1 2Цар. 23:36–24:6; 2Пар. 36:5-7 Слова, якое было да Ярэміі ад Госпада ў дні Ёакіма, сына Осіі, цара Юдэйскага, што казала:
2«Ідзі да сям’і рэхабітаў, і размаўляй з імі, і прывядзі іх у дом Госпада ў адну з залаў ды дай ім піць віно».
3Дык узяў я Язанію, сына Ярэміі, сына Хабсаніі, і братоў яго, і ўсіх сыноў яго, і ўсю сям’ю Рэхабітаў
4і ўвёў іх у дом Госпада, у залу сыноў Ханана, сына Ігдаліі, чалавека Божага, якая была блізка ад залы князёў, над залай Маасіі, сына Сэлума, прыдзверніка.
5І паставіў я перад сынамі дому рэхабітаў пасудзіны, напоўненыя віном, і келіхі, і сказаў ім: «Піце віно!»
6Яны адказалі: «Не будзем піць віна, бо Ёнадаб, сын Рэхаба, наш бацька, загадаў нам, кажучы: “Не піце віна навек ані вы, ані сыны вашы.
7І не будзеце вы будаваць дамоў, не будзеце сеяць ніякае насенне, не будзеце садзіць вінаградніку ані мець яго, але будзеце жыць у палатках па ўсіх днях вашых, каб жылі многія дні на зямлі, на якой вы вандроўнікі”.
8І мы паслухаліся голасу Ёнадаба, сына Рэхаба, бацькі нашага, ува ўсім, што ён загадаў нам, так што не п’ём віна па ўсіх днях нашых мы, жанчыны нашы, сыны і дочкі нашы
9і не будуем дамоў на пражыванне, не маем ані вінаградніку, ані палёў, ані насення,
10але жывем мы ў палатках і, будучы паслухмянымі, чынім паводле ўсяго таго, што загадаў нам Ёнадаб, бацька наш.
11Калі ж Набукаданосар, цар Бабілона, напаў на зямлю, мы сказалі: “Хадзем, схаваемся ў Ерузаліме перад войскам халдэйскім і перад войскам сірыйскім”! І засталіся мы ў Ерузаліме».
12І было слова Госпада да Ярэміі, што казала:
13«Вось што кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Ідзі і скажы мужам юдэйскім і жыхарам Ерузаліма: “Няўжо вы не прымеце навучання, каб слухацца слоў Маіх?” — кажа Госпад. —
14Выкананы словы Ёнадаба, сына Рэхаба, у якіх загадаў ён сынам сваім не піць віна, і не пілі яны да гэтага дня, бо паслухаліся загаду бацькі свайго, а Я, падымаючыся зранку і прамаўляючы, гаварыў вам, але вы не паслухалі Мяне!
15 Ярэм. 18:11; 25:5 І пасылаў Я да вас усіх слугаў Маіх, прарокаў, падымаючыся на досвітку, пасылаючы і кажучы: “Навярніцеся кожны ад дарогі сваёй ліхой і выпраўце ўчынкі вашыя і не хадзіце за іншымі багамі, не пакланяйцеся ім, і будзеце жыць у зямлі, якую Я даў вам і бацькам вашым”. Але вы не прыхілілі вуха свайго і не паслухаліся Мяне.
16Выканалі, вось, сыны Ёнадаба, сына Рэхаба, загад бацькі свайго, што загадаў ім, а гэты народ не паслухаўся Мяне!”
17Таму вось што кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Вось, Я навяду на Юдэю і на ўсіх жыхароў Ерузаліма ўсё тое няшчасце, якое Я пастанавіў супраць іх. Бо Я гаварыў ім, а яны не слухалі, і клікаў іх, а яны не адказвалі Мне”».
18А да сям’і рэхабітаў сказаў Ярэмія: «Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “За тое, што вы былі паслухмянымі загаду Ёнадаба, бацькі вашага, і спаўнялі ўсе яго прыказанні, і чынілі ўсё, што ён вам загадаў,
19дзеля таго кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: не забракуе чалавека з роду Ёнадаба, сына Рэхаба, які будзе стаяць перада Мною па ўсіх днях”».
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
