Другая кніга Цароў Раздзел 10 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1А ў Самарыі было семдзесят сыноў Ахаба. Дык Егу напісаў ліст і выслаў яго ў Самарыю да магнатаў горада, і да старэйшын, і да апекуноў дзяцей Ахаба з гэтымі словамі:

2«Зараз жа, як атрымаеце ліст гэты, то, як вы маеце дзяцей гаспадара вашага, і калясніцы, і коней, і горад умацаваны, і зброю,

3дык выберыце найлепшага і найсправядлівейшага з сыноў гаспадара вашага і пасадзіце яго на пасад бацькі яго, і ваюйце за дом гаспадара вашага».

4 2Цар. 9:21-27 Яны спалохаліся вельмі і казалі: «Вось, два цары не змаглі ўстаяць перад ім, і як жа мы зможам супрацівіцца яму?»

5Такім чынам, загадчык дому, і кіраўнікі горада, і старэйшыны, і апекуны сказалі Егу: «Мы паслугачы твае: усё, што ты загадаеш, — зробім, і не будзем выбіраць цара; што табе падабаецца — рабі».

6І Егу напісаў ім другі ліст такога зместу: «Калі вы мае і слухаеце мяне, то вазьміце галовы сыноў гаспадара вашага і прыйдзіце да мяне заўтра ў той самы час у Езрагэль». А сыны цара, семдзесят чалавек, былі на выхаванні ў магнатаў горада.

7І калі ліст гэты прыйшоў да іх, яны ўзялі сыноў цара, семдзесят чалавек, і забілі, і галовы іх склалі ў кошыкі, і паслалі да яго ў Езрагэль.

8І прыйшоў вястун і паведаміў яму, кажучы: «Прынеслі галовы сыноў царскіх». Ён адказаў: «Пакладзіце іх у дзве кучы ля ўваходу ў браму аж да раніцы».

9І калі развіднела, выйшаў ён і, стоячы, прамовіў да ўсяго народа: «Вы не вінаваты; вось, я паўстаў супраць гаспадара майго і забіў яго, а хто забіў усіх гэтых?

10Дык ведайце цяпер, што нішто не прапала са слоў Госпада, якія выказаў Ён супраць дому Ахаба, і Госпад здзейсніў тое, што сказаў праз паслугача Свайго Іллю».

11 Ос. 1:4 І пазабіваў Егу ўсіх, хто застаўся з дому Ахаба ў Езрагэлі, і ўсіх яго магнатаў, і давераных, і святароў, так што не застаўся з іх ніводзін.

12І ўстаў і пайшоў. Потым ён прыйшоў у Самарыю; і калі ён быў у дарозе каля Бэт-Экед-Гераім,

13сустрэў братоў Ахазіі, цара Юдэі, і сказаў ім: «Хто вы?» А яны адказалі: «Мы браты Ахазіі, і мы прыйшлі прывітаць сыноў цара і сыноў гаспадыні царыцы».

14А ён загадаў: «Схапіце іх жывымі!» І калі схапілі іх жывымі, забілі іх каля Бэтэкеда, сорак два чалавекі, і ён не пашкадаваў з іх ні аднаго.

15І калі адтуль пайшоў Егу, ён напаткаў Ёнадаба, сына Рэхаба, які выйшаў яму насустрач, і прывітаў яго: «Ці тваё сэрца шчырае да мяне, як маё сэрца да цябе?» І Ёнадаб сказаў: «Так». «Калі так, — кажа Егу, — дай мне руку сваю». І Ёнадаб даў яму руку сваю. А ён пасадзіў яго да сябе ў калясніцу

16і сказаў яму: «Ідзі са мной і пабач маю руплівасць дзеля Госпада». І ехаў ён з ім на калясніцы яго ў Самарыю.

17 1Цар. 21:21 І ў Самарыі пазабіваў ён усіх, якія засталіся з дому Ахаба ў Самарыі, аж да апошняга чалавека, па слове Госпада, сказанаму праз Іллю.

