Кніга Роду Раздзел 28 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1Тады паклікаў Ізаак Якуба, і дабраславіў яго, і загадаў яму, кажучы: «Не бяры сабе жонкі з дачок Ханаана.

2 Род. 22:23 Устань, ідзі ў Падан-Арам, да сям’і Бэтуэля, бацькі маці тваёй, і вазьмі сабе там за жонку адну з дачок Лабана, дзядзькі твайго.

3А Бог Усемагутны хай цябе дабраславіць і зробіць цябе плодным, і дасць табе шматлікіх нашчадкаў, каб стаўся ты мноствам народаў.

4 Род. 17:4-8 І хай дасць Ён табе дабраславенні Абрагама табе і патомству твайму разам, каб валодаў ты зямлёю вандравання твайго, якую паабяцаў Бог дзеду твайму».

5І выправіў Ізаак яго ў дарогу, і ён пайшоў у Падан-Арам да Лабана, сына Бэтуэля, арамейца, брата Рэбэкі, маці Якуба і Эзава.

6А Эзаў, бачачы, што бацька яго дабраславіў Якуба і паслаў яго ў Падан-Арам, каб адтуль узяў жонку, ды што пасля дабраславення загадаў яму, кажучы: «Не бяры жонкі з дачок Ханаана»,

7і што Якуб, паслухмяны бацькам сваім, пайшоў у Падан-Арам,

8і, пераканаўшыся таксама, што яго бацька не любіць дачок Ханаана,

9пайшоў да Ізмаэля і ўзяў жонку — апрача тых, што меў, — Махалат, дачку Ізмаэля, сына Абрагама, сястру Набаёта.

10А Якуб выйшаў з Бээр-Сэбы і накіраваўся далей у Харан.

11І калі прыйшоў ён да нейкага месца і захацеў там заначаваць, бо ўжо сонца зайшло, падняў ён з камянёў, што ляжалі, і, падклаўшы сабе пад галаву, заснуў на гэтым месцы.

12 Ян. 1:51 І ўбачыў ён ува сне лесвіцу, што абапіралася на зямлю, а верхам дакраналася да неба, і таксама анёлаў Божых, якія ўзнімаліся і спускаліся па ёй.

13 Род. 13:14, 15 І Госпада, Які абапіраўся на лесвіцу і гаварыў яму: «Я — Госпад, Бог Абрагама, бацькі твайго, і Бог Ізаака. Зямлю, на якой спіш, Я дам табе і нашчадкам тваім.

14 Род. 12:3; 22:18; 26:4 І будзе патомства тваё, як пыл зямлі, і ты распаўсюдзішся на захад і на ўсход, на поўнач і на поўдзень. У табе і ў нашчадках тваіх усе пакаленні зямлі будуць дабраславёныя.

15І вось, Я з табою, і буду берагчы цябе, куды б ты ні пайшоў, і прывяду цябе ў гэтую зямлю, і не пакіну цябе, пакуль не споўню, што табе абяцаю».

16Калі Якуб прабудзіўся ад сну, сказаў: «Сапраўды, Госпад прабывае на гэтым месцы, а я не ведаў».

17І, праняты трывогай, сказаў: «Як страшным ёсць гэтае месца! Не што іншае тут, як хіба дом Божы і брама нябесная».

18Дык, устаўшы раніцай, Якуб узяў камень, які падклаў сабе пад галаву, і паставіў як памятны знак, паліўшы зверху алеем.

19І даў імя месцу гэтаму Бэтэль, а раней горад называўся Луз.

20І даў Якуб такую прысягу: «Калі Бог будзе са мной і будзе мяне берагчы ў гэтай дарозе, якою я вандрую, і дасць мне хлеб есці і адзенне апранацца,

21і калі шчасліва вярнуся ў дом бацькі свайго, і Госпад будзе і мне Богам,

22то гэты камень, які я паставіў як памятны знак, будзе домам Бога. І з усяго, што Ты дасі мне, я ахвярую Табе дзесятую частку».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help