Другая кніга Цароў Раздзел 4 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1А адна ўдава пасярод жонак сыноў прарокаў заклікала Элісея, кажучы: «Мой муж, паслугач твой, памёр, і ты ведаеш, што паслугач твой баяўся Госпада; і, вось, прыйшоў ліхвяр, каб забраць сабе абодвух маіх дзяцей у нявольнікі».

2Элісей сказаў ёй: «Чым мог бы я табе дапамагчы? Скажы мне, што маеш у доме сваім?» А яна адказала: «Паслугачка твая не мае ў доме сваім анічога, апрача збанка з алеем».

3Сказаў ён ёй: «Ідзі, пазыч сабе посуд ва ўсіх сваіх суседзяў, посуд пусты, і набяры яго нямала;

4і вярніся і замкні дзверы за сабою і сынамі сваімі, і адтуль налівай ва ўсе гэтыя пасудзіны, і, напоўненыя, адстаўляй».

5Такім чынам, яна пайшла ад яго, і замкнула дзверы за сабою і за сынамі сваімі; яны падносілі ёй посуд, і яна налівала.

6І, калі ўвесь посуд быў поўны, сказала яна сыну свайму: «Прынясі мне яшчэ посуд». І ён адказаў: «Не маю больш посуду». І спыніўся алей.

7Яна ж пайшла і сказала пра гэта чалавеку Божаму. І ён сказаў ёй: «Ідзі, прадай алей і вярні доўг пазычальніку свайму; а ты і сыны твае жывіце з таго, што засталося».

8А сталася аднаго дня, што Элісей праходзіў праз Сунам. Была ж там багатая жанчына, якая затрымала яго, каб паеў хлеба. І, колькі разоў ён там праходзіў, заходзіў да яе падсілкавацца хлебам.

9Сказала яна мужу свайму: «Я пераканана, што чалавек Божы, які часта праходзіць каля нас, ёсць святы.

10Такім чынам, падрыхтуем малы пакойчык, абгароджаны сцяною, і паставім у ім для яго ложак, і стол, і ўслончык, і падсвечнік, каб, калі зойдзе да нас, застаўся там».

11І сталася аднойчы, што зайшоў ён туды, і падняўся ў пакойчык, і там заначаваў.

12І сказаў ён паслугачу свайму Гэхазі: «Пакліч сунаміцянку гэту». Ён паклікаў яе, і яна стала перад ім,

13ён сказаў паслугачу: «Скажы ёй: вось, ты так рупліва служыла нам ва ўсім; што хочаш, каб я зрабіў для цябе? Можа, заступіцца за цябе ў якой-небудзь справе перад царом або перад кіраўніком войска?» Яна адказала: «Я жыву паміж свайго народа».

14І ён працягваў: «Дык што можна зрабіць для яе?» Гэхазі адказаў: «На жаль, яна не мае сына, і муж яе ўжо стары».

15І ён загадаў: «Пакліч яе!»; калі ён паклікаў яе і яна стала ля дзвярэй,

16 Род. 18:14 ён сказаў ёй: «У гэты час у наступным годзе будзеш песціць сына». А яна адказала: «О гаспадару мой, чалавек Божы, прашу, не падманвай паслугачкі сваёй».

17І жанчына пачала і нарадзіла сына ў наступным годзе ў тую самую пару, як прадказаў ёй Элісей.

18І рос той хлопец; і аднойчы пайшоў ён да свайго бацькі, да жняцоў,

19і сказаў ён свайму бацьку: «Галава мая! Галава мая!» Бацька ж загадаў слузе: «Забяры яго да яго маці!»

20Калі забраў яго паслугач і завёў да маці яго, пасадзіла яна яго на калені свае да паўдня, і ён памёр.

21Яна ж пайшла, і паклала яго ў ложак чалавека Божага, і замкнула за сабой дзверы, і, выйшаўшы,

22паклікала яна мужа свайго і сказала: «Адпраў са мною, прашу, аднаго з паслугачоў і асліцу, каб пайшла я да чалавека Божага і пасля вярнулася».

23Ён сказаў ёй: «Чаму ідзеш да яго сёння? Не маладзік жа цяпер, ані субота?» Яна сказала: «Добра».

