1 2Цар. 15:1-7; 15:32–16:20; 18:1–20:21; 2Пар. 26:1–32:33 Бачанне Ісаі, сына Амоса, якое бачыў ён адносна Юды і Ерузаліма ў дні Озіі, Ёатама, Ахаза і Эзэкіі, цароў Юдэйскіх.
2Слухайце, нябёсы, і ты, зямля, настаў вушы, бо Госпад прамаўляе: «Выкарміў сыноў і ўзвысіў, а яны пайшлі супраць Мяне.
3Вол пазнае гаспадара свайго, і асёл — стойла ўласніка свайго, а Ізраэль не пазнаў, народ Мой не зразумеў.
4Гора народу грэшнаму, народу, абцяжаранаму беззаконнем, племю разбэшчанаму, дзецям пагібельным! Яны пакінулі Госпада, пагардзілі Святым Ізраэлевым, павярнуліся спіной.
5Дзе вас яшчэ ўдарыць, калі множыце злачынствы? Уся галава хворая, і ўсё сэрца млоснае;
6ад ступні нагі аж да чуба галавы няма на ім месца здаровага: раны, і сінякі, і апухлыя шнары, не агледжаныя, не перавязаныя і алеем не злагоджаныя.
7Зямля ваша спустошана, гарады вашы агнём папалены: чужынцы топчуць палеткі вашы на вачах вашых; і апусцела, як па знішчэнні варожым.
8Дачка Сіёна пакінута, як палатка ў вінаградніку, як шалаш у агародзе, як горад у аблозе».
9 Род. 19:24; Рым. 9:29 Калі б Госпад Магуццяў не пакінуў нам семя, сталіся б мы, як Садом, былі б падобныя да Гаморы.
10Слухайце слова Госпада, князі садомскія, успрыміце вушамі закон Бога нашага, народ Гаморы!
11 Ам. 5:21, 22 «Што Мне безліч ахвяр вашых? — кажа Госпад. — Я здаволены цэласпаленнямі бараноў і тлустасцю адкормленых жывёл; не хачу Я крыві цялячай, ані ягнячай, ані казлінай.
12Калі прыходзіце ў прысутнасць Маю, хто чакае гэтага з рук вашых і каб вы тапталі панадворак Мой?
13Не складайце больш ахвяры пустой! Каджэнне абрыдла Мне, свята маладзіка, шабат, урачысты сход; не магу вытрываць злачынства побач са святочным зборышчам;
14брыдзіцца душа Мая вашымі святамі маладзіка і ўрачыстасцямі. Сталіся яны Мне цяжарам, мучуся, іх пераносячы!
15 Высл. 1:28; Ярэм. 11:11; Міх. 3:4 Калі выцягнеце рукі вашы, адвярну вочы Мае ад вас, і нават калі вы павялічыце малітвы, не выслухаю. Рукі бо вашы поўныя крыві.
16Абмыйцеся, будзьце чыстымі! Прыміце ліхасць учынкаў вашых з вачэй Маіх! Перастаньце рабіць зло!
17 Пс. 82:4 Навучыцеся рабіць дабро, рупцеся пра справядлівасць, дапамагайце пакрыўджанаму, заступайцеся за сірот, абараняйце ўдаву!
18Тады прыходзьце і давайце спрачацца па справядлівасці, — кажа Госпад. — Хоць бы грахі вашы былі, як пурпур — як снег, пабялеюць; хоць бы былі чырвоныя, як кармазын, — стануцца белымі, як воўна.
19Калі захочаце і будзеце слухаць Мяне, будзеце спажываць даброцці зямлі.
20А калі не захочаце і Мяне давядзеце да гневу, вынішчыць вас меч, бо так сказалі вусны Гопада!»
21Як жа гэта горад верны, поўны праўды, стаўся распусным? Справядлівасць пражывала ў ім, а цяпер, вось, забойцы.
22Срэбра тваё стала вугалем, віно тваё змяшалася з вадою.
23 Ярэм. 5:28 Князі твае няверныя, супольнікі зладзеяў; яны ўсе любяць дарункі і гоняцца за аднагародаю, а не спагадаюць сіраце, справа ўдоў да іх не даходзіць.
24Дзеля таго кажа Валадар, Госпад Магуццяў, Моцны Ізраэлеў: «О, пацешуся з ворагаў Маіх і буду патрабаваць помсты непрыяцелям Маім.
25І павярну Я руку Маю на цябе, і выпалю ўсю чыста руду тваю, і аддзялю ўсё волава тваё.
26І зноў зраблю суддзяў тваіх такімі, як былі раней, і радных тваіх, як былі ў даўнасці. Пасля таго назавуць цябе горадам справядлівасці, сталіцай вернай».
27Сіён адкупіцца законнасцю, а тыя, хто ў ім навярнуліся, — справядлівасцю;
28і будзе пагібель злачынцам і грэшнікам разам, і тыя, хто пакінулі Госпада, — будуць знішчаны.
29Сапраўды, сорамна будзе вам дзеля тэрэбінітаў, на якія любуецеся, і засаромеецеся дзеля садоў, якія сабе выбралі.
30Бо станецеся, як дуб з завялым лісцем ды як агарод без вады,
31і станецца сіла ваша, як попел пакулля, і справа — як знічка, і загарацца абое разам, і не будзе каму тушыць».
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
