Кніга Суддзяў Раздзел 14 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1І пайшоў Самсон у Тамну, і, убачыўшы там жанчыну з дачок філістынскіх,

2ён вярнуўся, і заявіў бацьку свайму і маці, кажучы: «У Тамне бачыў я жанчыну з дачок філістынскіх, прашу, каб вы ўзялі яе мне за жонку».

3Бацька і маці яго сказалі яму: «Ці ж няма жанчыны між дачок братоў тваіх і ва ўсім народзе тваім, што захацеў ты ўзяць сабе жонку ў філістынцаў, якія неабрэзаныя?» І сказаў Самсон бацьку свайму: «Вазьмі яе мне, бо ўпадабалі яе вочы мае».

4Бацькі ж яго не ведалі, што гэта справа Госпада і што Ён шукае прычыны выступіць супраць філістынцаў. Бо ў той час філістынцы валадарылі над Ізраэлем.

5І пайшоў Самсон з бацькам сваім і маці ў Тамну. І, калі падыходзілі яны да вінаграднікаў горада, выскачыў з рыкам малады леў і пабег насустрач яму.

6І сышоў тады на Самсона Дух Госпадаў, і ён разадраў ільва на кускі, як казляня, зусім нічога не маючы ў руках. Але бацьку і маці аб гэтым не пажадаў сказаць.

7І прыйшоў, і размаўляў з жанчынай, якую ўпадабалі яго вочы.

8І па нейкім часе, калі ён вяртаўся, каб забраць яе, ён сышоў у бок, каб убачыць труп ільва; і вось, рой пчол быў на яго целе і пчаліныя соты з мёдам.

9І, узяўшы іх у рукі, ён еў мёд у дарозе; і, вярнуўшыся да бацькі свайго і маці, ім даў частку, каб і яны пакаштавалі. Але не хацеў ім казаць, што мёд узяў з цела льва.

10Дык бацька яго пайшоў да тае жынчыны, і справіў там Самсон банкет, бо так звычайна робяць нарачоныя.

11А калі жыхары таго месца ўбачылі яго, яны далі яму трыццаць вясельных сяброў, якія былі пры ім.

12Сказаў ім Самсон: «Загадаю я вам загадку: калі разгадаеце мне яе за сем дзён банкету, дам я вам трыццаць шатаў ільняных і столькі ж тунікаў.

13А калі не зможаце разгадаць, вы дасцё мне трыццаць шатаў ільняных і такую ж колькасць тунікаў». Яны адказалі яму: «Загадвай сваю загадку, каб мы паслухалі яе».

14І ён сказаў ім: «З таго, хто есць, выйшла ежа, а з дужага выйшла слодыч». І тры дні не маглі яны адгадаць загадку.

15А калі надышоў чацвёрты дзень, сказалі яны жонцы Самсона: «Прылашчы мужа свайго і ўгавары яго, каб ён сказаў табе, што азначае загадка; калі не пажадаеш зрабіць гэта, спалім цябе і дом бацькі твайго: ці вы таму запрасілі нас сюды, каб абрабаваць нас?»

16Ліла слёзы жонка Самсона перад ім і скардзілася, кажучы: «Ненавідзіш ты мяне і не любіш, таму загадку, якую загадаў сынам народа майго, не хочаш мне растлумачыць». А ён адказаў: «Нават бацьку свайму і маці не жадаю гаварыць аб гэтым, а як магу табе растлумачыць?»

17Дык яна плакала перад ім сем дзён, калі спраўлялі банкет: сёмага дня ўрэшце растлумачыў ён ёй загадку, бо яна вельмі дакучала яму. А яна адразу ж перадала гэта суайчыннікам сваім.

18І яны сёмага дня перад захадам сонца сказалі яму: «Што саладзейшае за мёд, і хто дужэйшы за льва?» Ён ім сказаў: «Калі б вы не аралі ялаўкай маёй, не разгадалі б маёй загадкі».

19Тады сышоў на яго Дух Госпадаў, і ён пайшоў у Аскалон, і забіў там трыццаць чалавек: знятае з іх адзенне аддаў ён тым, якія разгадалі загадку. І, разгневаны дужа, вярнуўся ў дом бацькі свайго.

20Жонка ж Самсонава выйшла за аднаго з вясельных сяброў яго.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help