18І сабраў Егу ўвесь народ і сказаў яму: «Ахаб мала служыў Баалу, Егу будзе яму служыць болей.

19Такім чынам, паклічце ўсіх прарокаў Баала, і ўсіх, хто служыць яму, і ўсіх яго святароў да мяне; кожны мусіць прыйсці. Бо маю скласці вялікую ахвяру Баалу, хто не прыйдзе, не будзе жыць». А Егу рабіў гэта падступна, каб знішчыць усіх служыцеляў Баала.

20І аб’явіў Егу: «Святкуйце ўрачыстасць Баала». І абвясцілі свята.

21І паслаў Егу вестуноў ва ўсе межы Ізраэля, і прыбылі ўсе, хто служыў Баалу; не застаўся ніводзін, хто б не прыйшоў. І сабраліся яны ў храме Баала, і быў запоўнены дом Баала ад уваходу да ўваходу.

22І сказаў ён загадчыку шатаў: «Вынесі адзенне для ўсіх служыцеляў Баала». І ён вынес ім адзенне.

23Тады Егу і Ёнадаб, сын Рэхаба, увайшлі ў святыню Баала, і Егу сказаў служыцелям Баала: «Перашукайце і перагледзьце, ці няма тут часам з вамі служыцеля Госпада, але каб былі толькі служыцелі Баала».

24Такім чынам, увайшлі яны, каб скласці ахвяры і цэласпаленні; а Егу паставіў ля сябе звонку восемдзесят чалавек і сказаў ім: «Хто дазволіць уцячы аднаму з гэтых людзей, якіх я прывяду ў вашы рукі, сваёй душой заплаціць за тую душу».

25І сталася: калі скончылася цэласпаленне, Егу загадаў сваім пасланцам і кіраўнікам: «Ідзіце і забіце іх; хай ніводзін не ўцячэ!» І пазабівалі іх пасланцы і кіраўнікі вастрыём меча, і кінулі трупы іх. Затым увайшлі ў свяцілішча храма Баала.

26І ўзялі яны слуп Баала, і разбілі яго.

27Таксама зруйнавалі храм Баала і замянілі яго на месца нячыстае аж да сённяшняга дня.

28І знішчыў Егу Баала ў Ізраэлі.

29 1Цар. 12:28-30; 15:26; 2Цар. 13:2, 11; 14:24; 15:9, 18, 24, 28 Але не адступіў Егу ад грахоў Ерабаама, сына Набата, у якія той уцягнуў Ізраэль; і не адкінуў ён залатых цяльцоў, якія былі ў Бэтэлі і Дане.

30 2Цар. 15:12 А Госпад сказаў Егу: «За тое, што ты старанна выканаў тое, што добрае ў вачах Маіх, і ўсё, што было ў сэрцы Маім адносна дому Ахаба, сыны твае будуць сядзець на пасадзе Ізраэля аж да чацвёртага пакалення».

31Але Егу не пільнаваў, каб хадзіць у законе Госпада, Бога Ізраэля, усім сэрцам сваім; бо не адступіў ён ад грахоў Ерабаама, які ўвёў у грэх Ізраэль.

32У тыя дні пачаў Госпад раздзіраць Ізраэль; і пабіў іх Газаэль ва ўсіх межах Ізраэля,

33ад Ярдана на ўсход сонца, усю зямлю Галаад, і Гад, і Рубэн, і Манасу, ад Араэра, што над ручаём Арнон, і Галаад, і Басан.

34А іншыя дзеянні Егу, і ўсё, што ён зрабіў, і мужнасць яго — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля?

35І супачыў Егу з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў Самарыі; і па ім цараваў сын яго Ёахаз.

36Час жа царавання Егу над Ізраэлем у Самарыі — дваццаць восем гадоў.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help