Кніга Выхаду Раздзел 35 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1 Вых. 34:32 Такім чынам, сабраўшы ўсю грамаду сыноў Ізраэля, ён сказаў ім: «Вось што загадаў Госпад, каб споўнілася.

2 Вых. 20:8-11; 23:12; 31:15; 34:21; Святар. 23:3; Паўт. Зак. 5:12-14 Шэсць дзён працуйце, а сёмы дзень хай будзе вам святы, субота і адпачынак для Госпада; хто будзе працаваць у той дзень, загіне.

3Не распальвайце агню ў дзень суботні ва ўсіх жытлах вашых».

4І сказаў Майсей усёй грамадзе сыноў Ізраэля: «Вось што загадаў Госпад, кажучы:

5“Вылучыце ў сябе дары для Госпада”. Кожны добраахвотна і са шчыраю душою хай зложыць гэта для Госпада: золата, і срэбра, і медзь,

6і пурпур, і гіяцынт, і чырвань і вісон, казіную поўсць

7і шкуры бараноў, пафарбаваныя ў чырвоны колер, і шкуры сінія, таксама дрэва акацыі

8і алей для каганцоў, і вострыя духмяныя рэчывы, каб прыгатаваць алейкі і найсаладзейшае курэнне,

9камяні оніксавыя і самацветы на аздабленне эфода і нагрудніка.

10 Вых. 39:32-43 Хто з вас мудры, хай прыйдзе і робіць, што загадаў Госпад, гэта значыць:

11скінію і палатку яе, і пакрыцце, аплікі і дошкі з жэрдкамі, слупы і падножжы іх;

12каўчэг і жэрдкі, перамольню і заслону, якая вешаецца перад ёй;

13стол з жэрдкамі, і з пасудзінамі, і з хлябамі пакладнымі;

14падсвечнік, каб падтрымліваць лямпы, пасудзіны яго, і лямпы, і алей на сілкаванне лямп;

15ахвярнік каджэння і жэрдкі, і алей для намашчэння, і кадзіла з вострых духмяных рэчываў; заслону на ўваход у палатку;

16ахвярнік цэласпалення і ягократы медныя з жэрдкамі і пасудзінамі яго, таз з яго падножжам;

17заслона для ўваходу ў панадворак са слупамі і падножжамі;

18калкі скініі і панадворка з ланцужкамі іх;

19шаты тканыя, што ўжываюцца ў час служэння ў свяцілішчы, святыя шаты для Аарона святара і шаты для сыноў яго, каб служылі Мне святарамі».

20Адышоў з вачэй Майсея ўвесь сход сыноў Ізраэля,

21і прыйшоў кожны, хто быў з найшчырэйшай душою, і прынёс добраахвотна дары для Госпада на пабудову палаткі сустрэчы і што трэба было для служэння і шатаў святых.

22Мужчыны і жанчыны, усе добраахвотна прыносілі заколкі і завушніцы, пярсцёнкі і бранзалеты; і ўсякая залатая рэч была выдзелена ў дар Госпаду.

23Калі хто меў гіяцынт і пурпур, чырвань, вісон і казіную поўсць, барановы шкуры, пафарбаваныя ў чырвоны колер, і шкуры сінія,

24металы срэбра і медзі, дрэва акацыі на ўсякі ўжытак, прыносілі Госпаду.

25Таксама і жанчыны ўмелыя далі тое, што пралі: гіяцынт і пурпур, і чырвань, і вісон,

26і казіную поўсць, добраахвотна ўсе прыносячы.

27А кіраўнікі прынеслі камяні оніксавыя, і самацветы для аздаблення эфода і нагрудніка,

28і вострыя духмяныя рэчывы, і алей, каб зрабіць каганцы, і каб прыгатаваць алейкі, і каб скласці кадзіла з найсаладзейшым пахам.

29Усе мужчыны і жанчыны са шчырай душою прынеслі дары, каб адбыліся справы, якія Госпад загадаў праз пасрэдніцтва Майсея. Усе сыны Ізраэля прысвяцілі Госпаду добраахвотныя дары.

30 Вых. 31:1-11 І Майсей прамовіў да сыноў Ізраэля: «Вось, Госпад паклікаў па імені Бесэлеэля, сына Ура, сына Гура з пакалення Юды;

31і напоўніў яго Духам Божым, мудрасцю, і ўмеласцю, і ведамі на ўсякую справу,

32каб разумець і вырабляць з золата, срэбра і медзі,

33каб разрэзваць і ўстаўляць каштоўныя камяні і каб рэзаць па дрэве — усё, што магчыма зрабіць па-майстэрску.

34Уклаў таксама ў сэрца яго, каб ён вучыў іншых, у яго самога і ў Агаліяба, сына Ахісамаха з пакалення Дана.

35Напоўніў Ён іх абодвух мудрасцю, каб рабілі работу мастацкую ткача і вышывальшчыка па гіяцынце і пурпуры, і чырвані, і вісоне, і звычайнага ткача, што выконвае ўсякую работу і вынаходзіць штосьці новае».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help