Кніга Ярэміі Раздзел 26 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1 2Цар. 23:36–24:6; 2Пар. 36:5-7 На пачатку валадарання Ёакіма, сына Осіі, цара Юдэйскага, было такое слова ад Госпада, што казала:

2«Гэта кажа Госпад: “Стань на панадворку дома Госпада і гавары да ўсіх гарадоў юдэйскіх, з якіх прыходзяць, каб пакланіцца ў доме Госпада, усе словы, якія Я даручыў табе казаць ім, не скарачай слова!

3Можа, паслухаюць і адвернуцца кожны ад сваёй ліхой дарогі, і Я пашкадую аб няшчасці, якое думаю ўчыніць ім дзеля ліхоты ўчынкаў іх”.

4І скажы ім: гэта кажа Госпад: “Калі вы не паслухаеце Мяне, каб паводзіць сябе паводле закону Майго, які Я даў вам,

5каб слухаць словы паслугачоў Маіх, прарокаў, якіх Я пасылаў да вас, падымаючыся ноччу і накіроўваючы, а вы не слухалі,

6 Еш. 18:1; Пс. 78:60; Ярэм. 7:12-14 Я зраблю з домам гэтым, як з Сіло, і горад гэты дам на праклён усім народам зямлі”».

7І пачулі святары, і прарокі, ды ўвесь народ Ярэмію, што гаварыў гэтыя словы ў доме Госпада.

8І калі Ярэмія скончыў гаварыць усё тое, што яму Госпад загадаў аб’явіць усяму народу, схапілі яго святары, і прарокі, і ўвесь народ, кажучы: «Ты мусіш памерці!

9Чаму праракаваў ты ў імя Госпада, кажучы: “Будзе дом гэты такі ж, як Сіло, і горад гэты апусцее, і не будзе ў ім жыхара”?» І ўвесь народ сабраўся вакол Ярэміі ў доме Госпада.

10І князі Юды пачулі гэтыя словы, і выйшлі з палаца царскага ў дом Госпада ды селі ля ўваходу Новай брамы ў доме Госпадавым.

11Тады святары і прарокі звярнуліся да князёў ды ўсяго народа, кажучы: «Чалавек гэты заслугоўвае прысуду смерці, бо праракаваў супраць гэтага горада, як гэта чулі вы на ўласныя вушы».

12І сказаў Ярэмія ўсім князям і ўсяму народу, кажучы: «Госпад паслаў мяне, каб праракаваў я наконт гэтага дому ды наконт гэтага горада ўсімі тымі словамі, якія вы пачулі.

13Цяпер, вось, зрабіце добрымі свае шляхі і свае ўчынкі і слухайце голас Госпада, Бога вашага, тады пашкадуе Госпад аб няшчасці, якое прызначыў Ён на вас.

14Я ж, вось, у вашых руках, рабіце са мной, што вам здаецца добрым і справядлівым.

15Ведайце, аднак, і ўсвядомце, што калі мяне заб’еце, то кроў нявінную ўскладзеце на саміх сябе, на гэты горад і на яго жыхароў. Бо сапраўды паслаў мяне Госпад да вас, каб абвясціць у вушы вашы ўсе гэтыя словы».

16Тады князі і ўвесь народ сказалі святарам і прарокам: «Гэты чалавек не заслугоўвае прысуду смерці, бо прамаўляў да нас у імя Госпада, Бога нашага».

17І падняліся некаторыя паміж старэйшын зямлі, і сказалі ўсяму сходу народа, кажучы:

18 Міх. 3:12 «Міхей з Марэсэта быў прарокам у дні Эзэкіі, цара Юдэйскага, і ён прамаўляў да ўсяго народа юдэйскага, кажучы: “Гэта кажа Госпад Магуццяў: “Сіён будзе заараны, быццам поле, Ерузалім будзе заменены ў кучу камянёў, а гара святыні — у лясныя пагоркі”.

19Ці ж пакараў яго смерцю Эзэкія, цар Юдэйскі, і ўся Юдэя? Ці ж не спалохаліся яны Госпада і ці не маліліся перад абліччам Госпада, і Госпад пашкадаваў аб няшчасці, якое прызначыў на іх? А мы чынілі вялізнае ліха супраць душ нашых!»

20Быў таксама прарок, які праракаваў у імя Госпада, Урыя, сын Сямэі з Карыят-Ярыма. Ён праракаваў супраць гэтага горада і супраць гэтай зямлі паводле ўсіх слоў Ярэміі.

21І пачуў цар Ёакім і ўсе магнаты ды князі яго гэтыя словы; і цар імкнуўся забіць яго; і пачуў пра гэта Урыя, і спалохаўся, і кінуўся наўцёкі, і прыйшоў у Егіпет.

22І паслаў цар Ёакім Эльнатана, сына Ахабора, і разам з ім людзей у Егіпет.

23І вывелі яны Урыю з Егіпта, і прывялі яго да цара Ёакіма, і той ударыў яго мечам ды кінуў труп яго ў магілу прасталюдзінаў.

24 2Цар. 25:22 Аднак абарона Ахікама, сына Сафана, была з Ярэміем, каб яго не аддалі ў рукі народа на смерць.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help