Баал ад юнацтва нашага з’ядаў працу бацькоў нашых, дробную жывёлу іх і буйную, сыноў іх і дачок іх.

25Будзем спаць у ганьбе нашай і пакрые нас сорам наш, бо зграшылі мы супраць Госпада, Бога нашага, мы і бацькі нашы, ад юнацтва нашага аж да гэтага дня, і не слухалі мы голасу Госпада, Бога нашага.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help