24І, асядлаўшы асліцу, сказала свайму слузе: «Вядзі! Паехалі! Не затрымлівайся ў дарозе, пакуль не скажу табе».

25І паехала, і прыбыла да чалавека Божага на гару Кармэль. І, калі чалавек Божы ўгледзеў яе насупраць, сказаў слузе свайму Гэхазі: «Гэта тая сунаміцянка.

26Пабяжы насустрач ёй і спытай у яе: “Ці здаровая ты? Ці здаровы муж твой? Ці здаровы сын твой?”» Яна адказала: «Здаровыя».

27І, калі прыйшла яна на гару да чалавека Божага, абняла ногі яго, а Гэхазі падышоў, каб адпіхнуць яе, і сказаў яму чалавек Божы: «Пакінь яе, бо душа яе ў горы вялікім, а Госпад схаваў гэта ад мяне і не паведаміў мне».

28Яна яму сказала: «Ці я прасіла ў гаспадара майго сына? Ці ж я табе не казала: “Не падманвай мяне?”»

29 Лк. 10:4 І ён сказаў Гэхазі: «Падперажы сцёгны свае, і вазьмі ў руку сваю кій мой, і ідзі! Калі напаткаеш каго, не вітайся з ім і, калі цябе хто прывітае, не адказвай яму. І пакладзеш кій мой на твар хлопчыка».

30Але маці хлопца сказала: «Жыве Госпад і ты жыві, не пакіну цябе!» Такім чынам, ён устаў і пайшоў з ёю.

31А Гэхазі апярэдзіў іх, і паклаў кій на твар хлопца, і не было ані голасу, ані знака жыцця; і Гэхазі пайшоў насустрач яму, і паведаміў яму, кажучы: «Хлопец не прачнуўся».

32Такім чынам, увайшоў Элісей у дом, і, вось, хлопец ляжаў мёртвы на ложку яго;

33і ўвайшоў ён, і замкнуў дзверы за сабою, і маліў Госпада.

34 1Цар. 17:21 І падышоў, і лёг на хлопца, і прытуліў вусны свае да вуснаў хлопца, і вочы свае — да яго вачэй, і рукі свае — да яго рук, і прытуліўся да яго, і сагрэлася цела хлопца.

35А ён зноў хадзіў па доме ўзад і ўперад, і вярнуўся назад, і прытуліўся да яго, і хлопец чхнуў сем разоў і расплюшчыў вочы.

36І паклікаў ён Гэхазі, і сказаў яму: «Пакліч сунаміцянку гэту». Той паклікаў яе, і яна ўвайшла да яго. Ён сказаў: «Вазьмі сына свайго».

37Яна ўвайшла, і ўпала да ног яго, і пакланілася да зямлі, і ўзяла сына свайго і выйшла.

38І Элісей вярнуўся ў Галгал. Быў жа голад у той зямлі, і сыны прарокаў сядзелі пры ім. І ён сказаў слузе свайму: «Пастаў вялікі кацёл і звары поліўку для сыноў прарокаў».

39І выйшаў адзін з іх на поле назбіраць зеляніны; і знайшоў ён дзікую расліну павітуху, і назбіраў з яе дзікіх пладоў. І напоўніў імі плашч свой, і вярнуўся ён, і накідаў іх у кацёл з поліўкай; а ён не ведаў, што гэта была за расліна.

40І налілі людзям есці. І калі яны пакаштавалі стравы, закрычалі ўголас: «Смерць у катле, чалавеча Божы!» І не маглі есці.

41І ён сказаў: «Прынясіце мукі». І насыпаў ён яе ў кацёл, і сказаў: «Налі людзям, і хай ядуць». І ўжо ў катле не было нічога атрутнага.

42І прыйшоў нейкі чалавек з Баал-Саліса, і прынёс чалавеку Божаму хлеб з пяршыняў: дваццаць хлябоў ячменных ды свежае збожжа ў сваім мяху. І загадаў Элісей: «Дай людзям, і хай яны ядуць».

43Але паслугач яго адказаў: «Як я пакладу гэта сотні людзей?» А ён сказаў: «Дай людзям, і хай ядуць. Бо так загадаў Госпад: “Ежце, і застанецца яшчэ”».

44Такім чынам, ён падаў ім, і яны наеліся, і яшчэ засталося паводле слова Госпада.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help