Кніга Лічбаў Раздзел 15 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1Казаў Госпад Майсею, гаворачы:

2«Паведамі сынам Ізраэля і скажы ім: “Калі ўвойдзеце ў зямлю пражывання вашага, якую Я дам вам,

3і будзеце складаць ахвяру Госпаду, цэласпаленні або ахвяру, выконваючы абяцанні, або прыносячы добраахвотна дары, або ў час святкаванняў вашых, выкурваючы прыемны Госпаду пах з валоў ці авечак,

4хай той, хто прыносіць ахвяру, прынясе ў ахвяру з ежы дзесятую частку эфы пшанічнай мукі, запраўленай алеем, што мае колькасць чацвёртай часткі гіна,

5як ахвяру з вадкасці павінен даць разам з ахвярай цэласпалення або з ахвярай прымірэння чацвёртую частку гіна віна на кожнае ягня.

6Да бараноў хай будзе ахвяра з дзвюх трэціх эфы пшанічнай мукі, якая хай будзе запраўлена трэцяй часткай гіна алею,

7а да паху, прыемнага Госпаду, хай прынясе віна для ўзлівання — трэцюю частку таго ж памеру.

8Калі складзеце цэласпаленне з бычкоў або ахвяру, каб споўніць абяцанне, або ў ахвяру прымірэння Госпаду,

9дай па адным бычку на тры дзесятыя часткі эфы пшанічнай мукі, запраўленай паловай гіна алею,

10і віна для ўчынення ўзліванняў той жа колькасці ў ахвяру дзеля паху, найпрыемнейшага для Госпада.

11Так трэба рабіць пры кожнай ахвяры з бычка або барана, або авечак, або коз.

12Паводле ліку ахвяр, якія вы складаеце, так рабіце пры кожнай, паводле ліку іх.

13Кожны тутэйшы па тым жа парадку хай прыносіць ахвяру з агню дзеля паху, прыемнага для Госпада.

14А ўсякі чужаземец, што пражывае ў вас, або які пасяліўся сярод вас у пакаленнях вашых, хай складае ахвяру з агню дзеля паху, прыемнага Госпаду, тым жа чынам, што і вы.

15 Вых. 12:49; Святар. 24:22; Ліч. 9:14 Адна пастанова хай будзе для вас і для чужаземцаў ва ўсе пакаленні вашы перад Госпадам.

16 Паўт. Зак. 1:16 Адзін закон і адно прыказанне хай будзе як для вас, так і для чужаземцаў, што прабываюць у вас”».

17Казаў Госпад Майсею, гаворачы:

18«Аб’яві сынам Ізраэля і скажы ім: “Калі вы прыйдзеце ў зямлю, якую Я вам дам,

19і калі будзеце есці хлеб з той зямлі, то аддзяліце перш асаблівы дар Госпаду.

20Ад першага цеста вашага пірог прынясіце як асаблівы дар з току.

21Будзеце складаць пяршыні цеста як асаблівы дар Госпаду ва ўсе пакаленні вашы.

22Калі праз няведанне вы не споўніце што-небудзь з таго, што перадаў Госпад праз Майсея

23і загадаў вам праз яго, ад дня, у які Госпад загадаў гэта, і далей да пакаленняў вашых,

24 Святар. 4:13 калі будзеце вы далёка ад вачэй грамады, хай грамада складзе ў ахвяру цэласпалення цяля са статка дзеля паху, прыемнага Госпаду; і ахвяру на ўзліванні да яго, як патрабуе цырымонія, і казла за грэх.

25Хай святар ачысціць усю супольнасць сыноў Ізраэля, і хай будзе ім адпушчана, бо яны зграшылі не добраахвотна, і ўсё ж прыносячы ахвяру агню для Госпада за сябе, і за грэх, і за памылку сваю.

26І хай адпушчана будзе ўсёй супольнасці сыноў Ізраэля, і чужаземцам, што пражываюць сярод іх, бо была гэта віна ўсяго народа па няведанні.

27 Святар. 4:27-31 Бо калі адна душа грашыць па няведанні, то хай прынясе аднагадовую казу за грэх свой.

28І святар хай ачысціць яе за тое, што па няведанні зграшыла перад Госпадам; і ён ачысціць яе, і хай будзе адпушчана ёй.

29 Вых. 12:49; Святар. 24:22 Хай будзе адзін закон для ўсіх, як для тутэйшых, так і для чужаземцаў, для тых, хто зграшыў па няведанні.

30А душа, якая ўчыніла што-небудзь свядома, ці то тутэйшы, ці то чужаземец, бо была бунтаром супраць Госпада, будзе вынішчана душа тая з народа свайго.

31Бо яна пагрэбавала словам Госпада і парушыла прыказанне Яго; таму будзе яна знішчана і панясе адказнасць за грэх свой”».

32І здарылася, калі сыны Ізраэля прабывалі ў пустыні і напаткалі чалавека, што збіраў дровы ў дзень суботы,

33яны прывялі яго да Майсея і Аарона і да ўсёй грамады,

34якія ўзялі яго пад варту, не ведаючы, што з ім павінны зрабіць.

35І Госпад сказаў Майсею: «Гэты чалавек павінен памерці; хай уся грамада ўкамянуе яго па-за лагерам».

36І калі яны вывелі яго па-за лагер, укаменавалі яго, як загадаў Госпад, і памёр ён.

37І зноў кажа Госпад Майсею:

38 Паўт. Зак. 22:12 «Аб’яві сынам Ізраэля і скажы ім, каб зрабілі сабе махры па краях шатаў сваіх, укладваючы ў іх стужкі фіялетавыя.

39Калі іх убачыце, прыгадаеце ўсе прыказанні Госпада і споўніце іх, і не ідзіце за думкамі вашымі і вачамі, якія аддаюцца распусце праз розныя рэчы,

40але, памятаючы ўсе Мае прыказанні, спаўняйце іх, і будзеце святымі перад Богам вашым.

41 Святар. 11:45 Я — Госпад, Бог ваш, Які вывеў вас з зямлі Егіпецкай, каб быць Богам вашым. Я — Госпад, Бог ваш!»

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help