Першая кніга Самуэля Раздзел 18 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1 1Сам. 20:17 І сталася, калі Давід скончыў размову з Саўлам, што душа Ёнатана прыхілілася да душы Давіда, і палюбіў яго Ёнатан, як душу сваю.

2І з таго дня ўзяў яго Саўл да сябе і не адпускаў яго, каб ён вярнуўся ў дом бацькі свайго.

3 1Сам. 19:1; 20:17 Завязалася ж у Ёнатана з Давідам сяброўства; бо палюбіў ён яго, як сваю душу.

4І зняў з сябе Ёнатан шаты, у якія быў апрануты, і аддаў іх Давіду, і астатняе адзенне сваё, і нават меч і лук свой, і нават пояс.

5І хадзіў Давід па ўсё, па што пасылаў яго Саўл, і ўсюды меў поспех; і паставіў яго Саўл над ваярамі, і падабаўся ён усім людзям, а таксама паслугачам Саўла.

6Затым, калі вярталіся ваяры, калі вяртаўся Давід, ударыўшы філістынца, выйшлі жанчыны з песнямі і танцамі насустрач цару Саўлу, з тымпанамі, і песнямі радаснымі, і з трашчоткамі.

7 1Сам. 21:11; 29:5 І спявалі жанчыны, радуючыся і кажучы: «Пабіў Саўл свае тысячы, а Давід свае дзесяткі тысяч».

8Дык Саўл надта ўзлаваўся, і не падабаліся яму гэтыя словы, і сказаў ён: «Давіду даюць дзесяткі тысяч, а мне даюць толькі тысячы; чаго яму не хапае, акрамя царавання?»

9Ад таго дня і далей глядзеў Саўл на Давіда крывым вокам.

10 1Сам. 19:9, 10 А на другі дзень апанаваў Саўла ліхі дух, спасланы Богам, і ён шалеў у доме сваім; а Давід, як штодзень, граў рукою сваёю, а Саўл трымаў дзіду ў руцэ.

11І кінуў ён дзіду, думаючы, што можа прыбіць Давіда да сцяны; але Давід ухіліўся, і было так двойчы.

12І баяўся Саўл Давіда, бо Госпад быў з ім, а ад яго адвярнуўся.

13Дык адсунуў Саўл яго ад сябе і прызначыў яго кіраўніком над тысячай чалавек; і ён хадзіў і вяртаўся на вачах у народа.

14Таксама на ўсіх шляхах сваіх дзейнічаў Давід паспяхова, і Госпад быў з ім.

15І ўбачыў Саўл, што дзейнічае ён вельмі паспяхова, і стаў дрыжаць перад ім;

16увесь жа народ Ізраэля і Юды любіў Давіда, бо ён хадзіў і вяртаўся на вачах іх.

17А Саўл сказаў Давіду: «Вось, маю я старэйшую дачку Мэраб, дам яе табе за жонку; але будзь у мяне мужным чалавекам і вядзі войны Госпада». А Саўл думаў, кажучы: «Калі не мая рука на яго ляжа, то хай будзе на ім рука філістынцаў».

18А Давід сказаў Саўлу: «Хто я, або якое жыццё маё, або які род бацькі майго ў Ізраэлі, каб быць мне зяцем цара?»

19Але калі наблізіўся час аддаць Мэраб, дачку Саўла, Давіду, аддадзена была яна за жонку Гадрыэлю з Мэхолы.

20Але другая дачка Саўла, Міхол, пакахала Давіда, і было пра гэта сказана Саўлу, і спадабалася гэта яму;

21і сказаў Саўл: «Аддам яму яе, каб была яна яму на загубу і каб была на ім рука філістынцаў». Такім чынам, другі раз сказаў Саўл Давіду: «Сёння будзеш маім зяцем».

22І загадаў Саўл паслугачам сваім: «Пагаварыце з Давідам таемна, кажучы яму: “Вось, ты падабаешся цару, і ўсе яго паслугачы любяць цябе; дык будзь зараз зяцем цара”».

23І гаварылі ўсе гэтыя словы паслугачы Саўла ў вушы Давіда, і Давід сказаў: «Ці ж вам здаецца, што я раўня быць зяцем цара? Я ж чалавек бедны і нязначны».

24І паведамілі паслугачы Саўлу: «Вось гэтак сказаў Давід».

25А Саўл сказаў: «Вось, кажучы, так скажыце Давіду: “Цар не патрабуе ніякай платы за нявесту, але толькі сто крайніх плоцяў філістынскіх, каб адпомсціць ворагам цара”». Саўл бо думаў выдаць Давіда ў рукі філістынцаў.

26Калі паслугачы цара пераказалі Давіду словы, якія сказаў Саўл, спадабалася гэтая прамова Давіду, каб стацца зяцем цара.

27І яшчэ не скончыліся прызначаныя дні, калі Давід пайшоў з ваярамі сваімі і забіў дзвесце філістынцаў, і прынёс крайнія плоці іх, і адлічыў іх цару, каб быць яго зяцем. І аддаў Саўл дачку сваю Міхол за жонку яму.

28І ўбачыў Саўл, і зразумеў, што Госпад ёсць з Давідам, а Міхол, дачка Саўла, кахала яго.

29І тым больш пачаў Саўл баяцца Давіда; і стаўся Саўл ворагам Давіду на ўсё жыццё.

30А кіраўнікі філістынцаў выходзілі ваяваць; але колькі разоў нападалі яны, Давід з поспехам перамагаў іх лепш, чым усе паслугачы Саўла, і вельмі слаўным сталася імя яго.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help